— Дурная, — сіпата крыкнуў ён і моўчкі таргануў веласіпед з яе рук.
Так яны і ішлі моўчкі — ён каціў два веласіпеды — да самага горада. А там, калі ён паставіў свой і яе веласіпед у сенцах хаты сябра, яна вінавата сказала:
— Ну прабач… Пойдзем зараз на Дняпро… Паходзім.
Ён усё яшчэ быў раззлаваны, калі яны прыцемкам выйшлі на адхон і паселі на траву ў бярозавым гаі.
— Дурная. Ты нават не ведаеш, што ты для мяне.
I прыцягнуў да сябе. Яна прыціхла. Сядзелі моўчкі.
— Вось, — сказаў ён пасля паўзы, — я за цябе ўвесь час так дрыжаць буду. Таму выходзь ты лепей за мяне замуж.
Яна хацела была, як заўсёды, пажартаваць, але адчула, як грозна і палка стукае яго сэрца. I таму, закрыўшы вочы, ціха сказала:
— Добра. Я не буду мучыць цябе. Добра, дарагі. Восенню, у верасні, калі хочаш.
…У жніўні, незадоўга да вяселля, яны з'ездзілі да бацькоў Алёнкі, у Мінск. Адтуль іх, разам з Алёнчыным бацькам, узяўся падкінуць дамоў палкоўнік, друг бацькі. Іван Століч сядзеў поруч з палкоўнікам, які кіраваў. Алёнка і Андрэй — на заднім сядзенні.
Неўзабаве іх чакаў вялізны тлум: вяселле ў хаце Андрэя, перазоў гасцей да цёткі, у якой часта гасцявала і жыла гэтае лета Алёнка, потым зноў дарога ў Мінск, зноў вяселле, зноў перазовы. Але Андрэя, хоць яму і хацелася быць толькі разам з Алёнкай, гэты тлум не палохаў, а захапляў. Гэта ўсё быў шлях да яе.
Якое шчасце сядзець поруч з ёю ў загсе, якое шчасце ехаць адтуль, якое шчасце, калі крычаць "горка!".
I якое шчасце, што зараз так бліскавічна ляціць насустрач дарога, так мільгаюць дрэвы, знікаючы з вачэй, так пругка б'е ў твар цёплы, напоены пахам чабору, палыну, верасоў і яшчэ чагосьці, ветрык!
Ох, гэты водар канца лета! Усё аддадзена, спакой, арабіны яшчэ не чырвоныя, а каралавыя, на палях спакой і мір, і першая павуцінка на вяршыні цяжарнай яблыні часам трапеча, як доўгі белы вымпел.
Машына была адкрытая, і таму валасы Алёнкі аж ляцелі па ветры. Поўніла ветрам рот, раздзьмухвала шчокі.
I Андрэй адчуваў, што любiць усё на свеце. Нават каменнi, якiя траплялiся часам наўсцяж дарогi i нагадвалi парсюкоў, што зарылiся ў траву, нават сухую, астрыжаную патылiцу старога ваякi, якi сядзеў за рулём.
Машына пайшла ўніз, мільганула таблічка з надпісам: "Рака Бобр".
Андрэй і раней ведаў гэта месца, бадай што, самае прыгожае на шашы Мінск — Масква. Але зараз ён з нейкім новым, цёплым замілаваннем аглядаў нешырокую рэчку, паплавец над ёю, стромыя берагі, сосны над адхонам і з правага боку каламутна-сінія занураныя шаты лясоў.
Іван Століч павярнуўся да іх:
— Ну як, дзеці? Хораша?
— Хораша, — адным уздыхам адказалі абое.
Іван адкінуўся на спінку сядзення, зажмурыў вочы, з насалодаю ўдыхаючы па-жнівеньску сыты, цёплы вецер.
— Мы сабе некалі пабудуем тут маленькую хату, — шапнула Алёна Андрэю, — са звычайных дошак. Каб летам заўжды быць удваіх.
Ён моўчкі хітнуў галавою на знак згоды.
Аўтамабіль рынуў угору і зноў вырваўся на дарогу, сціснутую з двух бакоў сценамі разамрэлага пад сонцам невысокага лесу. У адным месцы, справа, гэты лес падступаў да самай шашы. Сэрца імчала яму насустрач.
I тут Андрэй убачыў, як наперадзе — літаральна ў дваццаці кроках — выкаціўся на шашу, напярэймы іхняй машыне, вялізны зялёны грузавік. Андрэй толькі паспеў убачыць доўгі радыятар і доўгі кузаў.
"Газ, — недарэчна адзначыў мозг, і яшчэ: — Чорт, хоча праскочыць, ды яшчэ на такой хуткасці. П'яны, ці што?"
Гэта думка прамільгнула за нейкую долю секунды. Потым проста перад вачыма развярнуўся і ўздыбіўся бок зялёнай пачвары. Узвылі тармазы.
У наступны момант, пасля жахлівага, сакрушальнага ўдару, неба з трэскам разарвалася ў вачах Андрэя, і цемра запаланіла ўвесь свет. Ён не чуў, як штосьці выдрала яго з машыны і кінула цераз кювет проста галавою ў жвір.
Апрытомнеўшы, ён убачыў, што неба калышацца перад ім, бы ў спякотны дзень. З цяжкасцю прыўзняўся і пабачыў асколкі шкла на асфальце, змятыя ў гармонік радыятары дзвюх машын і зыркі дымны агонь, які абдымаў кабіну грузавіка і радыятар іхняй машыны.
