Аб астатнiм доўга i цяжка расказваць. Рээвакуацыя. Ушчэнт разбураны горад у заходняй Беларусi, куды яны часова прыехалi. Банды лютуюць вакол. I семнаццацiгадовы хлопец быў камандзiрам аддзялення ў камсамольскiм "атрадзе садзеяння".
І тут ён застаўся без першага друга. Тут ён сам упершыню забіў чалавека.
I чамусьці больш за потную, нягледзячы на холад, галаву друга на каленях (машыну страшэнна кідала па замёрзлых камлыгах гразі) Андрэй запомніў здзіўлены і ўтароплены ў неба позірк ворага, які хацеў забіць яго, Андрэя, і якога замест таго забіў ён сам.
У сорак шостым годзе Грынкевічы вярнуліся ў родны гарадок, які ўжо сяк-так залячыў першыя раны вайны. I ў той самы год Андрэй паступіў ва універсітэт.
I тут настала тое, што можна было назваць маральным ператамленнем. Маці, відаць, не да канца вылекавала яго душу. За пяць год хлопец стаміўся жыць напружаннем і нянавісцю. Стаміўся, але не мог, не ведаў, як жыць іначай. Прамы да рэзкасці, ён забываўся, што такое далікатнасць, пяшчотнасць, пяшчотнае нежаданне прыносіць людзям боль, асцярожная ўвага да няўлоўных рухаў і выгібаў чалавечай душы.
У дзевятнаццаць год ён нікога яшчэ не кахаў. Былі, вядома, дзяўчаты, танцы, развітанні недзе ля ўскраіннай хаты, на мосце цераз ручай, але ўсё гэта рабілася таму, што сорамна было адставаць ад равеснікаў. Але ён яшчэ не кахаў з усёй паўнатою першай страсці, з усім усведамленнем таго, якая яна па-жаночы дарагая і блізкая, тая, што поруч з табой.
А між тым у родны гарадок прыйшла вясна, і пасля крыві, пасля галадовак і бруду, вочы ў Андрэя як быццам упершыню раскрыліся на прыгажосць зямлі, быццам ён зноў нарадзіўся, быццам толькі тут свет набыў усё мноства сваіх фарбаў.
I з непатоленай прагай цягнулася, ляцела да гэтага свету гвалтоўна затрыманая калісь у сваіх імкненнях, усхваляваная і шырокая душа.
Дастаткова было штуршка, каб тое, сапраўднае, рынула на Грынкевіча, як ураган, і сам ён у пошуках паратунку кінуўся да яго, як да прыстані.
I нарэшце прыйшоў дзень.
На раённым фізкультурным свяце Андрэй толькі што адстраляўся і, адышоўшы ўбок, абыякава слухаў нараканні трэнера:
— Душа ты цёмная. Колькі можна парад не слухаць, у цябе ж залатое вока. Трошкі стараннасці — і сёння быў бы першы разрад. А там, праз год, з тваімі дадзенымі стаў бы майстрам.
Андрэй абняў трэнера, каб той не крыўдаваў. Самому яму было ўсё адно. Пасля таго што здарылася ў Заходняй, ён не любіў страляць, хіба што на паляванні. Яму значна больш балела тое, што на беразе Дняпра, у Прароўскай затоцы, ён павінен быў праз якую гадзіну скакаць з вышкі.
З вышкі ўсё і пачалося.
Гамарня натоўпу, газетныя капелюшы, ляск падбадзёрваючых апладысментаў. I імпэтная страла вышкі, узнесеная над затокай, над зеленаватым Дняпром, над дубамі, што шырока растрэслі на процілеглым баку свае зялёныя шапкі.
На гэтай страле раптоўна з'явілася танюткая, таксама ўзнесеная ў неба, дзявочая постаць, і гурт раптоўна сціхнуў у адным імкненні да таго, што яна збіралася зрабіць.
Яна адарвалася ад апоры, зрабіла паўкола ў паветры, быццам яшчэ думала, дзе лепей — у ззяючым майскім небе ці ў таемных глыбінях вады, — і потым плаўна, з той лёгкасцю, якая прымушае людзей верыць у палёт, памкнулася ўніз.
Рукі — ластаўчыны крылы, прыгожы выгіб ног — сімвал палёту.
Дзяўчына ляцела над ракой.
Дома Андрэй доўгі час сядзеў у кветніку, не ў змозе забыць гэтай дзівоснай з'явы. I ён амаль не здзівіўся, калі нехта адчыніў веснічкі. Куртаты Джэк ускінуўся быў брахаць, але адразу стаў і з цікавасцю пачаў разглядаць цемнавокую асмужаную дзяўчыну, якая стаяла на сцежцы.
— Прабачце, гэта дом Грынкевічавых?
— Калі гэтая халупка — дом, то так, гэта дом Грынкевічавых.
— Гэта не халупка, гэта вельмі прыемны сціплы домік. Хоць, вядома, ваш даваенны, на Замкавай быў большы.
— Праходзьце… Адкуль вы ведаеце дом на Замкавай?
— Андрэй… вы мяне не пазнаяцё?
