Людзі стаялі каля вазоў маўклівыя: мала радасці аддаваць уласнае добро заваёўнікам. Ды што зробіш, неміласэрныя ў немцаў законы. Тых сялян, якія адважыліся не аддаваць пастаўкі, саджалі ў турму, адтуль яны не вярталіся. Казалі рознае: адны думалі, што іх вывозілі ў Германію, іншыя выказвалі здагадку, што людзей проста расстрэльвалі.
– Добры дзень, – павіталася Вера з Тадзікам.
– Добры. Чаму не заходзіш?
– Мама не пускае.
– Не трэба мне хлусіць, бачыў я, што цётка Юхімка пасля вячэры пайшла ў флігель да пана Альберта.
– Так, пайшла, а мне давялося да паўночы посуд мыць. Прыйшоў бы ды памог.
– Чаму ж ты мне не сказала?
– А сам не мог здагадацца?
– Буду ведаць наперад…
Вера адвярнулася, зрабіла выгляд, што разглядае людзей. Тадзік сачыў за ёю, імкнуўся зразумець, чаму яна апошнім часам пачала пазбягаць яго. Хоць яшчэ тыдні два таму штодня знаходзіла момант, каб застацца з ім сам-насам, нацалавацца і паспешліва збегчы, калі ён даваў волю рукам і спрабаваў загаліць спадніцу. Дзяўчына берагла цнатлівасць. А Тадзік не ведаў нават, ці кахае яе, ды і не думаў пра гэта. Падабалася яму мілаванне з ёю, мо таму, што здарылася такая прыгода ўпершыню. Яму хацелася быць пабач з Вераю, адчуваць яе вусны, рукі, бачыць твар, які пачаў яму здавацца даволі прывабным.
– Які прыгожы хлопец, вунь той, што стаіць з бычком, – раптам сказала Вера і кіўнула галавою ўправа.
Тадзік раўніва зірнуў туды і ўбачыў знаёмага дзецюка, таго самага Сяргея Клімчука, які ўжо аднойчы прыводзіў сюды свайго каня.
– Хадзем, пазнаёмлю, – прапанаваў ён Веры.
– Хіба ты яго ведаеш?
– Ведаю, – адказаў Тадзік і рушыў да Сяргея, першы працягнуў руку, павітаўся.
Хлопец быццам сумеўся, але адказаў даволі моцным поціскам.
– Знаёмся, Сяргей, гэта Вера, служыць пры маёнтку ды прыгожых хлопцаў выглядае, – пакпіў Тадзік. – Цябе як убачыла, дык ледзь не самлела.
– Не выдумляй, – абарвала яго Вера. – Прыгожага хлопца няма чаго выглядаць, яго здалёк добра відно.
Сяргей адмоўчваўся, бо ведаў, што любяць паны языкамі мянташыць, а з тых размоў ніякае карысці.
– Нешта часта ты, Сяргей, жывёлу здаеш. Мо з цябе солтыс зашмат бярэ падаткаў?
– У мінулы раз пан Руткоўскі завярнуў майго добрага каня, а загадаў замест яго здаць бычка. Вось я і прывёў. Хоць, калі сказаць па праўдзе, дык і бычок у гаспадарцы не лішні. Але без каня селяніну наогул немагчыма выжыць.
– Што там у вас чуваць?
– Нічога. Думаю, у вас больш навін…
– Што людзі думаюць?
– Што ні думай, а трэба працаваць, сеяць ды жаць, бо ніхто за цябе гэтага не зробіць, калі не жадаеш з голаду здохнуць.
Зноў Тадзік падумаў, што не атрымліваецца ў яго займацца агітацыяй ды выведваннем настрою насельніцтва. Не тое заданне даў яму пан Стэфан. А мо і не было ніякага задання, пажартавалі з самага малодшага, пакінулі тут, каб не звязваў рукі, а самі пайшлі. Ніякіх звестак ні разочку не перадалі. Напэўна, не ведаюць, што Вітольд загінуў. Ніколі ягоныя бацькі не знойдуць магілы сына і нават не здагадваюцца, што ляжыць ён недзе закапаны ў ваколіцах Брэста.
– Вы пазнаёмцеся бліжэй, а мне трэба ісці і адрабляць панскі хлеб, – сказаў Тадзік Веры і Сяргею і пайшоў у двор, раптам сумна зрабілася, усё стала чужым, гэты маёнтак, сяляне і нават Вера здалася непатрэбная: сустрэліся выпадкова, гэтак жа разыйдуцца без шкадавання і смутку, бо кожнага з іх чакае асабісты і нікому невядомы лёс.
Вера зацікаўлена зірнула на Сяргея і спытала:
– Скуль ты?
– З Вялікай Багны.
– Вялікая вёска?
– Вялікая, але раскіданая па астравах у балоце.
– Шкода бычка аддаваць?
– Шкода, але, як кажа адзін мой сусед, усялякая ўлада – ад Бога, а мы, маленькія людзі, мусім ёй слугаваць.
– Усё ты правільна кажаш, толькі шкада, што нам усё жыццё давядзецца слугаваць ды падначальвацца іншым, – сумна ўсміхнулася Вера.
Бачыла, што і Сяргей яшчэ вельмі юны, нават шчэць на шчаках не прабіваецца, колькі яму на выгляд, мо гадоў шаснаццаць, не болей, проста высокі ўдаўся, выгнала яго, як тычку. Маладыя хлопцы мусяць сядзець па хатах, пазбягаюць лішні раз сутыкацца з немцамі, з партызанамі ці яшчэ з кім. Вайна – час уладарання страху і смерці, прыніжэння і гвалту. Няўжо Богу патрэбна было гэтае няшчасце пасылаць на людзей? Мабыць, не, гэта іншыя людзі такія нахабныя, што дазваляюць сабе парушаць межы чужых дзяржаў, распараджацца чужымі жыццямі, навязваць сваю волю, быццам яны і самі багі.
– Удачы табе, Сяргей, – сказала Вера і пашыбавала да маці.