Выбрать главу

3

У Тадзіка з Яськам сапраўды адносіны прыкметна сапсаваліся. Двойчы за тыдзень яны выпадкова сустракаліся на вуліцы, але не атрымалася гаворкі і ранейшага разумення. Толькі новыя трагічныя акалічнасці прымусілі Тадзіка здрыгануцца сэрцам і зразумець, што настаў час не проста выжывання, а жорсткай барацьбы за ўласнае жыццё і існаванне краіны. Праз тыдзень у вёску заявіліся немцы на конях, чалавек дзесяць, сабралі людзей на пляцы перад касцёлам на сход, настрашылі смяротнаю караю за парушэнне нямецкіх парадкаў, захоўванне зброі, забароненай літаратуры і радыёпрыёмнікаў, за дапамогу камуністам і ўсім тым, хто ім спачувае. А ў канцы прачыталі спіс з прозвішчамі трынаццаці вясковых мужчын, якім было загадана застацца, астатнім людзям дазволілі разысціся па хатах. У ліку затрыманых аказаўся і Яськаў бацька. Арыштаваных лазнякоўцаў у той жа дзень пад вечар немцы вывелі на ямы каля Альхоўкі і пастралялі. Зноў вёска напоўнілася галашэннямі і жалобаю.

Назаўтра нябожчыкаў хавалі. Трынаццаць трунаў правезлі на вазах па селішчы з краю ў край, даючы магчымасць забітым развітацца з роднаю вуліцаю. Яськава маці і трое сясцёр галасілі над труною бацькі, а Яська толькі шмыгаў носам і час ад часу выціраў слёзы, якія самі сабою ліліся з вачэй.

Пасля пахавання Тадзік падышоў да сябра, выказаў спачуванне і спытаў:

– Што думаеш рабіць далей?

– Сам бачыш, застаўся я адзіны мужчына ў хаце. Цяпер уся гаспадарка на мне…

– Ці пацягнеш?

– А што рабіць? Буду цягнуць, колькі здужаю…

– Што напрацуеш, тое немцы забяруць. Дык які сэнс?

– Не ведаю, неяк трэба выжываць… У мяне сям’я…

– Трымайся, – падаў руку на развітанне Тадзік, разумеючы, што з Яські барацьбіт ніякі, і адчуў слабы ягоны поціск, быццам сябар страціў сілу на пахаванні.

Дома Тадзік застаў маці, якая сядзела ля стала, перад ёю ляжалі два заручальныя пярсцёнкі.

– Мама, што здарылася? – насцярожыўся сын.

– Набліжаецца жніво. Трэба наняць жанчын-жнеяк, а плаціць за работу няма чым. Хачу занесці габрэю Навуму пярсцёнкі, мо дасць якіх грошай. Хаця, хто ведае, чым цяпер разлічвацца. Савецкія грошы немцы не прызнаюць, злотыя – таксама, нямецкіх марак ні ў кога няма. Вось і думай, як выблытацца з гэтай турботы.

Тадзікаў бацька, працуючы арганістам пры касцёле, атрымліваў такую-сякую плату, а яшчэ меў чатыры гектары зямлі, якую апрацоўвалі звычайна найміты. Бацькі на полі самі ніколі не працавалі, лічыліся, няхай і беднаватымі, а ўсё ж панамі. І размаўлялі яны ў сям’і заўсёды па-польску, хоць і ведалі тутэйшы беларускі дыялект, але карыстаўся ім толькі Тадзік, які з маленства вадзіў хаўрус з вясковымі хлапчукамі.

– Безумоўна, трэба выменяць золата на маркі. У Навума, мусіць, яны ёсць, ён жа трымае краму, гандлюе, – сказаў Тадзік.

– Вой, сынок, што ён можа цяпер прадаць? Раздае людзям тавары напавер, складае спіс, бо ведае, што немцы могуць усё проста так забраць, а з людзей можна будзе пасля вайны спагнаць.

Маці у той жа дзень пайшла да Навума і прынесла грошы, якіх пасля якраз хапіла на тое, каб разлічыцца з наймітамі за працу. Калі былі зжаты пшаніца, жыта, проса, ячмень і выкапана бульба, Тадзік сам узяўся малаціць. З ранку да вечара грукаў ён цэпам на гумне, ад гэтай працы па начах балелі рукі і спіна, але ён не даваў сабе роздыху, бо ў яго саспела мэта, дзеля якой ён стараўся з усяе сілы. Пасля завяршэння малацьбы меў намер ехаць у Беласток ці ў Брэст, яшчэ дакладна не вырашыў, каб шукаць аднадумцаў, людзей здатных змагацца з фашыстамі. Вёска Лазнякі знаходзілася на амаль аднолькавай адлегласці ад гэтых гарадоў, таму Тадзік доўга выбіраў, куды яму лепш падацца, ды больш схіляўся да Беластока, бо там жыла маміна сястра Марціна, у якой можна было часова спыніцца і пагасцяваць. Свае намеры пакуль трымаў у тайне ад маці, ведаў, што яна будзе пярэчыць, дык навошта лішнія размовы і звады?

У канцы верасня да Тадзікавай маці прыйшоў габрэй Навум, у чорным адзенні, з сівымі кучаравымі пасмамі, што выбіваліся з-пад круглай шапачкі, павітаўся, папрасіў прабачэння, што турбуе і сказаў: