Усе яны набівалі смехам, спрэчкамі, скандаваннем вершаў, упартай працай і лёгкім адценнем цыганшчыны гэты новы сяміпавярховы дом.
Большасць з іх жыла тут кароткі час, некаторыя — даўжэй, стала — не жыў ніхто. I таму самое жыццё вызначалася вясёлай неўладкаванасцю, прадчуваннем чамаданных настрояў і пагардаю да такіх забабонаў, як шторы на вокнах і французскі замок на дзвярах.
Вясёлы, жулікаваты з выгляду літовец Баранаўскас сцвярджаў, што ад дома за вярсту нясе сухім віном і дрэннымі вершамі. I, бадай што, у гэтых словах было зерне праўды.
Дом узвышаўся над усімі навакольнымі дамамі, над маладым бульварам, над недалёкай лініяй высакавольтнай перадачы і падстанцыяй сваімі жоўценькімі плітачнымі мурамі, прамытымі радамі блакітных вокан і чырвоным дахам.
Дом прыціхаў толькі раніцай: частка людзей была на занятках ці хадзіла па справах, частка працавала ў пакоях. А тыя, што не працавалі, не былі на занятках ці не хадзілі па справах, маўчалі: свята трымаўся закон, які забараняў шумець і перашкаджаць пісаць сябрам.
Затое ўвечары з расчыненых вокан усіх сямі паверхаў спявала і смяялася маладосць. Жылі весела і не заўсёды багата, нават не пачынаючы думаць пра ўласную машыну.
Потым вокны пачыналі зачыняцца, з палітых вуліц павявала свежасцю, буйны россып гарадскіх агнёў — быццам куча жарынак на бясконцай жароўні — пачынаў згасаць. I дом, разам з усім горадам, засынаў.
Толькі некалькі акон — у тых, хто любіў начную працу і спасылаўся ў гэтым на Дастаеўскага, — спакойна гарэлі да позняй ночы ружовым або зеленаватым святлом.
У тую ноч, з якой пачынаецца наша апавяданне, "начнікам" не давялося спакойна папрацаваць, а тым, хто любіць спаць, — спакойна выспацца.
Па доўгім калідоры шостага паверха гучна маршыравалі два чалавекі год па трыццаці. Абодва былі трохі на падпітку. Адзін, ніжэйшы і бялявы, залівіста граў на губным гармоніку і махаў вузкім канверцікам фотатэлеграмы. Другі, больш высокі, з непрыгожым добрым тварам, строіў з сябе гавайскую гітару, а ў перапынках гучна, на ўвесь калідор, крычаў страшэнным па сіле голасам:
— Уставайце ўсе! Досыць спаць! Уставайце, уставайце! Ур-ра, уставайце!
Пасля адной асабліва заліхвацкай рулады і серыі крыкаў па ўсёй даўжыні калідора пачалі ляскаць і адчыняцца дзверы, а з дзвярэй высоўвацца ўстрывожаныя, заспаныя і проста незадаволеныя абліччы.
— Ур-ра! — лунала калідорам рэха.
— У чым справа, Грынкевіч? — прабасіла ўскудлачаная галава ў адных дзвярах.
Непрыгожы выхапіў з рук бялявага вузкі канверцік.
— Уставайце! Ур-ра-а! Уставайце! У Вайвадса сын нарадзіўся!
Выраз нездавальнення знік з твараў. Бязладнае "ўра!" многіх галасоў пакацілася калідорам.
Вайвадс узяў з рук Грынкевіча вузкі канверт, прыціснуў яго да грудзей. Вочы яго блішчалі:
— Хлопцы, я вельмі… я вельмі. Словам, я запрашаю ўсіх у свой пакой выпіць са мною трошкі віна.
— Што ты, хлопча, — сказаў кудлаты, — позна ўжо. Мы лепей заўтра адзначым. Згода?
— Згода, — хітнуў галавою Вайвадс.
Галовы пачалі знікаць у дзвярах. Калідор стаў пустым і гучным. Два сябры стаялі і глядзелі ў вочы адзін аднаму.
Яны былі вельмі непадобныя адзін на аднаго — беларус і латыш. Беларус — высокі, хударлявы, з выразнымі, вельмі пластычнымі рухамі, з непрыгожым тварам, які прыкрашвалі толькі глыбокія вочы пад цёмнымі бровамі. Латыш — ніжэйшы за яго, каржакаваты, з белым тварам і таўставатымі вуснамі. Вочы — блакітныя і вельмі ясныя. Валасы жоўтыя і мяккія, як лён, яўна пачыналі радзець. Выгляд надта сялянскі, але незвычайна добры і мілы.
— Пойдзем да мяне, Андрэй, — сказаў Вайвадс, — вып'ем на радасцях бутэльку вiна, пагамонiм.
Твар яго аж ззяў ад шчасця.
— Чакай, Яніс, — голас Грынкевіча, калі той не крычаў, быў мяккі і даволі ціхі, - я думаю, што нам трэба на якую гадзіну расстацца. Усё адно, відаць, мы ў гэтую ноч не заснём. Але ты спачатку не пра бутэльку думай, а пра жонку. Сядай, брат, і за гадзіну напішы ёй доўгі, вельмі добры ліст. Пра ўсё напішы. I як мы з табою апельсіны сёння на праспекце сеялі. I пра начны марш па калідоры. А я да цябе зайду праз гадзіну, тады і пагамонім.
