Альберт яшчэ раз акінуў позіркам свайго няўдалага работніка і выйшаў з пакоя. Тадзік падняўся з нараў, закасаў калошыну, агледзеў нагу, укушаную сабакам. Рана была не глыбокая, але кавалак скуры выдраны добры. Потым агледзеў руку. Тут рана ў параўнанні з сабачай была значна меншая. Тым суцешыўся і падаўся на кухню да Юхімкі. Тая забожкала, замітусілася, паслала Веру па марлю. А праз якіх хвілін дваццаць Тадзік, пераапрануты ў чыстыя нагавіцы і чыстую сарочку, з перавязанымі рукою і нагою сядзеў за сталом, піў гарбату і выдумляў гісторыю пра тое, як ён праводзіў дзяўчыну, а яе бацька нацкаваў на яго сабаку.
– Які нелюдзь, – абурылася Вера.
– Ты лепш маю Веру праводзь, цябе ніякія сабакі не пакусаюць, – пажартавала Юхімка.
– Які з яго кавалер, мама? Ты ж бачыш, што ён яшчэ зусім малы.
– Гэта не бяда, і не заўважыш, як вырасце, – зноў пасміхнулася Юхімка. – Ідзе вайна, трэба запасацца кавалерамі, мо які і выжыве.
– Ціпун вам, цётка, на язык, – агрызнуўся Тадзік.
– А ты, хлопча, не крыўдуй. Я ж не са злосці кажу. Вунь у старэйшай маёй сястры немец мужа забіў проста так, вырашыў праверыць, ці добра ягоны пістоль страляе. Сын некуды прапаў, мо ў Германію вывезлі. Дачка хаваецца ў сябровак ад залётніка, які ўладкаваўся на службу да немцаў. Была сям’я, а засталася мая сястра адненькая. А ты кажаш… А ці тое яшчэ будзе? Канца гэтай вайне не відно, пап’е яна чалавечай крыві ўсмак, а пасля мо і сама сканае, – Юхімка ўздыхнула і пачала абіраць бульбу.
– Ты адкуль прыйшоў? – спытала Вера.
– Сакрэт, – адказаў Тадзік.
– А хто твае бацькі былі, можаш сказаць?
– Бацька быў арганістам пры касцёле, мама спявала там жа… Добра было…
Міжволі згадалася Тадзіку, як ён малы хадзіў з мамаю і татам на рэпетыцыі, слухаў арган і прыгожыя спевы, пра нешта марыў. "Божа мой, пра што ж я тады марыў? – сам у сябе у думках спытаў ён. – Ужо і не помню. Здаецца, хацеў быць жаўнерам". Там і засынаў, седзячы ў крэсле, пад спевы і ўласныя мары. Потым яго прыносілі соннага дамоў, мама распранала сына і, кладучы ў пасцель, ціха казала: "Спі, мой жаўнерык, дабранач".
– Ці маеш сясцёр і братоў?
– Была сястрычка, але яна памерла малою.
– І ў мяне няма нікога. Можа, ты будзеш мне братам? – з усмешкаю спытала Вера.
– Не, мая дачка, чужыя хлопцы не здатныя быць ні братамі, ні сябрамі, – засмяялася Юхімка, паглядваючы ў акно.
"Чаго гэтая цётка такая вясёлая? – сам у сябе спытаў Тадзік, таксама зірнуў праз шыбу і ўбачыў Альберта, які асядлаў каня і некуды выпраўляўся. – Мусіць, у яе нешта ёсць з аканомам, што так маладзіць яе і надае добрага настрою. Прасачу, пабачу… Хаця навошта мне гэта?"
– А дзе твае бацькі? – не адставала Вера.
– Бацьку Саветы перад самай вайною вывезлі невядома куды. Мы з мамаю баяліся, што і нас вось-вось забяруць, але прыйшлі немцы, і стала яшчэ горай. А твой бацька дзе?
– Сабакам сена косіць? – адказала Вера абыякава.
– Што, пакінуў вас?
– Гэта ты ў мамы спытай, яна лепш ведае.
Мусіць, гэтае пытанне засмуціла Веру, яна паднялася з услона і пайшла з кухні. Юхімка таксама маўчала. Тадзік зразумеў, што закрануў нейкую тэму, якую гэтыя жанчыны не любілі абмяркоўваць. Ён таксама падняўся і сказаў:
– Мо я пайду вады ў бочку нанашу.
– Ідзі, хлопча, вады заўсёды трэба шмат, – азвалася Юхімка. – Толькі апраніся. Вунь на цвіку світка вісіць.
9
Тадзік чакаў Вітольда з дня на дзень. Было цікава даведацца, куды ён перахаваў аўтамат, адабраны ў немца, асабліва хацелася выпрасіць у яго пісталет. Якая-ніякая, хоць і без патронаў, а ўсё ж зброя. Думаў, марыў, уяўляў, як адважна ён будзе пачуваць сябе узброеным. Хацелася пахваліцца паплечнікам здабыткам, калі яны з’явяцца на чале з Маўчуном. Маўляў, глядзіце, вы мяне не ўзялі з сабою, а я тут дарма часу не губляў, не чакаў вашых звестак, якія ніякім чынам да мяне не даходзілі, а варушыў мазгамі, як узброіцца. Між тым, надыходзіла зіма, у паветры час ад часу лёталі нясмелыя сняжынкі, а ў пачатку лістапада зямлю выбеліў першы снег, ды не растаў, як звычайна бывае, а падобна было, што залёг да канца зімы. Дрэвы ранкам у садзе стаялі ўрачыстыя, прыбраныя імжой, быццам на свята. Пад абед усхадзіўся вецер і паздзьмухваў усё хараство з дрэў, якія зноў засталіся чорныя і самотныя, быццам толькі прыйшлі з пахавання.
Чаканне аказалася дарэмным. Вітольд не з’яўляўся на працягу трох тыдняў. Ужо зажылі пакусаныя Тадзікавы нага і рука. Ён зноў заняўся малацьбой збожжа на таку. У суботу надвячоркам яго паклікаў Альберт да пана Руткоўскага, правёў проста ў прасторны кабінет, застаўлены дарагою мэбляю з чырвонага дрэва. Пасярод пакоя стаяў вялікі стол, абабіты зялёным сукном, на ім узвышаўся атрамантавы прыбор, ляжалі нейкія паперы. Пан сядзеў на мяккай канапе, павярнуў галаву на стук дзвярэй. Тадзік павітаўся і застаўся стаяць у парозе.