Выбрать главу

Турма была надзейнай. Адтуль за дзвесце год не ўцёк нiхто.

Чалавек, якога маглі б паважаць за вызваленне сялян, хаваўся зараз ад уласнага народа. І ўсе на словах схіляліся перад ім, а ў сэрцы — ненавідзелі.

А потым выбух з Екацярынінскага канала скалануў ужо і зямлю. I забойцы, арыстакратка з горкім і прыгожым ротам, сын селяніна і паповіч, былі, "павешаныя за шыю, пакуль не памерлі".

Дзяржаўны калейдаскоп мільгаў далей. Хваля ўдачы ўсплёсквала на вяршыню людзей-прывідаў, галоўным заняткам для якіх было — не быць людзьмі. Над краем у дымна-чырвоных хмарах выплываў то пергаментна-жоўты твар Пабеданосцава, то халодна-пагардлівае цьмянае аблічча Плеве.

Была і другая Расія, але яе забівалі ці аддавалі анафеме.

Страты. Страты. Страты. Тысячы шыбеніц. Безвыходная Сібір. Загубленыя пакаленні з рабскай душой. Мноства асведаміцеляў-энтузіястаў. Нясцерпная туга ліхалецця.

Некалькі разоў па краіне, як гіганцкія маглі, грукочучы, кацілася вайна. Тысячы белацелых сялянскіх хлопцаў валам валілі да чыгункі, плакалі п'янымі слязьмі пад скавытлівае рыганне гармоні, груба адрывалі ад сябе каханак, раўлі дурным голасам бязглуздыя салдацкія песні, а потым тысячамі белых пагорачкаў ляжалі ў палях, ледзь прыцярушаныя снегам, або борсаліся ў ледзяной вадзе паміж абломкаў, з жахам адчуваючы, як нябачныя гіры няўмольна і няўхільна цягнуць на дно.

На грошы, якія забірала вайна, можна было б даць усім гэтым хлопцам вышэйшую адукацыю. Але ўладары, як усякія ўладары, баяліся асветы.

Рэйкі. Рэйкі. Рэйкі. Дымная сліна з комінаў пэцкае небасхіл. Марлокі даюць гарадам, залітым электрычнасцю, чорнае сонца. Уначы за крывавымі вялізнымі вокнамі раве дэман. Тысячы чырвоных, як гномы, людзей плюшчаць сталь. Змей крычыць медным голасам, падобным на голас гудка, і тысячы заспаных людзей бягуць на гэты голас, каб трапіць у разяўленую пашчу.

Друзнуць мускулы. Краіну не б'е толькі лянівы. А на яе абшарах з помпаю і нізкапаклонствам, з морам віна і цыганамі, з ладанам і зверагалосымі дыяканамі святкуецца трохсотгоддзе дынастыі.

З тых самых лясоў, дзе колісь кастрамскі селянін уратаваў пачатак дынастыі, прывезлі ў падарунак гасудару спілаваны стаўбур трохсотгадовай сасны. Равесніца дынастыі, яна прабіла зямлю пушыстай, як заюшка, лапкай у той самы год, калі баяры каранавалі на царства над змучанай ад смуты краінай слабога бледнага хлопчыка. Яна была красою лесу, калі ўнук гэтага хлопчыка арудаваў на верфях сякерай. Яна была грознай у пачатку сваёй старасці, калі бліскучая сука секла галаву «самазванцу», апекавала над мастацтвам і тысячамі тапіла беларусаў на пецярбургскіх балотных работах. А потым, ужо нінавошта не здатная, без змогі даваць насенне — былы семяннік з пераспелай, мяккай, як вата, драўнінай — яна стаяла панылая, злосная і без разбору глушыла маладыя пушыстыя сасонкі, якія мелі няшчасце трапіць у яе густы, атрутна-халодны цень.

I вось яе ссеклi.

Мiжвольная iронiя гэтага падарунка не дайшла да небагатых мазгоў уладара, ён шчыра падзякаваў за тонкi i з паэтычным густам зроблены падарунак.

А між тым усё было скончана.

Былая краса пушчы, абадраная i распранутая, ляжала зрынутай на зямлю. Не хапала толькi чалавека, якi ўзяўся б за справу i нашчапаў з яе трэсак.

Такі чалавек знайшоўся.

У лунанні сцягоў, у крыві братазабойчай вайны, у суровых гімнах, у перамогах і горычы ішла на зямлю новая эра.

I чалавек з вялікім лобам, не бронзавы, а жывы, вялікі лесаруб і дойлід, з'явіўся над зрынутым дрэвам і высока занёс ззяючую, як справядлівасць, сякеру…

…А потым рыдалі з яго смерці чорныя ад гора цягнікі.

А потым было жыццё са ўсячынай. Людзі самаахвярна будавалі і бурчалі на чэргі, штурмавалі стратасферу — і вешалі на сцяну процівагазы, стваралі "Ціхі Дон" і жылі просталінейным, наіўна-напышлівым мастацтвам.

Была і веліч, была і падазронасць, была і жорсткасць, быў і гераізм.