Быў страшны боль у левым плячы — Андрэй ледзь не крычаў ад яго, — і ўсё ж ён кінуўся да машыны, перш за ўсё да грузавіка, таму што — мозг з дзівоснай яснасцю адмеціў гэта — ягоная кабіна ўся ў агні.
Таргануў дзверцы. Кулём вываліўся на рукі непрытомны шафёр. Андрэй аднёс яго за кювет.
— Зусім яшчэ хлапчыска, — білася ў галаве думка. — Перавысіў хуткасць пры выездзе на галоўную магістраль… Сабака сучы…
Шкляное паветра калыхалася над радыятарамі. Цягнучы праз борт сухое цела Івана Століча, Андрэй заўважыў, як праз ружовы туман, хлопчыка-веласіпедыста, які спыніўся наводдаль і глядзеў на катастрофу вачыма, поўнымі цікавасці і жаху.
— У вёску катай! — крыкнуў яму Андрэй.
— А дзядзечка, кроў! — нема залямантаваў той.
Андрэй і сам адчуваў, што па лобе плыве нешта цёплае, але пра гэта не было часу думаць.
— Гані за дапамогаю! — зароў ён.
Хлапчыска зразумеў — хутка пакаціў кудысь. Вецер надзімаў на яго спіне ружовую кашулю.
Божа, яшчэ толькі двое ляжаць за кюветам. Андрэй адчуваў, што ў яго падломваюцца ногі… Зараз трэба ўзяць нешта лёгкае… Алёну. Каб хоць трошкі адпачыць. Але ён адразу злавіў сябе на думцы, што гэта не таму, што Алёна лёгкая. I ён да таго ж убачыў, што полымя дабіраецца ўжо да рук палкоўніка, што застыгнулі на баранцы руля, да лысай галавы, якою той схіліўся на рукі.
Адцягнуўшы Алёнку на якіх пяць крокаў, - каб не так было небяспечна ў выпадку выбуху, — Андрэй кінуўся да палкоўніка, таргануў дзверцу — яе заклінавала, — выбіў яе, літаральна асатанеўшы ад раптоўнага вострага болю ў плячы, пацягнуў чалавека на сябе.
Палкоўніку спляскала рулём грудзі. Андрэй цягнуў яго, адціскаючы ўбок баранку, бачачы, што ўсяго ў якіх дзесяці сантыметрах ад вачэй бруднымі рагамі плыве ў кабіну расплаўленая фарба. Стогнучы ад напругі, адчуваючы, што валасы, бровы і веі трашчаць ад жару, ён цягнуў і цягнуў.
I нарэшце выдраў чалавека з жалезных абдымкаў.
Ён цягнуў яго з апошніх сіл і з жахам бачыў, што ў палкоўніка пачала выступаць на губах ружовая пена. Але ён не мог яму дапамагчы: не ведаў чым, ды і Алёнка ляжала зусім блізка ад машыны, перад якое палаў, як паходня.
Хістаючыся, як п'яны, Андрэй на карачках пералез кювет, з цяжкасцю выпрастаўся.
Алёнка ляжала бледная і зусім нерухомая. Толькі грудзі — ці, можа, гэта здалося яму? — ледзь уздымаліся. I Андрэй з нечаканай лёгкасцю ўзняў на рукі яе абвіслае цельца.
Штохвілінна дзьмухаючы ёй у закрытыя вочы, — а можа, будзе лягчэй, — ён пайшоў да кювета, стараючыся не хістацца. Дзве-тры кроплі крыві ўпалі з яго галавы ёй на грудзі.
— Дзякуй божа, — цьмяна падумаў ён, — гэта мая кроў. У яе нідзе не відаць крыві.
Калі ён пералазіў кювет, ззаду грымнула. Нехта як быццам падштурхнуў Грынкевіча ў спіну, і ён упаў на Алёну, у апошні момант перакруціўшыся на спіну, як маці, калі яна падае ў галалёд з дзіцёнкам на руках.
Прытомнасць з'яўлялася і зноў знікала — хвалямі, то крывавымі, то чорнымі. I ўсё ж Андрэй дацягнуў дзяўчыну і паклаў яе трохі наводдаль ад трох нерухомых. Пачакаўшы хвіліну, пакуль праяснела ў галаве, ён пачаў думаць, як дапамагчы ўсім.
Іван Століч Ляжаў з заплюшчанымі вачыма і ціха стагнаў. Дзіўна, ён жа сядзеў на месцы, якое шафёры завуць «смяротным». Шафёр і палкоўнік ляжалі нерухома, але Андрэй чамусьці не непакоіўся — надта ўжо спакойна яны ляжалі.
Затое супакой Алёны здаўся яму падазроным. Амаль адразу.
Ён апусціўся каля яе на калені.
— Занадта спакойная… Нязручна павернутая галава… Кроў на грудзях — гэта мая кроў.
Але ўсё ж ён увесь міжвольна халадзеў, пачынаючы аднекуль з пальцаў, ад страшнай здагадкі, якая ўсё больш авалодвала ім. А потым ён узяў галаву Алёнкі ў далоні, павярнуў і пабачыў на скроні, на левай скроні, невялічкую ранку.