— Бадай што, твая праўда, — сказаў Вайвадс. — А ты што рабіць будзеш?
— Я да Марыі Крат на хвіліну зайду.
— Чаго гэта сярод ночы?
— Непакоiцца будзе. Я з апоўдня бы ў палонку юкнуў, не зайшоў, не сказаў — куды.
— Ведаеш што, — суха сказаў Яніс, — ты мне друг, і я, на правах друга, карыстаюся прывілеяй казаць табе праўду і толькі праўду. Не падабаецца мне ўся гэтая гісторыя, вось што.
— Чаго раптам?
— Яна не тая, якая табе патрэбна.
— Думаеш, я сам гэтага не ведаю, — з усмешкай сказаў Грынкевiч.
— Дык ты, можа, і ажаніўся б з ёй?
— Мне, брат, амаль усё адно, з кім ажаніцца… Вось сын у яе цудоўны. Як прыязджае — цэлымі днямі з ім дурэў бы… Зіркаты такі, вясёлы. I мяне вельмі любіць. Каб можна было, — узяў бы аднаго сына, без яе.
— Сваіх заводзіць трэба, блажэнны, — сказаў Вайвадс.
— Э-ех, брат, нічога ты не ведаеш, — уздыхнуў Андрэй.
— Дык вось ты мне і раскажы.
— Раскажу. Сёння ты ўсю душу мне разварушыў. Раскажу… пасля.
— I ўсё ж я не хадзіў бы.
— Зайду, — сказаў Грынкевiч, — праз гадзiну.
Вайвадс паглядзеў у спіну Андрэю, з дакорам пахітаў галавою і адчыніў дзверы з нумарам 171. Грынкевіч адышоў крокаў з дзесяць і спыніўся перад дзвярыма з нумарам 170. Адамкнуў стандартным ключом дзверы, зайшоў да сябе.
У маленькай пярэдняй з дзвюма шафамі ў нішах скінуў палітон, павесіў капялюх і, прыгладжваючы далонямі густы, вельмі мяккі каштанавы чуб, прайшоў пад паўаркай у свой пакой.
Пакой быў абстаўлены так, як можна абставіць чатырнаццаць квадратных метраў, ды яшчэ з густам і фінансамі каменданта будынка. Круглы стол, некалькі крэслаў, ложак з панцырнай сеткай, шыфаньер, пісьмовы стол у куце, ля вялікага акна, і мяккае крэсла ля яго.
Астатняе залежала ўжо ад густаў жыхара. Ложак засцелены дывановым пакрывалам. На шыфаньеры бронзавы званар б'е ў звон. На пісьмовым стале, акрамя паперы, два гравіраваныя партрэцікі: Максім Багдановіч і Блок. Ды яшчэ дзве латышскія забаўкі: гліняны мядзведзь нясе вулей і драўляны, бачоначкам, піўны куфаль з вечкам, трохі больш напарстка. Над сталом невялічкая рэпрадукцыя з "Сіксцінскай мадонны". Аскетычна голыя сцены ўпрыгожвала яшчэ толькі адна рэпрадукцыя "Блакітнай галавы" Паўля Клее. Вайвадс у вясёлы час двойчы пераварочваў яе дагары нагамі, казаў, што ўсё адно нельга разабраць, што там да чаго і што так нават выразней. Шуфляды стала былі напхатыя паперамі, сшыткамі, а ў верхняй шуфлядзе, пустой, ляжала фотакартка маці і самая вялікая яго каштоўнасць — выцвілы, пабляклы дагератып Кастуся Каліноўскага. Срэбра стала вясёлкавым, і заўважыць вобраз можна было толькі гледзячы збоку.
Грынкевіч узяў з ложка букет мімозы, выйшаў і спусціўся па сходах паверхам ніжэй. Там спыніўся ля адных дзвярэй, выцягнуў з кішэні маленькі ключ ад французскага замка і, пастаяўшы хвіліну, адчыніў дзверы і зайшоў. Калі ён стаяў з прыплюшчанымі вачыма і зараз — на твары яго нічога нельга было заўважыць, акрамя нуды і звычайнага суму.
Пакой быў такі самы, толькі, па-жаночаму, больш утульны, хоць утульнасць была з цыганшчынай. Слабае святло начніка асвятляла ражок стала і ложак. На ложку, раскінуўшы валасы па падушцы, спала жанчына.
Грынкевіч паставіў букет у вазу на стале, сеў у крэсла і задумаўся, гледзячы на спячую. Халодны твар, веі злёгку ўздрыгваюць у сне, светлыя валасы ляжаць на падушцы. Тонкая коўдра лёгка ўздымаецца на грудзях. Твар у сне добры, з усмешкаю і… чужы. Быццам гэта не яна стала яму блізкай.
"А што, сапраўды, нас звяло? — спытаў сябе Андрэй. — Бадай што, нічога. Няма таго, вялікага, што было з Алёнай… I ніколі не будзе. Ні з кім…"