— Н-не, — пачырванеў Андрэй, — хіба што толькі мне здаецца, гэта вы сёння ляцелі ў паветры.
— Ну, — засаромелася яна, — не будзем параўноўваць ваш скачок з маім. Я таму і прыйшла, што пасля гэтага спытала пра ваша імя.
— Прабачце, — сказаў Андрэй, — хто вы?
— Я Алёна Століч.
— А… Алёна, бож-жа мой! Маці! Маці! Глядзі, хто да нас прыйшоў. Алёна, вы зусім непадобная да той.
— Ды і вы… таксама.
Яна была сапраўды зусім не тая. I калі параўноўваць людзей з іншымі істотамі, дык першае ўражанне было праўдзівым: ластаўка. Цемнавокая, уся неяк выгнутая туды, уперад, высокімі грудзьмі і злёгку закінутым тварыкам. Маленькія далоні, светлыя буяныя валасы пры цёмных вачах. Агульнае ўражанне чагосьці дзёрзкага, імпэтнага, смелага не па сіле.
…Увечары яны ўцяклі ад кампаніі, з якой прыйшлі ў парк. Недзе далёка ўздыхалі за плячыма і паступова паміралі ў цемры трубы гарадскога аркестра. Шапталі ледзь апераныя майскія шаты дрэў.
Далей. Далей. Усё далей.
Горад застаўся ззаду. Злёгку плёскала ў сне рака. I аднекуль з-за ракі, разам з маленькім язычком вогнішча далятала тонкая, бы ўздых, песня некалькіх галасоў:
Зялёны дубочак
На ель пахіліўся.
I ў страсным юнацкім голасе гучалі цяга, і журба, і шырокі смутак душы, узгадаванай на гэтых паплавах.
— Чорт, — сказаў Андрэй, — улаена кажучы, не вельмі разумныя словы, а слухаеш — і сорам бярэ за сябе, за свае вершы. Так усё бездапаможна, так бяздушна.
— Прачытай што-небудзь адпаведнае, — сказала яна.
— Добра.
Андрэй павольна ішоў поруч з ёю па ўбітай сцежцы. Было халаднавата, парывамі дыхаў лёгкі ветрык, але дубы не хацелі дрыжаць, не хацелі шалахцець нованароджанымі лісцямі — зашмат было гонару.
Усплыў месяц над сiнiм Дунаем.
Празрысты зялёны рог,
I ценi ад хмар набягаюць
На вербы наўсцяж дарог.
Цiшыня над сiнiм Дунаем.
Сцiхлi шолахi ўсе:
"Каханая, дарагая,
Ногі твае ў расе".
Ён змоўк і потым з халоднай жорсткасцю сказаў:
— Дрэнна.
— I сапраўды, слаба, — з уздыхам сказала яна, — не кладзецца на ноты ракі, ночы, песні. Нешта ва ўсім гэтым не тое.
Яму спадабалася яе шчырасць.
— I што толькі рабіць, не ведаю, — сказаў ён.
— Нічога, навучышся. У твае гады і Някрасаў, бадай што, не лепей пісаў. Ты перачакай ноч, а потым усё-ўсё будзе добра, Ведаеш, часам лілеі выплывуць з вады насустрач сонцу, раскрыюцца, а адтуль вылятае ў весняе неба мушка. Папалася ўвечары і начавала пад вадой, у шчыльна сціснутых пялёстках.
Памаўчала.
— I ляцiць яна, уся залатая, з пылком на лапках: Мне думаецца, так i паэту трэба, вельмi трэба, каб сонца i вецер. Ноч не для яго…
I раптам ускрыкнула:
— Ану, даганяй.
Ссунулася з адхону, ляцела, ледзь дакранаючыся нагамі да зямлі. Ён бег за ёю, бачыў яе развеяныя валасы — і раптам яна кінулася ўбок, затрымалася, учапіўшыся рукамі ў малады дубок. Андрэй не стрымаўся і па інерцыі пакаціўся далей, пад адхон, уздымаючы нагамі пясок.
Унізе ён пахіснуўся, упаў і застаўся нерухомы.
Устрывожаная, яна спусцілася да яго, села над ім на кукішкі, паклала далонь на каштанавы чуб.
— Андрэй, Андрэй! Андрэй! Што з табой?
Ён раптам ускінуўся і злавіў яе за запясці.
— Н-ну, — прагрымеў ён, — якое пакаранне прыдумаць паненцы за гэта?
Але Алёнка зноў стала ранейшай. Яна спрытна крутанула пруцікі запясцяў паміж вялікім і ўказальным пальцамі яго рук, вырвалася і, адскочыўшы на сажань убок, сказала:
— Няхай пан у якасці пакарання прачытае пару ўласных вершаў.
Андрэй з iльвiным рыкам кiнуўся за ёю…
…Назад яны ішлі ўжо больш сур'ёзныя.
— Вось, — казаў Андрэй, — заўтра ў сталіцу. Праз якія два тыдні скончу другі курс. А каб я ведаў, куды мне ісці, хто я, на што здатны — гэтага няма. I невядома, калі будзе.