Выбрать главу

– Ведаю загодзь.

– Ну-ну, скажы свой прагноз, – з цікаўнасцю зірнуў на сябра Скавышоў. – А я параўнаю з тым прысудам, які пачую.

– Удоду свеціць "вышка", астатнім гадоў па дваццаць пяць лагераў. Стандартны набор. Мы ж ужо не першую справу разглядаем…

– Як ты думаеш, а што вырасце з гэтага Паўліка?

– Напэўна, добры стукач будзе, інакш яму перад сумленнем не апраўдацца…

– Нешта ты, Сяргей, сёння нейкія крамольныя размовы заводзіш. Другі на маім месцы ўжо паведаміў бы пра пачутае куды трэба, а я прамаўчу. Ацані маё высокародства!

– Высока цаню, Антоша, але ў мяне сёння галава не на месцы. Баюся, каб з маёю Марусяю нічога благога не здарылася.

– Не здарыцца. Жанчыны з такімі нагамі і паставаю, як у яе, жывуць доўга.

– Адкуль ведаеш? Таксама ад бабкі-павітухі?

– Не, гэта я сам дапяў. Калі ў чалавека моцныя і прыгожыя ногі, дык ён мае моцны жыццёвы падмурак. Вазьмі, для прыкладу, Удода. Худы, высокі, ногі тонкія, як у камара, няўстойлівыя, і які вынік?..

– А што б ты зрабіў, Антоша, каб да цябе прыйшоў такі пляменнік і папрасіў дапамогі? – спытаў Новікаў.

– Я б яго сам застрэліў. А ты?

– Не ведаю… Застрэліць, дакладна не здолеў бы. Хіба сам застрэліўся б…

– Няўжо ты такі слабак? Трэба ўмець перадольваць слабасці, а ворагаў знішчаць, – падвёў рысу ў размове Скавышоў.

– Добра, філосаф, бывай. Сустрэнемся заўтра. Раскажаш, што і як тут было, а я пабягу.

Новікаў паціснуў руку Скавышову і ледзь не подбегам кінуўся дамоў. У пад’ездзе адчуў пах пірагоў і адразу супакоіўся.

КАРОТКІ ЭПІЛОГ

Клімчук Сяргей быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці, якой у яго не было, і расстраляны. Цётка Куліна, Люба і Кастусь атрымалі па дваццаць пяць гадоў у сталінскіх лагерах з пазбаўленнем грамадзянскіх правоў на пяць гадоў. У архіве захавалася характарыстыка на Кастуся, у якой паведамлялася, што да працы ён ставіўся добрасумленна, нормы выконваў на 135%. За шэсть месяцаў залічана 226 рабочых дзён. Парушэнняў рэжыму не мае. У культурна-масавай рабоце ўдзелу не бярэ. Сярод кантынгенту атрымаў дзелавы аўтарытэт.

Летам 1956 года Куліна і Кастусь былі вызвалены з-пад стражы з улікам малазначнасці злачынства, а Любу адпусцілі з асабліва цікавай фармулёўкай: "Вызвалена з-за немэтазгоднасці ўтрымання пад стражай са зняццем судзімасці і іншых абмежаванняў".

Сяргей Новікаў пасля гэтай удалай аперацыі атрымаў маёрскія пагоны і быў пераведзены ў Брэст, дзе заняў даволі высокую пасаду ў абласным упраўленні дзяржбяспекі. Ягоная жонка Маруся нарадзіла сына, хлопчык рос ціхмяны і маўклівы. Яна сама займалася ягоным выхаваннем, бо Новікаў памёр у 1955 годзе. Апанавала яго хуткацечная саркома страўніка, ці ад пірагоў, якімі ён заядаў непрыманне жорсткасці свету, ці ад спачування арыштантам і адчування сваёй віны. Мусіць, следчы, як і доктар, не павінен занадта блізка да сэрца прымаць чужыя беды. Дачка Новікавых пасля заканчэння музычнага вучылішча, каб даказаць аднакурснікам, што яна не распешчаная бацькамі, а самастойная асоба, з’ехала на працу на край свету, у Дальнеўсходні горад Савецкая Гавань, дзе выкладала музыку ў школе ды так і засталася там назаўсёды.

Скавышоў, які ніколі не адчуваў згрызот, пражыў доўгае жыццё, але не надта шчаслівае. Вельмі рана памёр сын. Нявестка маладой захварэла на рассеяны склероз і таксама сышла ўслед за мужам. Застаўся ў старых Скавышовых унучак, здольны хлопчык, які пісаў неблагія вершы, але ад нараджэння быў надзелены нервоваю хваробаю. Ён дрэнна каардынаваў рухі, тузаўся, быццам біла яго нябачная рука, а гаворка ягоная была падобная на брэх сабакі.

Жонка Лёні Парахнюка вярнулася дамоў адна, дачка Карына памерла ў высылцы. Ягоны брат, Ігнась, шмат гадоў хаваўся. Суседзі ведалі, але не выдалі. Аднойчы прыстала да яго хвароба. Што рабіць? У паліклініку не пойдзеш, нават да знахаркі звяртацца небяспечна. Ад той немачы Ігнась сканаў. На вясковых могілках за ноч з’явілася свежая магіла. Участковы міліцыянер з цягам часу ўсё ж дакапаўся, чый гэта нябожчык, але мёртвага не пакараеш.

Пра астатніх персанажаў ніякіх звестак аўтару знайсці не ўдалося.

Азіраючы мінулы час і тыя пакуты, якія давялося перажыць народам Еўропы, міжволі прыходзіш да думкі, што найбольшую пагрозу нашаму свету прыносяць бесчалавечныя ідэі, якія прыводзяць да канфліктаў паміж дзяржавамі і да самазнішчальных грамадзянскіх войнаў унутры асобных краін.