– Праходзь, сядай дзе-небудзь, – запрасіў пан Руткоўскі.
– Дзякую, я пастаю.
– Сядай, размова будзе доўгая.
Тадзік сеў у крэсла і наважыўся слухаць, але гаспадар сам прапанаваў яму:
– Раскажы мне, хто ты і адкуль?
Тадзік на імгненне задумаўся, нібы ўзважваючы, што трэба сказаць, потым коратка распавёў пра вёску, бацькоў, касцёл, вучобу ў школе.
– Не густа. Хаця колькі ты паспеў пражыць… А што ведаеш пра Вітольда? – пацікавіўся пан Руткоўскі.
– Ён з Беластока, бацька, здаецца, быў краўцом.
– Скажы, чаму ты падаўся змагацца з немцамі.
– Ненавіджу гэтыя звярыныя морды. Яны расстралялі двух маіх сяброў і мяне ледзь не забілі, але выйшла асечка, тым часам мне ўдалося ўцячы. Такі выпаў мне шанец.
– Добрае слова – шанец! Выдатнае! – думаючы пра нешта сваё, сказаў гаспадар. – Кожнаму ён даецца ў жыцці. Мяне таксама Саветы арыштавалі і завезлі ў Мінскую турму, трымалі там амаль год, а немцы вызвалілі. Толькі я ненавіджу сваіх вызваліцеляў. Вось якая рэч…
Пан Руткоўскі расчыніў залацістую скрыначку, дастаў цыгарэту, прыкурыў, смачна зацягнуўся і спытаў:
– Ты паліш?
– Не, – адказаў Тадзік.
– Малайчына. Гэта атрута, – пан Руткоўскі артыстычна прыўзняў руку з цыгаркаю, – салодкая атрута, дакладней – горкая, да якой прывыкаеш. Слабыя мы людзі, слабыя!
Тадзік падумаў, што гутарка ўжо скончылася і хацеў развітацца. Няўтульна яму было з гэтым чужым чалавекам, які хоць і даў яму прытулак, а быў недасяжны і закрыты душою. Ні па твары ягоным, ні па вачах нельга было адчуць ці здагадацца, пра што ён думае, што адчувае. Паўза зацягвалася, госць устаў з крэсла.
– Пасядзі, Тадэвуш, мне добра з табою нават маўчаць. Маю сям’ю вывезлі Саветы невядома куды. Ці дасць пан Бог калі пабачыцца зноў? Ёсць у мяне дарослая дачка і сын, трохі маладзейшы за цябе. Недзе ён падрастае без мяне, а я гляджу на цябе і ўсё спрабую ўявіць, як жа ён цяпер выглядае. Імя ў яго такое ж, як тваё.
– Спачуваю вам, пан Руткоўскі. Калі тату забралі, я таксама вельмі сумаваў, а цяпер думаю, мо ён там, у турме, ацалее, не спазнае жахаў вайны…
– Дай Божа ім ацалець. Але ж вайна – гэта не толькі смерць ад кулі, гэта і голад, і холад, і хваробы… – пан Руткоўскі цяжка ўздыхнуў і зноў змоўк.
Прабіў вялікі насценны гадзіннік, Тадзік ажно здрыгануўся ад нечаканасці, а гаспадар нават не варухнуўся. Цыгарэта дымілася ў ягонай руцэ. Нарэшце ён паклаў яе ў попельніцу, што стаяла на маленькім століку каля канапы і ціха прамовіў:
– Я прынёс табе, Тадэвуш, дрэнную навіну. Вітольд загінуў.
– Як? Чаму? – узрушана спытаў хлопец.
– У горадзе дзейнічае каменданцкі час, а Вітольда схапілі ноччу з нейкай зброяй. Гэтага па ваенным часе дастаткова, каб быць расстраляным. Але спярша яго доўга дапытвалі. На шчасце, ён нікога не выдаў. Здаецца, пашанцавала нам, Тадэуш, яшчэ раз.
– Калі гэта здарылася?
– Даўнавата ўжо. Тыдні два ці тры таму… Мне адзін чалавек з паліцыі прыносіць спісы расстраляных людзей у горадзе. Думаю, пасля вайны яны спатрэбяцца, каб выставіць абвінавачванні фашыстам. У тым спісе і знайшоў я Вітольда Змачынскага. Потым яшчэ тое-сёе ўдакладніў, аказалася гэта сапраўды твой паплечнік.
Пан Руткоўскі падышоў да акна, спыніўся спіною да госця, маўчаў. А ў Тадзікавай галаве мітусіліся думкі. Выходзіла, што Вітольда схапілі ў тую самую ноч, калі яны адабралі ў вартавога аўтамат, які, пэўна, ляжыць недзе там прыхаваны. Як жа яго знайсці, як вылічыць, дзе ён. Удзень туды не пойдзеш, не будзеш на вачах гаспадароў шукаць сваё дабро, а ўначы немцы схопяць. Хаця цяпер цямнее рана, можна было б рызыкнуць. Ды зноў жа снег выпаў, слядоў пакінеш шмат, а ці знойдзеш што? Аўтамат – незаменная рэч на вайне! Але як яго знайсці ды прынесці?
Пан Руткоўскі быццам прачытаў хлопцавы думкі і сказаў:
– Думаю, Тадэвуш, зімой ніякіх вайсковых аперацый не прадбачыцца. Няма базы, зброі, трэба чакаць дапамогі з Варшавы і Лондана. Таму раю табе з маёнтка нікуды не адлучацца, каб не наклікаць бяду на сябе, а заадно і на мяне. Хутка прыйдзе час вялікіх спраў, але пакуль трэба пачакаць. Памянём Вітольда, зямля яму пухам...
Гаспадар дастаў з шафы графін з жаўтаватай вадкасцю і два кілішкі, паставіў на маленькі столік. Напоўніў чарачкі. Запрасіў Тадэвуша, сказаў:
– Царства нябеснае і зямля пухам нашаму сябру Вітольду. Рана ён завяршыў свой зямны шлях, але ўсё ў руках Божых.