Выбрать главу

Статак увайшоў у вёску. Тадзік завярнуў да сваёй хаты, якая стаяла блізка ад касцёла. Насустрач кінулася маці, заплакала, пачала абдымаць, цалаваць ды распытваць, што і як было. Ён маўчаў, не здатны быў прамовіць ні слова, думаў, што знямеў назаўсёды. Не распранаючыся лёг у ложак, адвярнуўся да сцяны і хутка зноў заснуў, не жадаючы згадваць перажытае, быццам быў вінаваты, што выжыў. Гэта ён мог быць на месцы Моніка і Мішкі.

На другі дзень усё ж мова вярнулася да яго, толькі ўсё роўна нічога не здолеў расказаць маме, адразу, быццам абцугамі сціскала горла, а на вочы набягалі слёзы. Ён саромеўся плакаць пры ёй. Тры тыдні таму забралі міліцыянты яго бацьку і павезлі невядома куды, мусіць, толькі за тое, што служыў арганістам пры касцёле. Усе продкі Сапранецкіх добра гралі на музычных інструментах і хораша спявалі. Толькі Тадзік вучыўся музыцы без ахвоты, ён марыў быць жаўнерам, каб бараніць Айчыну. У такі час выпала жыць, што надта неспакойна было на свеце. Цяпер ён мусіў замяніць на гаспадарцы бацьку і быць апірышчам для маці.

2

Праз дзень на пахаванне Мішкі Пятручыка і Моніка Бляхара сабралася ўся вёска, нават з суседніх паселішчаў людзі папрыходзілі. Хоць гэта былі і не першыя ахвяры вайны. Дзён колькі таму на чыгунцы ў час бамбёжкі быў разбіты цягнік з бежанцамі, шмат людзей там загінула. Вяскоўцы бралі ўдзел у пахаванні тых ахвяр, але там былі чужыя людзі, а тут свае падлеткі. Хлопцам па чатырнаццаць гадоў. Ці ж у такім узросце паміраць? За што? Чаму?

Яська і Тадзік сустрэліся на пахаванні, не маглі зірнуць адно аднаму ў вочы і ад людзей трымаліся ўбаку, не жадалі лішніх размоў.

– Як ты выратаваўся? – спытаў Тадзік.

– Падаўся да Альхоўкі. Мусіць, яны не хацелі мяне ў вёсцы забіваць, хутка адсталі.

– А за мною адзін гнаўся да жыта… Добра, што хоць ты выжыў. Хачу адпомсціць за Мішку і Моніка…

– Як? – з недаверам спытаў Яська.

– Пакуль не ведаю, але што-небудзь прыдумаю… Трэба сабраць яшчэ хлопцаў, мо тых, што былі са мною ў харцэрах.

– Як ты знойдзеш менавіта тых немцаў, якія забілі нашых сяброў?

– Трэба знішчаць усіх фашыстаў! Усе яны – ворагі!

Яська нічога не адказаў, бо ні пра якую помсту не думаў. Зараз ён і твараў тых немцаў не помніў, у вачах стаялі толькі мундзіры з рукавамі, закасанымі да лакцей. Забойцы быццам загодзь паклапаціліся, каб ім не замінала адзенне…

Хлопцы адсталі ад пахароннай працэсіі, звярнулі ў карчы, селі на траву і маўчалі, чакалі, пакуль усё скончыцца. Мішку пахавалі на праваслаўных кладах, парослых соснамі, таполямі ды кустоўем. Габрэі павезлі Моніка на свае могілкі, на далёкі ўзгорак, дзе віднеліся радочкі акуратна абчасаных надмагільных камянёў. Калі людзі разышліся, хлопцы падаліся спярша да свежай магілы Мішкі Пятручыка. Тадзік стаў на калені перад крыжыкам, пагладзіў пясок, прамовіў цвёрда і ўрачыста:

– Я адпомшчу за цябе, Мішка! Не крыўдуй, спачывай. Зямля табе пухам. Мы не вінаватыя, што немец выбраў цябе…

Яська таксама прысеў ля магілы, выцер узмакрэлыя вочы. Ён маўчаў, не ведаў, што сказаць сябру. Толькі выціснуў з сябе:

– Бывай, Мішка, я ніколі не забуду цябе. Зямля пухам…

Яны памаўчалі са схіленымі галовамі, дарослая туга і безвыходнасць апанавала іхнія душы, яшчэ няздатныя ўспрымаць цяжар незваротных стратаў. Потым падняліся і па сухой дарозе, нагрэтай за дзень гарачым летнім сонцам, падаліся да ўзгорка з габрэйскімі могілкамі. Зноў сталі на калені перад Монікавай магілаю. Тадзік пакляўся адпомсціць за сябра, а Яська развітаўся з нябожчыкам. На гэтай магіле яны праседзелі да змяркання і ўжо прыцемкам вярталіся дамоў.

– Трэба шукаць зброю. Без яе якое можа быць змаганене? – прамовіў Тадзік.

– Я, мусіць, не здолею забіць чалавека, – выказаў сумненне Яська.

– Чалавека і я не заб’ю, а ворагаў, нелюдзяў трэба знішчаць. Уяві сабе, што будзе, калі яны запалоняць зямлю! Каго хочуць, заб’юць! І ніякай ім кары! Ніякага страху! Учора яны маглі забіць нас, а заўтра захочуць знішчыць нашых родных, суседзяў, усю вёску! У іх – зброя і сіла! А што рабіць нам, падпарадкаваным, прыгнечаным? Ператварацца ў паслухмяную жывёлу, якую можна запрагаць і гнаць, куды захочацца? Ніколі не згаджуся на гэта! Ніколі! Вакол ворагі, чуеш, Яська?! Трэба змагацца за незалежную Польшчу!