– Карова, сапраўдная, жывая, – здзіўлена ўскрыкнуў Кулеш.
– Цішэй, дурыла! Яшчэ начальства пачуе, дык плакала наша малачко. Пачынай даіць. Я каску падстаўлю ды патрымаю.
Кулеш абцёр рукавом каровіны цыцкі і пачаў даіць, струмені пругка зазвінелі аб каску. Даяр задаволена сказаў:
– Як аб даёнку...
Саўчанка не вытрымаў, паднёс каску да вуснаў і прагна напіўся.
– Ты каму малако прынёс? Мне ці сабе? Сцізорык не атрымаеш.
– Не будзь такі скупы, давай, цісні вымя, – пасміхнуўся Саўчанка і зноў падставіў каску. – Малака і табе хопіць. На мяне смага напала, пакуль карову гнаў…
Кулеш даіў хутка і нецярпліва, затое піў малако марудна, стараўся атрымаць насалоду ад кожнага глытка.
– Годзе ўжо табе смактаць, даі яшчэ! – загадаў Саўчанка.
– Пакуль няма, гаспадыня падаіла, мы падаілі, харч скончыўся, трэба пачакаць, калі зноў прыбудзе.
– Шкада, – пачухаў патыліцу Саўчанка і ссунуў на вочы шапку-вушанку. – А дзе сцізорык? Нешта яго не відно.
– Трымай, скнара! І не сорамна табе баявога таварыша аббіраць! – абурыўся Кулеш.
– Дагавор даражэй за грошы. Я табе – малако, а ты мне – цацку, – адказаў Саўчанка, задаволена адчыняючы пяць лёзаў сцізорыка.
– Пайшлі на месца, потым яшчэ наведаем нашу карову. Дзе ты яе ўзяў?
– Збегаў на суседні хутар. Там, у хляве, ажно дзве каровы стаяла, я выбраў, якая большая ды і прывёў сюды. А яна нейкая вельмі згаворлівая аказалася, нават не ўпарцілася, – засмяяўся Саўчанка.
– Ну, ты даеш…
Салдаты вярнуліся вельмі своечасова, бо якраз узводны загадаў падсунуцца бліжэй да пабудоў, бо зусім сцямнела, двор дрэнна праглядаўся. Саўчанка і Кулеш залеглі недалёка ад хлява, прыслухоўваліся да цішыні, пазіралі на цьмяна асветленыя вокны хаты, насельнікі якой не спяшалі класціся спаць.
– Трэба было табе хадзіць на другі хутар, калі побач хлеў. Можна было паціху схадзіць і нацыркаць малака тут, – сказаў Кулеш.
– А раптам бандыт у хляве, дасць табе па галаве знянацку, мала не пакажацца.
– Яно так, усяляк можа быць. Мы аднойчы зайшлі ў хату. Усё быццам нічога. Гаспадар, гаспадыня і трое дзетак вячэраюць за сталом. Раптам бачу: з-пад печы нечыя ступакі тырчаць. Выцягнулі мы за ногі вялізнага бандыта, ледзьве ўпяцёх яго звязалі. А гаспадар і пальцам не паварушыў, каб нам памагчы…
– Гаспадар хоча жыць, прытрымліваецца нейтралітэту, – патлумачыў Саўчанка. – Вам паможа – бандыты заб’юць, бандыту паможа – вы расправіцеся.
Скавышоў і Новікаў гублялі трыванне. Вельмі хацелася пакурыць, нават голад не так даймаў, як гэтая шкодная звычка. Набліжалася поўнач, а сяляне не клаліся спаць. Час ад часу нехта з сямейнікаў выбягаў да калодзежа па ваду. Скавышоў пацягваў носам, прынюхваўся і нарэшце сказаў:
– Брагаю пахне, самагонку гоняць. Ёсць падстава зазірнуць на агеньчык.
– Разумная думка, – падтрымаў калегу Новікаў. – Нешта я пачаў мерзнуць…
– Пайшлі, пастукаемся.
Яны папярэдзілі ўзводнага быць напагатове, а самі рушылі да хаты. Пастукалі ў дзверы. Хвілін дзесяць ніхто не адгукаўся. Нарэшце гаспадыня падала голас:
– Хто там?
– Адчыняйце, – загадаў Скавышоў. – Міліцыя!
– Зараз, зараз, – адказала жанчына, ды ўсё нешта марудзіла.
Нарэшце дзверы адчыніліся. Скавышоў і Новікаў увайшлі ў хату.
– Начальства пайшло грэцца, – зайздросліва сказаў Кулеш.
– Затое мы малачка папілі, – пасміхнуўся Саўчанка. – Глядзі, глядзі, а хто гэта там з даху скаціўся і да нас проста ідзе?
– Скуль мне ведаць?..
– Падпусцім бліжэй… Ціха…
– Стой! Рукі ўгору! – крыкнуў Саўчанка, калі постаць наблізілася да іх.
Два салдаты так раптоўна паўсталі перад незнаёмцам, што ён ад нечаканасці нават не паспеў адскочыць убок. Салдаты скруцілі яму рукі за спіною. У гэты час падбег да іх узводны, іншыя вайскоўцы збегліся паглядзець, каго там злавілі. Затрыманы, акружаны з усіх бакоў, зразумеў, што вырывацца дарэмна.
– Вядзіце ў хату, – загадаў узводны, але тут жа адцясніў байцоў і сам узяўся суправаджаць затрыманага.
– Ну, Саўчанка, – медалі нам, можа, і не дадуць, а прэмію выпішуць дакладна, – весела сказаў Кулеш.
– Памыляешся, зарабілі мы па медалю! Глядзіш, мо і па ордэну на грудзі прыкруцяць.
– Па медаль ды ордэн за начальствам не дапрэшся, а каб пусцілі хоць на дзён колькі дамоў малачка папіць – гэта было б шчасце, – мройліва азваўся Кулеш. – Пайшлі ў хату і мы, пагрэемся трохі.
У памяшканне набілася поўна вайскоўцаў. Азіралі кухню, дзе каля печы стаяў стол, на якім узвышалася карыта з апушчаным у халодную ваду змеевіком, спалучаным трубкаю з двума вялізнымі чыгунамі, у якіх награвалася брага. Бражны пах спакушаў мужчын, таму ўзводны загадаў усім пайсці з памяшкання, пры затрыманым пакінуў толькі ахову з двух вайскоўцаў. Кулешу і Саўчанку ён гэтую місію не даверыў, тыя былі і радыя, падаліся да сваёй каровы ў надзеі напаследак як след паласавацца малаком. Абхадзілі ўвесь гаёк, але іхняя шчодрая карміцелька знікла.