Выбрать главу

Хлопцы ішлі размашыста, з узгорка нават рванулі подбегам, так былі захопленыя мэтаю, што не зважалі на палеткі, падзеленыя на рознакаляровыя палоскі, засеяныя жытам, ячменем, лёнам ці грэчкаю. У Альхоўку вырашылі не заходзіць, патупалі па-за клунямі, а потым напрасткі рушылі да старых кар’ераў, дзе некалі капалі гліну для цэглы. Паблізу тых ямаў і адкрылася ім вялікае багацце, якое пакінулі, адступаючы, чырвонаармейцы: плашч-палаткі, тонкія сінія коўдры, мундзіры, шапкі з чубамі і вялікімі зоркамі, нешта жоўтае ў скрыначках.

– Мо цукеркі? – зацікаўлена спытаў Тадзік. – Дзяўчат можна пачаставаць на вячорках.

Мішка тыцнуў пальцам у жоўтае змесціва, лізнуў і сказаў:

– Нешта абы-што.

– Ды гэта ж порах! – раптам здагадаўся Яська.

– Выдатна! Трэба браць! На што-небудзь спатрэбіцца! – узбуджана загадаў Тадзік.

Хлопцы пачалі запіхваць за пазухі скрыначкі, толькі Монік марудзіў азіраўся па баках, быццам вышукваў нешта больш каштоўнае.

– Ты чаго, Монік? – спытаў Яська.

– Нашто мне той порах? Глядзіце колькі тут усяго!

Ён разаслаў плашч-палатку і стаў кідаць туды ўсё, што траплялася пад рукі: гімнасцёркі, шапкі, коўдры... Астатнія хлопцы не адставалі, нават спаборнічалі, хто больш рэчаў збярэ ды панясе, ажно зазепаліся, занятыя справаю. Іх спыніла рэзкая каманда:

– Хэндэ хох!

Сябры замерлі на імгнене ад нечаканасці, нават адразу разагнуцца не здолелі, толькі паднялі спалоханыя вочы і ўбачылі немца з накіраваным на іх пісталетам. Гітлеравец паўтарыў каманду. Падлеткі марудна выпрасталіся з рукамі, узнятымі ўгору. Вораг нешта злосна гергетаў, паказваючы рукою ў бок лесу. Хлопцы нічога не разумелі, маўчалі, збялелыя ад страху, скаваныя жудасным прадчуваннем. Немец паклікаў свайго хаўрусніка, цяпер яны ўдвох нешта абмяркоўвалі. Паклікалі яшчэ аднаго, і той па-польску спытаў:

– Што вы тут робіце?

– Шукаем гусей… Згубіліся недзе… – схлусіў Тадзік. – Знайшлі гэтыя пакінутыя рэчы… Ну, не прападаць жа дабру…

– Для чаго вам порах?

– Для гульні, думалі: будзе чым рыбу глушыць.

– Для чаго вам мундзіры і шапкі? – дапытваўся немец.

– Дык гэта ж вопратка! Можна апранаць і насіць! Нашы жанчыны прадуць ды ткуць, а тут усё гатовае, пашытае! – азваўся Мішка.

– Дык для чаго вам порах? Вы партызаны? З лесу?

Па ўсім было відаць, што перакладчык не верыў ні аднаму слову падлеткаў, павярнуўся да таварышаў, яны зноў нешта абмяркоўвалі.

Хлопцам загадалі спусціцца ў яму ад снарада, стаць у радок. Тадзік адчуў, што ногі быццам прыраслі да зямлі, не слухаюцца, цела здранцвела і пакрылася ліпкім халодным потам, ён толькі ў думках паўтараў: "Гэта ўсё… Гэта ўсё".

Немец з пісталетам стаў на брустверы, махнуў рукою і ўсміхнуўся двум таварышам, якія некуды адыходзілі, потым прыцэліўся, грымнуў стрэл – Монік зваліўся, як падкошаны, наступны – Мішка. Пасля пісталет асекся. Немец трос яго, ціснуў на курок, лаяўся…

Тадзік быццам апрытомнеў, скінуў здранцвенне, выскачыў з ямы, за ім кінуўся і Яська. Пабеглі ў розныя бакі. Тадзік чуў за спіною цяжкія крокі, немец гнаўся за ім. Але ў падлетка былі лёгкія босыя ногі, і ратаваўся ён ад смерці, вораг пачаў адстававаць. Хлопец ляцеў з усяе сілы, сэрца калацілася, здавалася, што ногі вось-вось падкосяцца – і ён рухне на зямлю. Узбег на насып дарогі, імгненна перасек яе, сігануў уніз з насыпу, прыгінаючы галаву, кінуўся да жытнёвага палетку. Пачуў стрэлы – кулі ціўкнулі над галавой.

Тадзік, не азіраючыся, нырнуў у ратавальную збажыну. Пачуў яшчэ некалькі стрэлаў. Кулі зашамацелі ў сцяблінах, свіснулі ля левага вуха, і ўсё сціхла. Ён бег напрасткі да старой дзікай грушы, якая здалёку вабіла яго. Калючае калоссе хвастала па твары, некалькі разоў спатыкаўся, падаў, зноў падхопліваўся і бег далей. Толькі каля дзічкі спыніўся, прыпаў да яе шурпатага камля і азірнуўся. Ніхто яго не даганяў, ніхто не страляў і не крычаў. Задыханы і зняможаны ўпаў на зялёны ўзмежак і заплакаў ад усведамлення, што перажыў жуду і прыніжэнне, але застаўся жывы, а яшчэ ад гора – загінулі сябры, з якімі разам рос, цяпер таксама мог бы ляжаць побач з імі ў яме. Рыданні вырываліся з грудзей і вызвалялі душу ад напружання і страху. Яшчэ мітусіліся ў галаве думкі: "Ці будуць шукаць? Ці жывы Яська?.." Потым душа не вытрымала ўсведамлення жорсткай рэальнасці. Тадзік быццам страціў прытомнасць ці моцна заснуў. Прачнуўся толькі на змярканні, падняўся на здранцвелых непаслухмяных нагах, патаптаўся на месцы, азіраючыся па баках. Нішто не парушала цішыню навокал, як быццам нічога не здарылася, а толькі прысніўся жудасны сон, які хацелася як мага хутчэй забыць. Паволі, насцярожана, рушыў дамоў. Выйшаў з жыта на лужок, адкуль пастушкі ўжо завярнулі статак і гналі дахаты. Пайшоў следам, бо размаўляць ні з кім не меў сілы. Падумаў, мо людзі ўжо ведаюць пра здарэнне, пачнуць распытваць. Невыносна было пра тое думаць, не тое што казаць.