Выбрать главу

– Нейкія пайшлі да вас, са зброяй…

– Мусіць, брат з сябрамі. Ён меўся днямі прыехаць, – адказаў Сяргей.

– Не, гэта не нашы. Перачакай у мяне. Калі чужыя, дык доўга не затрымаюцца. Няма ў вас багацця, за якое можна пабіцца… Хаця ў лесе ўсім холадна ды голадна, вось яны і цягнуцца ў вёску, чым пажывіцца…

– Думаеш, партызаны?

– А хто ж іх цяпер, хлопча, разбярэ? І хто каму праўду кажа? Прыходзяць і патрабуюць: дай тое, дай гэтае. Адказваю: бяры сам, што хочаш. Бо калі па добрай волі табе што дам, дык немец мяне і маю сям’ю за гэта на той свет накіруе без усялякіх размоў. Бяруць больш, чым ім трэба, вочы завідныя, і рукі ім не паадсыхаюць. Жончыны транты пабралі ды палюбоўніцам пааддавалі. Мая баба пасля пазнала свой андарак і хустку на адной з нашых. Яны, ці бачыш, яшчэ і заляцаюцца! – нездаволена мармытаў Пракапей, расчыняючы вароты і заводзячы каня ў двор. – Распрагай каня і вядзі ў хлеў, а я ля весніц пастаю, паназіраю, што тут да чаго. Калі што, я цябе паклічу.

Сяргей спрытна вызваліў каня ад вупражы (той ажно грываю задаволена страсянуў, кожнаму воля мілая), паклаў на сані, бо не ведаў, дзе яе гаспадар захоўвае, павёў каня ў хлеў, ласкава паляпваючы па шыі і прыгаворваючы:

– Кося, мой кося! Які ж ты рахманы! Добры ў цябе гаспадар, вось і ты такі самы…

Завёў каня ў стойла, кінуў ахапак сена, пастаяў, з замілаваннем паназіраў за ім. Сяргей любіў коней. Як усялякі вясковы хлопец, ён змалку дапамагаў бацькам па гаспадарцы, даглядаў жывёлу, пасвіў яе і быў перакананы, што яна разумная, як чалавек, толькі размаўляць не ўмее. Карова стаяла ў асобнай загарадцы, павярнула галаву, насцярожана пазірала на чужога чалавека.

– Не бойся мяне, – сказаў Сяргей ёй, – я цябе не пакрыўджу, – і высунуў галаву ўў праём дзвярэй, каб паглядзець, ці не кліча яго дзядзька, але той адчайна замахаў рукою, каб Сяргей заставаўся ў хляве.

Хлопец вярнуўся, умасціўся на сене і злосна падумаў, што нават у сваім сяле нельга вольна пачувацца. Людзі жывуць у страху: баяцца немцаў, солтыса, паліцаяў і тых людзей, што хаваюцца ў лесе. Кожны, хто мае зброю, можа прыйсці і забраць, што захоча. Таму мусіш быць гатовы аддаць усё, абы ацалець.

Дзядзька вярнуўся мо праз паўгадзіны, сказаў:

– Хадзем, паглядзім, што там у вас робіцца.

– Хто такія былі? – спытаў Сяргей.

– Халера іх ведае, нейкія чужыя, мо ўкраінцы, мо савецкія партызаны... Але нешта выйшлі ад вас з пустымі рукамі, мусіць, не знайшлі нічога вартага, што можна было б узяць.

Незразумелае хваляванне раптам ахапіла хлопца, адчуў нават, як закалацілася сэрца, заспяшалася ў прадчуванні нейкае бяды. Дзядзька, мусіць, заўважыў ягоную трывогу і разгубленасць, таму супакоіў:

– Не турбуйся раней часу, пайшлі…

Дзверы ў сенцы былі адчыненыя. Аднекуль пачулася галашэнне маці, Сяргей нават не зраўзумеў адкуль, рынуўся ў пакой. Там было пуста.

– Што гэта? – прымхліва акругліў вочы дзядзька і паказаў угору.

Хлопец зірнуў туды і ўбачыў, што на столі чырвонай плямай расцякалася кроў, капала на стол, мачыла настольнік, які набіраўся рудым колерам. Зноў пачуўся роспачны крык маці.

– На вышках яна, – здагадаўся Пракапей.

Сяргей кінуўся ў сенцы, ускараскаўся на гарышча па драбінах, следам за ім палез і сусед. У паўзмроку хлопец не адразу зразумеў, што тут робіць маці, і спытаў:

– Што здарылася? Чаго ты крычыш?

– Кольку-у-у забілі-і-і… – сказала яна, расцягваючы словы. – Забілі-і-і майго сыночка…

– Хто, за што?

– Партызаны-ы-ы… Сказалі, што ён здраднік, паліцай…

І толькі зараз убачыў Сяргей нерухомага брата, які ляжаў у нейкім рыззі. Грудзі ягоныя былі прастрэленыя ў трох месцах, уся сарочка чырвоная ад крыві. Сэрца скаланулася ад болю і жалю. Спазм сціснуў на хвіліну горла і не даваў ні прадыхнуць, ні сказаць якое слова, каб суцешыць маці.

– Чаго ж ён на гарышчы апынуўся? – спытаў Пракапей.

– Убачылі мы, што заварочваюць да нас, вось і кінуўся мой сынок хавацца. А я разгубілася, не прыкрыла ягоную вопратку посцілкаю. Ды ім нехта падказаў, яны і так ведалі, што ён прыехаў дамоў. Лепш бы ён на службе застаўся, мо ацалеў бы…

Яна плакала, расцягвала словы, клікала сына, каб прачнуўся. Сяргей схіліўся над братам, узіраўся ў родныя рысы і яшчэ няздатны быў усвядоміць, што больш яны ніколі не пойдуць разам рыбаліць, касіць сена, араць поле... Нічога ў іх больш не будзе, акрамя ўспамінаў пра ранейшае жыццё.

– Бяда, бяда… Не чужыя людзі падказалі, свае, – уздыхнуў Пракапей. – Пайду, паклічу мужыкоў, каб памаглі знесці на ніз нябожчыка.

Гаспадыня нічога не адказала, толькі прыгладжвала валасы забітага сына і несуцешна плакала. Сяргей таксама шморгаў носам і выціраў слёзы.