– Ну, згарэў! Пайшоў на неба з дымам! – сказаў хударлявы чалавек у цывільным.
Маці, быццам скамянела. Тое полымя, якое зараз спапяляла яе сына, адбівалася ў невідушчых вачах. І ў гэты момант адзін з вайскоўцаў заўважыў, як у шэрых клубах дыму скацілася па зямлі чалавечая постаць, і секануў у яе з аўтамата. Вайскоўцы наблізіліся да нерухомага цела, павярнулі забітага ўверх тварам.
– Гэта ён, Базан, – сказаў хударлявы.
Дагаралі, патрэсквалі бярвенні. Моўчкі глядзела на іх Ванда, трымаючы на руках малога, і разумеючы, што згарае ўсё найлепшае ў яе жыцці. Маці Тадэвуша Сапранецкага глядзела перад сабой і нічога не бачыла, акрамя жывога сына. На зямлю апускаўся змрок. Усталяваўся той асаблівы спакой, які апаноўвае звычайна зямлю надвячоркам, калі нават вецер не кране травіну, не прашалясціць лісцем.
77
Капітан Новікаў і лейтэнант Скавышоў сядзелі ў засадзе каля Кулінінага хутара, маючы пры сабе дзясятак вайскоўцаў на чале з узводным. Па іхніх разліках, менавіта тут мог хавацца Сяргей Клімчук па клічцы Удод, якому Куліна даводзілася цёткаю. Яшчэ восенню ляснік Беражкоўскі казаў, што сустракаў каля гэтага хутара незнаёмага хлопца, які патлумачыў, што прыйшоў з Украіны і наняўся да гаспадыні на працу.
Салдаты хаваліся па карчах. Прыйшлі яны сюды ўначы, занялі пазіцыю, праседзелі цэлы дзень, але ніякага хлопца не ўбачылі. Выбягалі часам на панадворак Кулініны дзеці: дарослая дачка і сын-падлетак, выходзіла сама гаспадыня.
– Тры гады гуляе на волі Удод, калі гэта скончыцца? – спытаў Скавышоў.
– Рукі не даходзілі, хапала спраў і без яго.
– Ведаю, гэта ж твой любімы вучань, цёзка, лічы, родная душа, – іранічна пасміхнуўся Скавышоў.
– Ты статыстыку чытаў? – спытаў Новікаў.
– У мяне лічбы ў галаве не трымаюцца.
– Дык я табе скажу: з сорак чацвёртага года, пакуль мы з табою служым на Брэстчыне, прыкладна паўсотні бандытаў забіта, болей за тысячу арыштавана. Я тры пары ботаў стаптаў, ганяючыся за ўкраінскімі нацыяналістамі, – усміхнуўся Новікаў.
– Дзіва што, паспрабуй вылаві іх! Яны ж, як прусакі, распаўзаюцца па лясах і балотах. Сёння – тут, заўтра – там. Давай закурым ад няма чаго рабіць, – прапанаваў Скавышоў.
– Нельга, выявім сябе…
– Дык нікога ж няма.
– Няма, няма, а раптам невядома скуль і з’явіцца...
Пачынала цямнець. Гэтым вясновым надвячоркам было яшчэ даволі золка, але снег паспеў сысці, дык і на тым дзякуй, бо давялося б мерзнуць у мокрай калатушы. Зямля падсохла, хоць і халодная, але ж трываць можна. Удзень сонца добра прыгравала, што вайскоўцам, якія яшчэ не перайшлі на летнюю форму, было нават горача. У гэты час два салдаты – Саўчанка і Кулеш, якія хаваліся за карчом на левым флангу, разважалі пра свае праблемы.
– Маці пісала, што ў нас карова ацялілася. Сядзяць зараз сямейнікі за сталом і малачко п’юць з бульбаю ці з хлебам. Ах, смаката! Мне яно ажно пахне, – сказаў Кулеш.
– Хлеў побач, вось табе і пахне, – азваўся Саўчанка.
– За кубак малака, здаецца, аддаў бы невядома што.
– А я ў цябе сцізорык ладны бачыў. Аддаў бы яго за малако? – удакладніў Саўчанка.
– Аддаў бы… Нашто мне той сцізорык? Хіба толькі пахваліцца, што брат з Германіі прывёз падарунак, нямецкі трафей. Уяўляеш, узялі яго перад самым канцом вайны на фронт. Малады зусім, толькі васямнаццаць споўнілася, але пашанцавала, выжыў…
– Слухай, я адлучуся да ветру. Калі спытае камандзір, дзе я, дык скажы, што тут вось, побач, маўляў, па пільнай патрэбе адышоў. Зразумеў?
– Што ж тут не зразумець? Ідзі, нам тут яшчэ невядома колькі сядзець. Помніш, як мы два тыдні на могілках у засадзе сядзелі? Я ледзь сам не здох…
Саўчанка адпоўз і растварыўся ў цемры. Даўгавата яго не было, але нарэшце з’явіўся, задыханы, ажно потам ад яго патыхала.
– На цябе мядзвежая хвароба напала, ці што? – спытаў Кулеш шэптам.
– Усё выдатна. Што тут у нас? – пацікавіўся сітуацыяй Саўчанка.
– Без перамен. Ты чаго так доўга?
– Гані сцізорык.
– Чаго гэта раптам?
– Малако цябе чакае, вунь, за дрэвамі. Карову прывёў. Даіць умееш?
– Пытаеш...
– Гані сцізорык! – запатрабаваў Саўчанка, якому не трывалася займець нямецкі трафей.
– Спачатку малако, – заўпарціўся Кулеш.
– Пайшлі…
Саўчанка рушыў да дрэў, які чарнелі за добрую сотню метраў. Кулеш падаўся за ім і хутка ўбачыў чорную карову. На рогі ёй быў накінуты салдацкі рэмень і зачэплены за сук.