Выбрать главу

– Што здарылася з Руткоўскім? – спытаў паліцыянт, худы і ўедлівы

– Не ведаю.

– Ты ж вывез яго з аблогі.

– Так, вывез, але пасля мы разышліся ў розныя бакі. Я пайшоў да маці, а ён да сваёй каханкі, – схлусіў Тадзік.

– А дзе ў яго была каханка?

– Не ведаю, ён яе ніколі не называў, але, калі адлучаўся з базы, казаў, што ідзе да яе. Я думаў, што ён так жартаваў.

– Мы знайшлі яго на базе.

– Калі знайшлі, дык і спытайце ў яго пра ўсё, што вас цікавіць.

– Спытаем, – нездаволена буркнуў паліцыянт, – вывесці затрыманага!

Тадзіка памясцілі ў адзіночную камеру, яшчэ разы тры выклікалі на допыт, а пасля быццам зусім забыліся пра яго. За кратамі ўжо растаў снег, з зямлі прабівалася маладая трава, шчабяталі птушкі, невыносна было трываць няволю. І ён прыдумаў, як можа вызваліцца з цямніцы. Пастукаў у дзверы і сказаў наглядчыку, што хоча зрабіць заяву. Праз гадзіну яго завялі да тых самых паліцыянтаў, якія дапытвалі яго ў першыя дні пасля арышту.

– Слухаем цябе, – сказаў худы і ўпіўся вачамі ў Тадзіка.

– Мой бацька служыў арганістам пры касцёле. Калі пачалася вайна, у 1939 годзе ксёндз і мой бацька схавалі касцёльныя каштоўнасці на званніцы, замуравалі іх у нішу.

– Можаш паказаць?

– Магу. А што мне за гэта будзе?

– Не ведаю, суд вырашыць. Рыхтуйся, павядзеш нашых людзей.

– Заўсёды гатовы. Толькі хацелася б хоць гадок ці два волі купіць за тое золата…

– Які гандляр знайшоўся, – пасміхнуўся паліцыянт і загадаў вывесці арыштанта.

На другі дзень два польскія вайскоўцы на возе прывезлі Тадзіка да касцёла.

– Ну, хто са мною? – спытаў Тадзік.

Абодва вайскоўцы злезлі з воза і павялі хлопца да званніцы. Адзін застаўся ўнізе, другі пайшоў разам з арыштантам па лесніцы ўверх да званоў. Падняліся на самую верхнюю пляцоўку.

– Ну, дзе твой скарб? – спытаў жаўнер.

– Ды вось жа ён, тут замураваны.

Тадзік нахіліўся каля сцяны, вайсковец падаўся за ім. І тут Тадзік нечакана выпрастаўся і штурхнуў з усяе сілы жаўнера, так што ён пакаціўся ўніз па лесвіцы і зваліўся на другога ахоўніка. Абое яны ці пакалечыліся, ці проста разгубіліся і кешкаліся ўнізе. Аўтамат, упушчаны ахоўнікам, валяўся на падлозе. Арыштант падхапіў яго, закінуў за плячо, схапіўся за вяроўку, прывязаную да самага вялікага звона, праз арку вылез вонкі, апусціўся, колькі здолеў, уніз па сцяне, а пасля скокнуў на зямлю і пабег толькі яму аднаму вядомаю сцежкаю да старой грушы. Аддыхаўся, прыслухаўся, ці хто даганяе. Засмяяўся, уяўляючы, як расчаруюцца ў ім паліцыянты, як ім будзе сорамна, што купіліся на пустую лухту маладога хлопца. Азіраючыся, перайшоў поле і дарогу. Схаваўся да ночы ў лесе, а пасля накіраваўся на хутар да Ванды. Пра яе ніхто не ведаў у атрадзе. Руткоўскага няма. На світанку ён пастукаў у акно. Ванда з’явілася за шыбай, здзіўлена ўсміхнулася. А праз хвіліну ён ужо цалаваў яе руку. Абняць так і не адважыўся.

– Які ранні госць! Тадзік, чаму ты так доўга не прыходзіў?

"Яна мяне чакала, – узрадавана падумаў хлопец. – Чаго ж я бадзяўся па свеце невядома чаго, калі мне даўно трэба было знайсці прытулак каля каханай жанчыны?.."

– Увесь час збіраўся, ды ўсё нешта замінала, але цяпер я надоўга, пакуль шаноўная пані не прагоніць.

– Што ты такое кажаш? Ды ты мне ўжо радней за брата.

"Зноў называе братам. Мусіць, сама саромеецца сваіх пачуццяў. Пабачым, што будзе далей", – падумаў ён.

– Як вы тут пажываеце? Як Алік?

– Так-сяк пажываем, Алік расце. Хадзем у хату…

Яны ўвашлі ў пакой, які тануў у ранішнім паўзмроку. На ложку, раскідаўшы ручкі, спаў хлопчык.

– Добры дзень, Алік, – прашаптаў госць. – Прабач, я нават гасцінца дзіцяці не прыпас.

– Адкуль ты?

– Уцёк з турмы, – шчыра прызнаўся ён.

– Цябе будуць шукаць?

– Так, але пра цябе ні адна душа не ведае.

– А дзе Руткоўскі?

– Загінуў, шмат нашых палегла, шмат трапіла ў палон, не выйшлі з аблогі.

– Царства ім нябеснае і зямля пухам, – перажагналася Ванда. – Што ж, жывым трэба жыць. Я схаваю цябе, што ні адзін сабака не знойдзе.

– Не трэба вельмі хаваць. Скажаш суседзям, што наняла работніка, ды і будзем патроху сеяць хлеб ды збіраць ураджай.

– Ах, Тадзік, чаму такое несправядлівае жыццё? – Ванда прыпала да яго грудзей і заплакала. – Чаму нам нельга спакойна і шчасліва жыць на свеце, гадаваць дзяцей? Чым мы грэшныя перад Богам?

Ён асцярожна, быццам баючыся, абняў яе за плечы, прытуліў да сябе і прашаптаў: