Выбрать главу

– Польшча – для палякаў, – вяла заўважыў Яська, – а куды дзявацца беларусам?

Ён не здатны быў ні на пафасныя прамовы, ні на высокія парыванні. Ведаў, што яму пяройдзе бацькава зямля, якую давядзецца абрабляць, чым спрадвеку займаліся ягоныя продкі. Хаця, мяркуючы па прозвішчы, і яны некалі мелі нейкае дачыненне да войнаў, якія вяло Вялікае Княства Літоўскае, інакш адкуль узялося б прозвішча Вайновіч.

– Думаю, беларусам трэба жыць у Беларусі. Але ж мы можам утварыць адну дзяржаву – новую Рэч Паспалітую, – сказаў Тадзік. – Жывуць жа ў нашай вёсцы мірна побач каталікі і праваслаўныя!

– Аднак у гэтай новай дзяржаве зноў будуць толькі польскія школы і адпаведнае стаўленне да нас. Як кажа мой бацька, беларус – халоп, чорная косць, ні да навукі яго, ні да кіраўнічай пасады палякі не дапусцяць… А чым мы горшыя? – неяк абыякава прамовіў Яська, пераняўшы ад старэйшых асуджанасць вышэйшымі сіламі несці крыж прыгнечаных пакутнікаў.

– Спадзяюся, што цяпер будзе ўсё інакш. Сябруем жа мы з табою. Яшчэ Пілсудскі марыў ашчаслівіць свой край, а ён родам з Віленшчыны, з Вялікага Княства Літоўскага. Яму не ўдалося дабіцца роўнасці грамадзян з-за ўласнай хваробы і заўчаснай смерці. Ды ты паглядзі, нават негры ў Амерыцы атрымалі грамадзянскія правы. Свет мяняецца!

– Недзе нешта мяняецца ў лепшы бок. А да нас немцы прыйшлі. Мы с табой іхняга дабра пакаштавалі... Калі і чым гэта скончыцца, невядома?

– Бог карае зло! І з немцамі разбярэцца!

– Дык, можа, нам не трэба ўмешвацца? – з’едліва спытаў Яська.

– Памыляешся, мы павінны слугаваць Богу, змагаючыся са злом у сабе і іншых!

– Калі гаворка ідзе пра забойства, дык невядома, чым дабро адрозніваецца ад зла...

– Ды ідзі ты да д’ябла. У вас, беларусаў, ёсць шкодная звычка, скардзіцца на лёс, цягнуць долю, як цяжкі воз, і нічога не рабіць дзеля таго, каб палепшыць сваё становішча.

– А ў вас, палякаў, занадта шмат пыхі! Любіце вы чужымі рукамі жар заграбаць, а пасля перамогі між сабою дзяліць уладу і трафеі! З гісторыі ведаю і ад бацькі тое-сёе чуў!

– Годзе глупства чаўпсці! – раззлаваўся Тадзік, які звык, каб яго слова было апошняе.

Ясь таксама, не жадаючы ўвязвацца ў спрэчку з сябрам, сказаў толькі:

– Бывай, змагар за лепшую долю Польшчы! Пайду, бадай…

Тадзік нічога не адказаў, засунуў рукі ў кішэні і падаўся дамоў. У душы яго ўжо выспяваў яшчэ невыразны план. Ён думаў, што варта стварыць падпольную групу, каб выбіваць немцаў па адным. А для гэтага трэба пахадзіць па навакольных вёсках, сустрэцца з хлопцамі, якія вучыліся з ім у Лазнякоўскай школе, хоць сябраваў ён з маленства найбольш з Мішкам Пятручыкам ды Яськам Вайновічам. Разам яны да трыццаць дзявятага года скончылі па тры класы польскай школы. Потым прыйшлі Саветы. Лічылася, што руская школа дае больш глыбокія веды, чым польская, таму хлопцаў зноў завярнулі ў другі клас. У габрэйскіх дзяцей была свая школа насупраць сінагогі, але яе зачынілі. Тады разам з імі пачаў вучыцца Монік Бляхар. Два гады яны трымаліся разам, сябравалі, рыбалілі, збіраліся з восені пайсці ў пяты клас. І вось усе планы парушыліся – пачалася вайна. Мішкі і Моніка няма на свеце, хоць з гэтым Тадзікава душа ніяк не магла змірыцца, а тое, што давялося перажыць, здавалася страшнай праявай. Аднак не варта па-страусінаму хаваць галаву ў пясок, быў жа на магілах сяброў, раўняў жвір даланёю. Жыццё патрабавала змірыцца з тым, што ён больш ніколі не ўбачыць Монікаву чарнявую галаву і белабрысую – Мішкаву. І за іх трэба было разлічыцца з немцамі, а яшчэ больш за свой прыніжаны гонар. Хто яны такія, што лічаць для сябе магчымым забіваць людзей без суда і следства? Хто ім даў такое права? Самі ўзялі! Не думаюць, што на іхнюю сілу знойдзецца яшчэ большая сіла. Калі б паўстала Польшча, каб распрастаў крылы яе белы арол над акупаваным народам! Пакуль гэта была толькі палкая мара падлетка, які нічога сам не мог зрабіць і спадзявацца не меў на каго. Даймала самае набалелае пытанне, якое пакуль ніяк не вырашалася, дзе ўзяць зброю? Але з узбраеннем можна пакуль было і не спяшацца, спачатку трэба было знайсці аднадумцаў. І тут Тадзік грэбліва пасміхнуўся, думаючы пра Яську: "Быў адзін, ды і той не адарвецца ад матчынай спадніцы да вяселля".

У Тадзіка на яго няпоўных чатырнаццаць гадоў набралася даволі крыўдаў. Крыўдаваў ён на савецкую ўладу, якая забрала яго бацьку якраз напярэдадні вайны. Яны з маці былі перакананыя, што іх хутка заграбуць таксама. Але немцы пайшлі ў наступ, і цяпер пагроза з’явілася з іншага боку. Хто ведае, мо бацька ацалее ў савецкай турме і пераседзіць вайну… Крыўдаваў Тадзік на польскі ўрад, які здолеў схавацца за мяжою ў той час, як Радзіму захапілі ворагі. Ксёндз казаў, што еўрапейскія краіны спачуваюць палякам і гатовыя пры нагодзе дапамагчы, але калі тая дапамога яшчэ прыйдзе? Дарослыя думаюць і разважаюць па-ўсялякаму, а што насамрэч здатнае прынесці жыццё, ніхто нічога пэўнага сказаць не можа. На гітлераўцаў не проста крыўдаваў, а люта іх ненавідзеў, і разумеў, калі самі палякі не падымуцца супраць ворагаў, дык вызвалення чужымі рукамі можна і не дачакацца.