– Таварыш капітан, усё гатова, – прамовіў Скавышоў.
– Пайшлі, – Новікаў падняўся і рушыў да дзвярэй.
79
Сяргей Клімчук мала клапаціўся пра сябе, на допытах нічога не ўтойваў, нават не спрабаваў хлусіць, бо ведаў, што перад гэтымі следчымі сядзела шмат казакоў, узятых у палон, якія даўно ўсё расказалі пра дзейнасць Варнака і ягоных памагатых. Аднак не нагаворваў на сябе, была надзея, можа, злітуюцца над ім хаця б за тое, што пасля арышту ён больш ніякіх спраў не меў з украінскімі нацыяналістамі, а толькі хаваўся далей ад ліха. Бязмерна шкада яму было цётку Куліну, Любу і Пашу, якія вымушаныя пакутаваць з-за яго, таму ён упарта трымаўся на сваім і даводзіў следчым, што гэтая сям’я яму не дапамагала і яго не ведала. Паколькі арыштант не ўпарціўся, дык следства рухалася даволі хутка і паспяхова, а праз тры месяцы адбыўся суд. Сяргея, цётку Куліну і Любу пасадзілі на адну лаву падсудных. Толькі цяпер Сяргей даведаўся, што арыштаваны таксама ягоны брат Кастусь і міжволі падумаў: "Колькі ж я бяды прынёс сваім родным?! А чым вінаваты? Што не загінуў? Лепш бы мяне зусім не было на свеце".
Нейкі чалавек зачытаў даведку, якая датычылася Сяргеевай маці. У ёй паведамлялася, што Клімчук Антаніна Кандратаўна, якая жыве ў вёсцы Вялікая Багна, згодна з выпіскаю з гісторыі хваробы, з’яўляецца пазбаўленай розуму з цыклічнымі прыступамі. Дыягназ: дэпрэсіўны псіхоз.
"Вось і маці з-за мяне захварэла. А можа, і лепш для яе, бо зараз сядзела б побач са мною на адной лаве за вялікае злачынства, што прыносіла сыну ежу ў стог на балота. Добра, што хоць нявестку не кранулі. Дык мо дагледзіць маці да старасці і на тым дзякуй".
Суд доўжыўся цэлы дзень. Прыходзілі сведкі, малолі нейкую лухту. Сяргей стаміўся іх слухаць. Застаўся задаволены Любінымі адказамі, якая сцвярджала, што Сяргея не ведала і ніколі да арышту не бачыла. Дзяўчына трымалася мужна і годна.
У зале сядзелі яшчэ дзве зацікаўленыя асобы: капітан Новікаў і лейтэнант Скавышоў, уважліва слухалі сведкаў, рабілі свае высновы. У час перапынку выйшлі пакурыць на вуліцу. Дзянёк стаяў сонечны і цёплы, як і належыць у чэрвені.
– Пара пра адпачынак падумаць, – сказаў Скавышоў.
– Не ведаю, ці дадуць нам адпачыць? Сёння атрымаў звесткі, што ў Ганцавічах забілі начальніка пошты і яшчэ нейкага чалавека. Трэба лавіць бандытаў…
– Слухаю наш суд і, здаецца мне, пасобнікі могуць адкруціцца. Казаў я табе, што трэба выбіваць паказанні, а не сюсюкаць з арыштантамі.
– Не адкруцяцца.
– Што ты прыдумаў?
– Пабачыш пасля перапынку.
– Не чакаў ад цябе, Сяргей, што ты задумаеш нейкую інтрыгу.
– Я і сам не чакаў, – засмяяўся ў адказ Новікаў.
Пасля перапынку абвясцілі новага сведку: Марысіча Паўла Піліпавіча, які будзе дапытаны судом у прысутнасці педагога Савельева Мікалая Кузьміча. У залу увайшоў Кулінін сын у суправаджэнні мужчыны, які папрасіў:
– Раскажы, Паўлік, як ты жыў на сваім хутары, з кім, чым займалася твая сям’я. Гавары смела, нічога не бойся. Твой аповед вельмі важны і патрэбны для суда, можа, ён дапаможа тваім родным.
Хлопчык пачаў расказваць:
– Я жыў на хутары з мамаю Кулінаю і сястрою Любаю. Да нас прыходзіў Сярожа, вось ён сядзіць першы на лаве. Яшчэ некалькі разоў нас наведваў ягоны брат Кастусь, а таксама прыходзіла цёця Тоня, іхняя маці.
Сярожа дапамагаў маме працаваць, спаў на вышках у хляве, дзе стаяць каровы. Ежу яму таксама прыносілі ў хлеў. Не помню дакладна, колькі ён у нас жыў, гады тры ці чатыры…
– Гэта не сведка, а проста бомба! – сказаў Скавышоў. – Што і казаць, умееш ты, Сярожа, дакапацца да ісціны!
– А ці трэба было? Якая табе радасць з таго, што дзве гэтыя няшчасныя жанчыны паедуць у Сібір валіць лес?
– Што за размовы, капітан Новікаў?
– Гэта я жартую. Давай выйдзем…
– Дык самае цікавае пачынаецца… Цікава, што яны цяпер запяюць?
– Даўно вядома, вуснамі дзіцяці… Нешта мне не па сабе, Скавышоў… Бадай, пайду я дамоў.
– Што здарылася?
– Маруся па тэрміне павінна была нарадзіць ужо тры дні таму. Баюся, што роды ў ўсялякі момант могуць пачацца.
– Калі перахадзіла, дык будзе сын! Віншую! – ляпнуў Скавышоў сябра па плячы.
– Адкуль ведаеш?
– Мая бабка павітухаю была. Я пра ўсялякія такія тонкасці з маленства чуў…
– Мо таму ты і не жэнішся.
– Ажанюся яшчэ, куды спяшацца. Пераловім усіх бандытаў. А тады можна будзе і расслабіцца.
– Дык я пайду, – сказаў Новікаў.
– Няўжо ты не хочаш даведацца пра вынік сваёй працы?