Маленькай прэлюдыяй вялікай навальніцы адгучала ў стрэлах «зязюль» сярод заснежаных ялін напаўзабытая фінская вайна.

I вельмі хутка, так хутка, што не паспелі яшчэ высахнуць слёзы сірот, грымнулі грымоты вялікай бяды, той бяды, пра якую няма сілы пісаць і нельга не пісаць, бо чалавечая памяць кароткая, бо пакуты неадплачаны, бо мёртвых не вернеш, бо ляжыць і доўга будзе ляжаць на пакаленнях цень чорных крыл, бо чалавек не забывае, а калі б забываў, быў бы проста неразумным свінячым быдлам.

Снарад трапіў у старажытную званіцу, і яна градам камянёў пацякла на зямлю. Сабака ліжа халодную руку гаспадара. У страшным шэсці ідуць людзі да ахайных, чысценькіх муроў крэматорыя.

Выбухі. Выбухі. Гучны пошчак нямецкіх буйнакаліберных кулямётаў. Здані аэрастатаў на фоне марознай зары. Недзе ў канцы Цвярскога бульвара. Сібірскія хлопцы з белымі лыжамі на плячах. Белыя, як прывіды, коннікі, знікаючыя ў кудлах завірухі. Тысячы магіл на падмаскоўных палях. Палескі хлопец стаіць ля сценкі пад рулямі аўтаматаў і глядзіць страшнымі славянскімі вачыма.

Жах вайны. Гнеў вайны. Хто можа забыць пра вас, адмахнуцца ад вас?!

Няма забыцця.

Р а з д з е л II

Гэты дом на недалёкай ускраіне Масквы зваўся Домам паэтаў, хоць жылі тут, вядома, не толькі паэты. Пісьменнікі — пераважна маладыя, — сцэнарысты, што панаехалі ў "Масфільм" вучыцца розуму, стракатая мешаніна нацый, колераў скуры, гаворак.

Усе яны набівалі смехам, спрэчкамі, скандаваннем вершаў, упартай працай і лёгкім адценнем цыганшчыны гэты новы сяміпавярховы дом.

Большасць з іх жыла тут кароткі час, некаторыя — даўжэй, стала — не жыў ніхто. I таму самое жыццё вызначалася вясёлай неўладкаванасцю, прадчуваннем чамаданных настрояў і пагардаю да такіх забабонаў, як шторы на вокнах і французскі замок на дзвярах.

Вясёлы, жулікаваты з выгляду літовец Баранаўскас сцвярджаў, што ад дома за вярсту нясе сухім віном і дрэннымі вершамі. I, бадай што, у гэтых словах было зерне праўды.

Дом узвышаўся над усімі навакольнымі дамамі, над маладым бульварам, над недалёкай лініяй высакавольтнай перадачы і падстанцыяй сваімі жоўценькімі плітачнымі мурамі, прамытымі радамі блакітных вокан і чырвоным дахам.

Дом прыціхаў толькі раніцай: частка людзей была на занятках ці хадзіла па справах, частка працавала ў пакоях. А тыя, што не працавалі, не былі на занятках ці не хадзілі па справах, маўчалі: свята трымаўся закон, які забараняў шумець і перашкаджаць пісаць сябрам.

Затое ўвечары з расчыненых вокан усіх сямі паверхаў спявала і смяялася маладосць. Жылі весела і не заўсёды багата, нават не пачынаючы думаць пра ўласную машыну.

Потым вокны пачыналі зачыняцца, з палітых вуліц павявала свежасцю, буйны россып гарадскіх агнёў — быццам куча жарынак на бясконцай жароўні — пачынаў згасаць. I дом, разам з усім горадам, засынаў.

Толькі некалькі акон — у тых, хто любіў начную працу і спасылаўся ў гэтым на Дастаеўскага, — спакойна гарэлі да позняй ночы ружовым або зеленаватым святлом.

У тую ноч, з якой пачынаецца наша апавяданне, "начнікам" не давялося спакойна папрацаваць, а тым, хто любіць спаць, — спакойна выспацца.

Па доўгім калідоры шостага паверха гучна маршыравалі два чалавекі год па трыццаці. Абодва былі трохі на падпітку. Адзін, ніжэйшы і бялявы, залівіста граў на губным гармоніку і махаў вузкім канверцікам фотатэлеграмы. Другі, больш высокі, з непрыгожым добрым тварам, строіў з сябе гавайскую гітару, а ў перапынках гучна, на ўвесь калідор, крычаў страшэнным па сіле голасам:

— Уставайце ўсе! Досыць спаць! Уставайце, уставайце! Ур-ра, уставайце!

Пасля адной асабліва заліхвацкай рулады і серыі крыкаў па ўсёй даўжыні калідора пачалі ляскаць і адчыняцца дзверы, а з дзвярэй высоўвацца ўстрывожаныя, заспаныя і проста незадаволеныя абліччы.

— Ур-ра! — лунала калідорам рэха.

— У чым справа, Грынкевіч? — прабасіла ўскудлачаная галава ў адных дзвярах.

Непрыгожы выхапіў з рук бялявага вузкі канверцік.