Яны выпілі каньяк. Тадэвуш упершыню пакаштаваў моцны напой, ажно папярхнуўся. Пан Руткоўскі паблажліва ўсміхнуўся, дастаў з шафы жменю шакаладных цукерак, сыпануў на стол, маўляў, закусі.
– Што чуваць ад пана Стэфана? – спытаў Тадзік, са смакам закусваючы цукеркаю.
– Нічога. Да мяне дайшлі весткі, што ён вярнуўся ў Беласток.
– Чаму ж мяне не ўзяў з сабою? Я таксама па маці засумаваў…
– Не здолелі… Так склаліся абставіны. На вайне не прынята шмат размаўляць, а тым больш праяўляць асаблівую цікавасць. Такому шараговаму змагару, як ты, варта наогул маўчаць і чакаць загадаў.
– Колькі чакаць?
– Колькі спатрэбіцца, думаю, што раней вясны нічога не пачнецца. Сам разумееш, на снезе сляды застаюцца, якія горш за здрадніка выдаюць ворагам.
– Можа, мне варта было б уладкавацца на працу ў Брэсце?
– У цябе ёсць заданне пана Стэфана, вось і выконвай яго.
– Заданне ёсць, толькі няма тут палякаў, адны беларусы, якія не хочуць ваяваць за Польшчу. У Брэсце іншае насельніцтва…
– Так, там трохі інакш. Палавілі камуністаў, начальнікаў, жонак вайскоўцаў – усіх пастралялі. Зрабілі гета для яўрэяў, мусіць, іх таксама чакае незайздросны лёс. На бульвары проста на дрэвах учынілі шыбеніцу, і вісяць там цяпер трое ваеннапалонных, якія спрабавалі ўцячы з лагера… Я не палохаю цябе, а проста расказваю пра тыя жорсткія праявы, якія бачу штодня, калі еду на працу ў гебітскамісарыят. Вайна – рэч страшная. Табе трэба набірацца сілы, каб здолець выстаяць у тых выпрабаваннях, якія нам усім яшчэ належыць перажыць.
– Дзякую, пан Руткоўскі, за ўсё. Цяпер, калі пан Стэфан адышоў далёка, я мушу падначальвацца вам, як шараговаму афіцэру.
– Вельмі правільна разважаеш. У гэтым жыцці важна разбірацца ў сітуацыі, распрацоўваць уласную стратэгію і тактыку, але пры гэтым не забываць, што смерць нас любіць і цікуе за кожным неабдуманым крокам. Альберт кажа, што ты працавіты і спакойны, праўда, да дзяўчат ласы. Я табе раю па вёсках таксама не шастаць. У лясах з’явіліся савецкія партызаны: засталіся акружэнцы ды камітэтчыкі, пахаваліся ў лесе, бо нявыкрутка. Хто не схаваўся, тых немцы пастралялі без размоў. Савецкія хлопцы таксама не любяць доўга валаводзіцца, ворагаў яны знішчаюць без шкадавання. Дзяўчат на твой век яшчэ хопіць, тым больш, што жаніцца, думаю, ты пакуль не збіраешся?
– Не збіраюся, – засмяяўся Тадзік. – Пакуль уласнаю гаспадаркаю не абжывуся, і гаворкі быць не можа.
– Правільны падыход! Хвалю. Ну, ідзі, Тадэвуш, працуй. Жыві і радуйся кожнаму дню, бо ўсе яны некім злічаныя. Але нам невядома, колькі і каму адведзена…
– Бывайце, пан Руткоўскі, – сказаў на развітанне Тадзік і выйшаў з кабінета.
10
Ці ад выпітага каньяку, ці ад пачутых навін галаве стала горача. Хлопец выйшаў на ганак у вечаровы паўзмрок, прытуліўся да калоны плячом, удыхнуў халоднае паветра, зірнуў на шырока расчыненыя вароты, якія быццам клікалі яго некуды і падумаў: "Няма куды ісці, хіба вярнуцца да маці. Вітольд мог бы і мяне з сабою забраць на той свет. Не стаяў бы зараз я тут, а ляжаў бы ў яме, засыпаны зямлёю і першым снегам". Ад гэтай думкі зрабілася страшна, душа сцялася, быццам у прадчуванні бяды.
– Чаго засумаваў, Тадзік? – аклікнула хлопца Вера.
– Моташна нешта.
– Вядомая рэч, дамоў хочацца.
– Не тое, усё не тое, – адказаў ён і раптам спахапіўся, чаго раскіс перад дзяўчынаю.
– Нейкі ты ўвесь час зажураны, мо на тых вячорках, дзе цябе сабака пакусаў, у якую дзяўчыну закахаўся?
– Не лезь у душу, Верка.
– Напэўна, закахаўся! Закахаўся! – Верка заскакала вакол яго, дражнячыся.
Тадзік скокнуў да яе па прыступках, яшчэ не ведаючы, што з ёю будзе рабіць. Яна пабегла, ён кінуўся ўслед, дагнаў каля клуні, абшчаперыў, прыціснуў да сцяны. Вера ціха засмяялася, быццам ад казытання, некалькі разоў тузанулася, а потым сцішылася ў ягоных абдымках, зірнула яму проста ў вочы. Ён адчуў зусім блізка яе дыханне, а паўнаватыя яе вусны самі пацягнулі да яго і тыцнуліся ў шчаку. Ён нават спалохаўся на імгненне гэтага дотыку. Ад разгубленасці, ад няведання, што мусіць рабіць, ён таксама чмокнуў яе ў лоб, а потым іх вусны зліліся ў пацалунку, ад якого ён адчуў асалоду і напружанне ў нізе жывата. Вера была прагная да мілавання, а ён не надта ўпэўнены ў сабе, таму адпусціў дзяўчыну. Сказаў толькі:
– Прабач, я не хацеў…
– Што? – здзіўлена ўзняла яна бровы.
– Ну, нічога гэтага…
– Дык у цябе ёсць іншая?
– Іншая… – паўтарыў Тадзік, шукаючы адказу на гэтае пытанне.
Так, дома яму вельмі падабалася суседава дачка Ванда Палубінская, праўда, яна была старэйшая за яго гадоў на колькі і ў той час сябравала з гімназістам з суседняй вёскі. Але ўсю сям’ю Палубінскіх вывезлі невядома куды яшчэ ў саракавым годзе.