– Дык ты з Лазнякоў? – здзівіўся паліцыянт, пераходзячы на польскую мову.
– Так.
– А я з Альхоўкі! Землякі!
Толькі цяпер Тадзік успомніў гэтага хлопца. Ён вучыўся ў іхняй школе, але быў старэйшы на некалькі гадоў.
– Успомніў? Пазнаў? – задаволена спытаў паліцыянт. – Стась Залеўскі мяне клічуць!
– Чаго ж ты, Стась, пайшоў немцам служыць? Гэта ж ганьба для сумленнага чалавека.
– Чаму ганьба? Я зарабляю на хлеб сабе і сям’і. Трэба ж неяк выжываць.
– З-за таго, што такія, як ты, прадаюцца, немцы могуць падумаць, што мы іх тут чакалі і радыя іхняму прыходу.
– Годзе, не распаляйся! Я пры ўладзе! Магу пасадзіць у турму або расстраляць! – пасміхнуўся Стась.
– Нам толькі гэтага не хапала – сваіх знішчаць!
– Супакойся, пойдзем да мяне, я побач здымаю пакойчык. Ты, мусіць, з дарогі галодны, таму злосны. Пакармлю, растлумачу, што да чаго!
– Не пайду я да цябе!
– Не хочаш па добрай волі, дык я загадаю! І ровар адбяру! Я ж пры ўладзе, што захачу, тое і зраблю. А для гэтага ў мяне карабін на плячы вісіць. Бачыш?
Тадзік зірнуў на карабін і ў галаве мільганула думка: "Такая рэч і мне спатрэбілася б. Мусіць, варта з ім пайсці… А там будзе бачна…"
Стась жыў на кватэры ў немаладой кабеты, якая сустрэла іх даволі ветліва, дазволіла паставіць ровар у сенцах, прапанавала чайнік вару, гатовага вельмі дарэчы.
– Тут я і жыву, – сказаў Стась, заводзячы госця ў бакоўку, дзе стаяў ложак, маленькі круглы стол ля акна з двума зэдлікамі каля яго.
– Нічога, на аднаго паліцыянта дастаткова, – ухваліў жытло Тадзік. – Асуджаныя не ў такіх умовах трываюць.
– Скуль табе ведаць? Зялёны ты! Чатырнаццаць гадоў, як сведчыць аўсвайс!
– Душою я ўжо на ўсе дваццаць даспеў…
– Годзе яршыцца, здымай куртку, паабедаем, што Бог паслаў.
У Стася знайшоўся добры кавалак сала, хлеб і цукар. Гэтага хапіла хлопцам, каб наталіць голад, супакоіцца і больш разважліва працягваць гутарку.
– Сапраўдны паляк павінен біць захопнікаў, гнаць іх прэч з роднае зямлі! – ціха сказаў Тадзік.
– Цалкам згодны з табой, – перайшоў на шэпт Стась. – Але, каб ведаць намеры і планы гітлераўцаў, трэба некаму быць у іхнім асяродку і папярэджваць сваіх.
– А дзе яны, тыя свае? Я прыехаў іх шукаць, а знайшоў толькі паліцыянта, служку ворагаў, які прыкідваецца добранькім, частуе меня салам і робіць выгляд, што жадае мне і свайму народу дабра!
– Усё ёсць! Польшча збірае сілы, рыхтуецца да знішчэння ворагаў. Нідзе ім не будзе месца, скрозь іх чакае на нашай зямлі пекла!
– Паслухай, чым так шмат гаварыць, лепш паказаў бы мне хоць аднаго таго свайго.
– Кожнага чалавека, які імкнецца да агульнай справы, трэба спярша добра праверыць. А ты ж яшчэ да ўсяго непаўналетні. Немцы на цябе рулю навядуць – пачнеш крычаць: "Мама, ратуй!"
– Быў я пад руляю. Ведаю, што гэта такое…
– Калі паспеў?
– Маіх двух сяброў расстраляў немец, а пасля ў яго асечка атрымалася, мне і яшчэ аднаму хлопцу ўдалося ўцячы…
– У сарочцы нарадзіўся? Добрая прыкмета… Хто ў цябе ёсць у Беластоку?
– Цётка.
– Вельмі прагнеш яе пабачыць?
– Не надта каб, – паціснуў плячамі Тадзік, – трымаў, як запасны варыянт, калі не будзе дзе спыніцца.
– Ведаеш што, мне трэба яшчэ на службу. Пабудзь тут, дачакайся мяне, я, напэўна, прынясу табе добрыя навіны. Мо хочаш пачытаць? Тут на палічцы пара кніжак ляжыць…
– Не, мусіць, пасплю. Стаміўся з дарогі.
– Так, шлях не малы праехаў. Адпачні… Кладзіся на мой ложак… А я пайшоў.
Стась выйшаў і прыхапіў з сабою карабін. Тадзік з’едліва падумаў: "Зброю на мяне не даверыў. Я скарыстаў бы яе на справу, а ў яго яна дарма толькі на плячы вісіць. Мо яшчэ здурнее ды пачне ў сваіх страляць…"
Ён лёг на ложак, пацягнуўся, быццам імкнуўся выпрастацца пасля доўгага сядзення ў сядле веласіпеда, пасля павярнуўся на правы бок, падклаў далонь пад шчаку і імгненна заснуў. Прысніўся яму страшны сон, быццам зноў ён уцякае ад некага па тым самым жыце. А яно кладзецца па два бакі ад яго, нібы нябачныя кулі косяць яго. Ён дабягае да дзічкі, а яна раптам займаецца агнём. Трашчыць і курчыцца жывое голле; сок, як кроў, капае з галін. Полымя ахапіла і Тадзіка, ён закрычаў ад жудасці і прачнуўся.
У пакоі было ўжо цёмна, у незавешанае акно заглядвала поўня. Хлопец адчуў, як калоціцца яго сэрца, як пульсуе жылка пад далоняю на скроні. Павярнуўся на спіну, прыслухаўся да цішыні ў хаце. Праз шчылку каля дзвярэй прабівалася святло. Мусіць, гаспадыня яшчэ не спала. "Восенню рана цямнее, яшчэ не ноч, а толькі вечар. Нешта затрымліваецца Стась… – падумаў Тадзік. – А чаго я чакаю? Няўжо нямецкія найміты могуць паўстаць супраць уласных гаспадароў? Але ж нешта яму вядома. Каб ён хацеў мяне затрымаць, дык адразу завёў бы ў пастарунак. Калі мне ягонае паведамленне не спадабаецца, дык украду карабін і ўцяку. Інакш дзеля чаго я тут марную каторую гадзіну?.."