– Ну, ідзі да сваёй іншай, – пакрыўджана сказала Вера.
Тадзік глядзеў на яе таўставатыя губы, кароткі прамы нос, блакітныя глыбока пасаджаныя вочы і ніяк не мог вырашыць для сябе, ці падабаецца яна яму. Так, яна была даволі сімпатычная, але па-ранейшаму чужая.
– Вера, ты праваслаўная? – спытаў ён.
– Так. А ты каталік? Польскі пан? – з’едліва спытала яна.
– Справа не ў гэтым. Ідзе вайна. Невядома, дзе я апынуся заўтра, а таму не хачу абнадзейваць цябе ніякімі абяцаннямі.
– Я скажу табе, дзе ты будзеш заўтра: на таку малаціць жыта. Снапоў тых табе на ўсю зіму хопіць.
– А што будзе вясной, ты ведаеш?
– Так далёка я не жадаю думаць, усё ў руках Божых. Але сёння я хацела б ведаць, што падабаюся табе без ніякіх абяцанняў.
– Вера, ты вельмі сімпатычная! Дакладна!
– А ты такі нудны і смешны! Проста, мусіць, яшчэ малы, недарос…
Яна засмяялася і пайшла павольна, як сталая і стомленая жанчына. Тадзік правёў позіркам яе прыемную спелую паставу і адчуў, што хоча быць з ёю побач, але так і не варухнуўся з месца.
11
Юхімка заўважыла, што дачка стала нейкая неспакойная, ці занадта смяецца, ці сумуе без прычыны, думала, мо асуджае маці, што тая злыгалася з аканомам і па вечарах ходзіць да яго ў спальню. Сумна дачцэ адной, а хлопцаў вакол у маёнтку ніякіх, акрамя Тадзіка. Здараецца, што прыходзяць падзёншчыкі. Але гэта пераважна жанатыя мужчыны, якія нанач вяртаюцца дахаты. Веры васямнаццаць, у такім узросце яе маці ўжо была замужам, скараспелка, як называла яе радня. Што і казаць, Юхімка ведала смак у мужчынах. Першы муж паехаў у Амерыку і там недзе згінуў, затое ад двух наступных яна сышла сама. Альберт у яе чацвёрты – яшчэ не муж, толькі каханак, але з ім добра і спакойна. У Брэсце яе родзічы галадаюць, а тут ні яна, ні дачка не адчуваюць недахопу ў ежы ці адзенні. Альберт клапоціцца пра іх, ад гэтага ўсім добра.
Вера ўнурана абірала бульбу, а маці назірала за яе рухамі, за абыякавасцю да ўсяго і міжвольна шкадавала, а таму спытала:
– Чаго ты, Верка, такая засмучаная?
– Ды звычайная я…
– Не кажы, я ж бачу…
– А што тут за жыццё, мама? Чалавека свежага не сустрэнеш. Не магу ж я цэлы век сядзець каля тваёй спадніцы!
– Дык параюся з Альбертам, можам прасватаць цябе за якога хлопца?
– Ага, прасватаць за абы-каго, каб з вачэй збыць! Дзякуй вялікі!
– А што тут такога, я і сама гэтак замуж ішла за твайго бацьку.
– І які вынік? Дзе той мой бацька? У Амерыку ад цябе ўцёк!
– Ці мала што з чалавекам там здарылася. Мо захварэў і памёр, а ты плявузгаеш на нябожчыка абы-што. Грэх гэта…
– А тыя два твае мужы, якія былі ў цябе пасля, чаго вартыя? Адзін скупярдзяй, што па лустачцы хлеба нам выдзяляў, другі п’янюга, які адно дарогу ў карчму ведаў.
– Чалавека не спазнаеш на вячорках. Там ён перад табою красуецца, ходзіць вакол пеўнем, пер’е распушыць, вось ты і ўяўляеш, што будзеш паняю за яго спіною. А на самой справе аказваецца ўсё зусім інакш. Не такі ён шчодры ды багаты, як хваліўся, шмат заганаў мае, жыць немагчыма, таму і мусіш уцякаць ад яго, як ад ліха якога. Хачу, каб у цябе было ўсё інакш, але ж не ў той час ты нарадзілася. Вайна! Зараз мы сядзім тут ціха- мірна, а што будзе праз месяц, праз год?
– Мама, ты ж разумееш, што маладосць праходзіць. Мо гэтая вайна будзе доўжыцца яшчэ дзесяць гадоў, а мне што рабіць?
– Верачка, не думай надта наперад. Твой лёс цябе і на печы знойдзе.
– Хочаш, я пагутару з Альбертам, прасватаем цябе за Тадзіка, га?
– Мама, я бачыла ягоныя пеперы, яму толькі чатырнаццаць гадоў!
– Ну і што, хлопцы растуць хутка!
– Ён сабе не належыць, ва ўсялякі момант яго могуць некуды паклікаць. І шукай ветра ў полі. З кім я застануся?
– Добра, дачушка, што ты такая разважлівая, я ў твае гады была дурнейшая.
– Мо хопіць гэтае бульбы? – раздражнёна спытала Вера, кінула нож у кош, спаласнула рукі, падышла да акна. – Вунь людзі збіраюцца каля двара, падаткі прыехалі здаваць. Пайду ды гляну.
– Схадзі, праветрыся, а ў мяне яшчэ шмат турбот. Сёння пан дома застаўся, трэба нешта адмысловае на абед прыгатаваць.
Вера завязала канаплянку, апранула світку, выйшла на ганак, пастаяла, прыглядаючыся да сялянскага гурту, што сабраўся ля варот, заўважыла Тадзіка, хмыкнула сабе пад нос: "Ён ужо там. Таксама сумуе без людзей… Пайду да яго, разам пастаім. Хаця пану Руткоўскаму гэта можа не спадабацца, трэба меней трапляць яму на вочы. Вой, як снег вытапталі! І зграбаць не спатрэбіцца…"