Тадзік вярнуўся ў Руту пад ранне. Упаў ад стомы на нары і заснуў. Не было сілы нават распрануцца. Яму снілася нейкая пагоня. Нехта страшны лавіў яго, а ён усё ўцякаў і ўцякаў, скакаў праз платы, адбіваўся ад сабак. Калі аканом пабудзіў яго, за акном было ўжо светла. Тадзік няўцямна пазіраў на Альберта і ніяк не мог зразумець, гэта ява ці ўсё яшчэ сон.
– Што з табою здарылася? Абадраны і брудны ў пасцель заваліўся!
– Сабакі напалі…
– Во дзіва! А дзе Вітольд?
– Разышліся мы з ім з вячорак. Ён сваю дзяўчыну пайшоў праводзіць, а я – сваю.
– Мо яго сабакі з’елі?..
– У яго ёсць чым ад сабак адбіцца, гэта я, нікчэмны, ніяк не абжывуся якім арбалетам, мо хоць лук які сабе зрабіць, ці што?
– Ты яшчэ маленства не дагуляў, а ўжо пра зброю марыш, да дзяўчат бегаеш.
– Дык трэба ж неяк набываць жыццёвы вопыт.
– Уставай, перапраніся ў што чыстае, скажы, няхай кухарка Юхімка дасць адзенне, а тваё памые ды паладзіць. Лучнік, халера ясна, хто б мог падумаць, што ў такой зялёнай галаве столькі дурноты назбіралася? І больш нікуды не хадзі без майго дазволу! Я даў слова пану Стэфану, што буду цябе аберагаць. А ты вунь што вырабляеш!
Тадзік моўчкі зняў куртку, кінуў на лаву.
– Братка мой, а гэта што? – здзіўлена спытаў Альберт, рабы ягоны твар выцягнуўся ад здзіўлення.
– Дзе? – спытаў Тадзік, не разумеючы пра што пытаецца аканом.
– След ад кулі на рукаве. Бач, як прасвідравала дзірку. Рука хоць цэлая?
– Гэта даўно, яшчэ дома ў мяне немец страляў, – схлусіў Тадзік.
– А ты, хлопец, брахлівы! Што, хіба ў цябе немец не пацэліў?
– Пацэліў бы, ды ў яго пісталет заела. Ён тузаў, тузаў, лаяўся, а я тым часам ногі ў рукі і бягом.
– Што ў цябе з рукой? Уся ў крыві…
– Дык кажу, што сабака пакусаў за нагу і за руку.
– Ідзі да Юхімкі, няхай прамые раны ды прыкладзе якой мазі, бо як запаленне пачнецца, дык пасля турбот з табою будзе шмат, вазіць цябе да дактароў ды лячыць, – загадаў Альберт. – Які цяпер з цябе малацьбіт? Заставайся на кухні, мо вады прынясеш ці яшчэ чым жанчынам дапаможаш.
– Добра, – адказаў Тадзік.