Выбрать главу

– Мы нешта прыдумаем. Пераедзем куды-небудзь далей ад гэтых мясцін, я зраблю паперы на тваё прозвішча. Неяк вырашым гэтую праблему, толькі трэба трохі перачакаць.

– Праўда, ты зноўдзеш выйсце, – яна ўзняла на яго ўсцешаныя вочы, і ён не стрымаўся, пацалаваў яе нясмела і пяшчотна.

Яна адказала яму пякучым, прагным пацалункам, а пасля ён доўга не выпускаў яе з абдымкаў, піў і ніяк не мог наталіцца яе пяшчотаю, пакуль у сне не пачаў нешта мармытаць і варочацца Алік.

76

Тадзік пражыў у Ванды да восені. Ніхто іх не турбаваў і не цікавіўся асобаю работніка, нанятага гаспадыняю. Ды і ён стараўся асабліва нікому на вочы не трапляць. Усялякую справу рабіў або ўдосвеці, або позна ўвечары. А ўдзень звычайна сядзеў у хаце ды бавіўся з Алікам. Аўтамат заўсёды трымаў пры сабе пад сеннікам.

Па абедзе Ванда капала бульбу ў агародзе. Да яе падышлі два чалавекі ў цывільным. Павіталіся і спыталі:

– Дзе ваш найміт, пані?

– Нашто ён вам? – насцярожылася Ванда.

– Хочам на зіму наняць на працу.

– Ён мне самой трэба.

– Дзіва што, такі хлопец усім трэба, – двухсэнсоўна намякнуў хударлявы мужчына.

Ванда зразумела, што ад гэтых някліканых гасцей не адкараскацца і Тадзіка няма як папярэдзіць, таму мусіла сказаць:

– Ён зараз у хаце.

– Хто там яшчэ?

– Мой сынок.

– Забярыце дзіця з хаты, а пасля мы ўвойдзем, толькі не напалохайце найміта.

Ванда пайшла да ганка, ногі не слухаліся. Яна націснула клямку і закрычала з усяе сілы:

– Тадзік, ратуйся! Ратуйся!

І ўсё трымалася за клямку, марудзіла, цягнула час. Яе адштурхнулі ад дзвярэй, доўга не маглі вырваць ручку з яе ўчэпістых рук. Калі ўбеглі ў пакой, Сапранецкага нідзе не было, толькі малы хлопчык спаў на ложку. Ванда ўвайшла ўслед за імі.

– Забірайце дзіця, і прэч з хаты! – загадалі ёй.

Яна паслухмяна выканала загад. Калі выйшла на вуліцу, убачыла, што сядзіба спрэс акружана вайскоўцамі. "Бедны мой Тадзік, бедны мой Тадзік, беражы яго, Божа!" – паўтарала яна ў думках. Яе адвялі далей ад хаты і загадалі чакаць. Яна чула, як крыкнулі Тадзіку:

– Сапранецкі, здавайся! Ты акружаны!

Тадзік не адзываўся, затаіўся, мусіць, на гарышчы. Больш у хаце не было дзе схавацца. Потым пачулася аўтаматная чарга, мусіць, Базан вырашыў напалохаць тых, што лезлі на гарышча. Мужчыны ў цывільным выскачылі на ганак злосныя, хударлявы крыкнуў:

– Бярыце яго штурмам!

Застрачылі кулямёт і аўтаматы – кулі ўздыбілі салому на даху. У адказ зноў прагучала аўтаматная чарга, адзін з вайскоўцаў, паранены ў нагу, качаўся па зямлі і стагнаў. Мужчыны ў цывільным і вайсковы афіцэр раіліся, што рабіць у такой сітуацыі. Базана загадалі ўзяць жывым. А як гэта зрабіць? Сваіх людзей шкада пасылаць на прыступ, заб’е некага.

– Можа, маці прывезці? Няхай угаворыць свайго дурня не забіваць дарма людзей, – прапанаваў хударлявы.

Усе пагадзіліся, што гэта ідэя добрая. Праз гадзіну на самаходзе прывезлі прыгожую стройную жанчыну з густою сівізною ў пышных валасах, закручаных у вялікую куксу на патыліцы. Ёй растлумачылі, што ў хаце хаваецца яе сын. Яна пайшла, але хутка вярнулася і сказала:

– Там нікога няма.

– Вы паклічце яго, пані, ён адгукнецца на ваш голас. Калі ён сам добраахвотна выйдзе да нас, мо яму суд падаруе жыццё, калі ж не, дык, разумееце, што яго чакае.

– Аднойчы я падаравала яму жыццё, а цяпер толькі Усявышні будзе вырашаць лёс майго сына, – з годнасцю адказала яна.

– Ведаеце, пані, нам тут не да прыгожых размоў. На кон пастаўлены жыцці вашага сына і нашых хлопцаў, дык вы ўжо пастарайцеся, каб усё абышлося без крыві.

Яна зноў пайшла ў хату, затрымалася там даволі доўга. Усе цярпліва чакалі. Нарэшце яна выйшла і сказала:

– Сын не хоча здавацца.

– Ідзіце і ўгаворвайце яго. Навошта нам новыя смерці. Паглядзіце на гэтых маладых хлопцаў, яны расвеснікі вашага сына. Навошта ім гінуць? Усё ў вашых руках.

– Усё ў руках Бога, панове. Калі ён захоча каго да сябе забраць, дык ні маці, ні бацька – ніхто не ўтрымае.

Яна зноў накіравалася ў хату, знікла за дзвярамі. Адзін з мужчын, апранутых у цывільнае, прыклаў вуха да дзвярэй і прамовіў:

– Пра нешта ціха размаўляюць, нічога нельга разабраць.

Жанчына выйшла, абвяла ўсіх доўгім позіркам, нібы развітвалася з гэтым светам і хацела запомніць яго, быццам сама збіралася паміраць, сказала:

– Сын не жадае мяняць прынятае рашэнне.

Дзесяць разоў хадзіла яна ў хату і прыносіла адмоўныя адказы Базана, а на адзінаццаты сказала: "Больш не пайду. Сын развітаўся са мною. Або ўцячэ, або загіне".

У гэты час загарэлася страха. Ніхто не зразумеў, чаму ўсчаўся пажар, з-за стрэлаў у страху, ці мо сам Базан падпаліў хату. Салома трашчала і гарэла вельмі хутка, заняліся кроквы, полымя заскакала ў вокнах.