Выбрать главу

Сяргей правёў позіркам гаваркую незнаёмку, думаючы, як лёгка дзяўчаты сыходзяцца з людзьмі. Падышла, распытала, што трэба, і падалася па сваёй справе. Ён, можа, ніколі не здолеў гэтак прычапіцца да чужога чалавека. Але рэч зразумелая, самотна ёй тут, у маёнтку, вось і шукае дзе-якіх стасункаў. А Сяргею не да размоў, здаць бы свайго бычка, ды хутчэй дахаты. Пятнаццаць вёрст – дарога не надта каб вялікая для вясковага чалавека, але хацелася вярнуцца засветла, каб не дрыжаць ад страху, ідучы лесам. Ваўкі зімой галодныя. Ад аднаго мо і адбіўся б, а калі цэлая зграя насцігне, дык на паратунак не спадзявайся. Цётка Куліна расказвала, што летась унадзілася да яе на хутар хадзіць ваўчыца. Стане зводдаль і глядзіць у вокны, быццам чакае каго. Міжволі падумаў пра брата Андрэя, які пад прымусам пайшоў служыць у паліцыю і атрымаў вінтоўку. Са зброяю ніякія ваўкі не страшныя, можна па адным пакласці…

12

На зваротным шляху Сяргею пашанцавала: сустрэў аднавяскоўца, старога Пракапея, які дагнаў яго на ладным кані, запрэжаным у сані, ды прапанаваў падвезці.

– Дзякую, дзядзька, баяўся што мяне ў дарозе ноч прыхопіць, – узрадавана сказаў хлопец, ямчэй усаджваючыся і загортваючы ногі ў сена.

– Не дзіўна, дні цяпер кароткія, як вераб’іная дзюбка.

– Адкуль, дзядзька, едзеш? – спытаў хлопец, каб падтрымаць гаворку, бо нядобра ж уваліцца ў чужыя сані ды маўчаць.

– Дачку наведаў, замужам яна ў Замошшы. Унукаў паглядзеў, сэрца пацешыў, што не спыніцца на мне род. Хаця па цяперашнім часе цяжка спадзявацца на нешта добрае. А ты адкуль дыбаеш?

– Здаў бычка пану Руткоўскаму.

– Дык ты яшчэ добра ўправіўся. Я вазіў бульбу тыдні тры таму, дык ледзь не цэлы дзень там правалаводзіўся. А як твайму брату ў паліцыі служыцца?

– Неяк служыць. Куды ж дзявацца? Солтыс выклікаў і сказаў: "Выбірай, што табе больш даспадобы, або едзь у Нямеччыну, або ідзі ў паліцыю". Мы падумалі, падумалі і вырашылі, што лепш застацца дома…

– Вядомая рэч, чужына нікога не грэе. Але і тут мы не гаспадары. Няма жыцця беднаму чалавеку. Гэта калі ж такое было, каб закалоць парсючка, трэба браць дазвол ды яшчэ падзяліцца з немцам? – дзядзька злосна плюнуў убок. – Каб яно спрахла! Якой толькі ўлады я ўжо не пабачыў! Пры цары жыў, пры паляках, пры Саветах, цяпер пры немцах – але шчасця так і не прыдбаў, адна калатнеча. Усё жыццё па войнах уроскід…

– Пашанцавала мо тым, хто з’ехаў у Амерыку за польскім часам.

– Мо каму і пашанцавала, а мой брат як паехаў, дык толькі адзін раз паспеў прыслаць жонцы грошай на карову, на тым усё скончылася. Вайна пачалася…

– Мо пасля вайны адгукнецца…

– Эх, нашы людзі, як тая лаза, вынішчаюць яе, выпальваюць, высякаюць, а яна расце ды расце, – уздыхнуў Пракапей. – Мне ў маленстве дзед такую казку расказваў: паставіў адзін чалавек хату на тым месцы, дзе да таго рос вялізны лазовы куст. Добрая атрымалася хата, але як толькі снег сышоў, палез лазняк з-пад сцен, на прызбах, у двары і агародзе – скрозь. Што ні рабіў чалавек: варам паліваў, соллю пасыпаў, высякаў – усё дарма. Стаміўся гаспадар, змірыўся і вырашыў пачакаць ды паглядзець, што будзе. Лаза за нейкі месяц разраслася так, што ні сцежкі, ні дарожкі не пракласці. Ужо гаспадар хацеў перавезці хату з гэтага праклятага месца. Але аднойчы зайшоў да яго нейкі старац ды пытае:

– Чаго ж вы, людцы, у такім дзікім кустоўі жывяце?

– Насланнё нейкае на нас, ніяк не можам лазу вынішчыць, – адказаў гаспадар.

– А вы вось што зрабіце: выкапайце з дожджыкам кожную лазіну і пасадзіце на беразе ракі. Калі ўсё зробіце добра, дык да вясны ўвесь куст да рэчкі сам перабярэцца.

Сказаў тое стары і пайшоў сваёю дарогаю. А тут раптам і дожджык заімжыў. Перанёс гаспадар лазняк да рэчкі, незаўважна ўся лаза туды перабралася. Вось гэтак і нас гоніць нядоля ці ў Расію, ці ў Амерыку, ці ў Нямеччыну, а мы трымаемся за свае палі, балоты, лясы, рэчкі, азёры. Карчуюць нас, забіваюць, вынішчаюць, а мы жывём і будзем жыць, бо гэтую зямлю нам Бог даў. Наша яна, хто б тут ні прыходзіў ваяваць ды кіраваць. І нічога няма даражэйшага для нас за яе. Калі лазіну моцна сагнуць, а пасля раптам адпусціць, дык яна добра сцебануць можа. Так і мы, мусіць, патрываем да часу…

Пракапей змоўк, думаючы пра нешта сваё, Сяргей таксама не заводзіў гаворку, а прылёг і хутка задрамаў, нават нешта прысніў, але пасля ніяк не мог успомніць сон, бо знянацку разбудзіў яго дзядзькаў голас:

– Прыехалі, дзякаваць Богу…

Сяргей расплюшчыў вочы, сеў, агледзеўся. Сані стаялі насупраць Пракапеевай хаты.

– Дзякую, дзядзька, што давёз. Я і паспаў трохі.

Пракапей пільна пазіраючы ў бок Сяргеевага двара, сказаў: