Выбрать главу

13

Перад Калядамі навалілася на Тадзіка маркота, што не хацелася ні працаваць, ні варушыцца, ні ўставаць раніцай. Ляжаў з заплюшчанымі вачамі, згадваў, як урачыста адзначалі гэтае свята ў касцёле. Мама з татам рыхтавалі падарункі. Мусіць, той час ніколі больш не вернецца. Калі б скончылася хутчэй вайна, каб вярнуўся тата, сабраліся б усе разам, колькі радасці было б у хаце! Пра гэта можна толькі марыць, але ці збудуцца тыя мроі. Ён нават падумваў ужо папрасіць пана Руткоўскага, каб той выпісаў яму аўсвайс, які дазволіў бы вярнуцца ў Лазнякі, бо немагчыма тут марнаваць час на чорную працу, калі Радзіма перажывае здзек і гвалт, але ўсё адкладваў, бо пан Руткоўскі ўжо два тыдні не паказваўся ў маёнтку. Аканом вазіў тройчы на тыдзень яму харчы.

У адну з такіх снежаньскіх раніц, калі вельмі позна развідняе, прыйшла да яго Вера, села на пасцель і спытала:

– Захварэў ці што?

– З чаго ты ўзяла?

– На сняданак не прыйшоў.

– Не хочацца есці, нічога не хочацца… Але цябе бачыць рады.

– Пайшлі, яечню табе падсмажу.

– Навошта? Паснедаю разам з абедам…

– Капрызны паніч, вось ты хто, – усміхнулася Вера.

Тадзік абняў яе за шыю, прыцягнуў да сябе, пацалаваў. Яна не адбівалася, прагна адказвала на пацалункі. Ён адсунуўся, вызваліў месца, каб яна легла побач. Яны доўга цалаваліся, але Вера баранілася і не дазваляла яму нічога лішняга. І тады ён узбунтаваўся і сказаў:

– Ты не кахаеш мяне.

– А ты мяне хіба кахаеш?

– А нягож, – пасміхнуўся ён.

– Хлусіш, – адказала Вера і паднялася з пасцелі. – Не кахаеш, не трэба я табе. Бавіш са мною час, а сам сумуеш, няма тваёй душы спакою. Каханне можа быць адно назаўсёды. А ты, пэўна, з тых пералётных птушак, якія дзе зазімуюць, там і новае каханне адчуюць.

– Прабач, Вера, але не пра тое павінен думаць сапраўдны грамадзянін. Польшча пад немцамі, мы павінны паўстаць усе разам і змагацца за яе вольнасць.

– А я не хачу ні з кім змагацца, хачу кахаць, мець сям’ю: мужа надзейнага ды разумных і прыгожых дзяцей. Малы ты яшчэ. Хлопцы наогул адстаюць у развіцці ад дзяўчат. Хадзем ужо. Аканом загадаў, каб ты праз гадзіну да пана Руткоўскага з’явіўся.

– Добра, ідзі. Я ўмыюся і прыйду.

Вера ўздыхнула, павярнулася і пайшла, толькі ціха грукнулі дзверы. Тадзік падняўся з пасцелі, наблізіўся да люстэрка, агледзеў твар, пакратаў пальцамі падбародак, акрыты цёмным пушком і падумаў, што трэба недзе раздабыць брытву і пара пачынаць галіцца, бо хутка барада вырасце. Усміхнуўся сам сабе з гэтае думкі, умыўся пад рукамыйнікам, які вісеў на сцяне. Вада звонка зацурчэла ў медны таз, падстаўлены пад рукамыйнік. Выцерся ручніком, прычасаўся і застаўся задаволены сваім знешнім выглядам. З люстэрка пазіраў на яго светлавалосы, сінявокі хлопец, даволі прыемны, з тонкім прамым носам. Яму здалося, што ён усё больш рабіцца падобны да бацькі. Яго згадаў Тадзік і з сумам падумаў: "Калі ж настане той час, каб здолелі мы сабрацца ўсе разам на Каляды, як раней? Як там мама адна жыве?" Адказу на гэтыя пытанні не знайшоў, але супакоіў сябе тым, што ўсё мае канец, некалі скончыцца вайна і ўсё будзе яшчэ лепш, чым было.

Пасля сняданку Тадзік пайшоў у кабінет пана Руткоўскага. Гаспадар сядзеў за сталом, перабіраў газеты. У пакоі было накурана, быццам тут паліла добрая кампанія.

– Заходзь, Тадзік, смялей. Я чакаю цябе, – сказаў пан Руткоўскі, устаў з-за стала, перасеў на канапу. – Мо кавы хочаш?

– Дзякую, я добра паснедаў, – адказаў хлопец.

– Дык і добра. Як табе жывецца тут?

– Вы ж ведаеце, у гасцях добра, а дома лепш.

– Дамоў хочацца, да маці?

– Я хочу біць ворагаў, а замест гэтага ўсю восень малаціў снапы на таку, каб карміць іх. Дальбог, іншы раз хацелася ў зерне якой атруты падсыпаць!

Пан Руткоўскі засмяяўся і адказаў:

– Бачу ў тваёй асобе сапраўднага польскага патрыёта, гэта мяне радуе. Набліжаецца час адкрытай барацьбы з захопнікамі. Мы збіраем сілу і зброю. Патрывай яшчэ трохі. А калі табе набрыдла малаціць снапы, дык я прапаную табе службу ў Брэсце. Ці пойдзеш працаваць у гебітскамісарыят кур’ерам?

– Служыць немцам?

– Служыць будзеш Польшчы. Вывучай горад, заўважай, дзе збіраюцца немцы гуртам па вечарах ці ўдзень, сачы, запамінай, дзе можна непрыкметна праслізнуць міма вартавых, як уцячы ад пагоні, дзе можна падкласці міну, каб узарваць якое асінае гняздо. Я буду пасылаць цябе ў розныя ўстановы, а ты будзеш маім вачамі.

– Ці згодны ты на такую службу?

– Згодны на ўсё, каб толькі хутчэй вольнаю стала Польшча, каб зноў здолела сабрацца разам мая сям’я!