Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:
— Дык я паплыву, ваша высакароддзе… Прыйду потым на кардон паплавамі.
I сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:
— Вайна вайною, а баб шкада… Вельмi баб шкада.
…Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.
"Божа, — падумаў Гораў, - нават рэкі цякуць малаком. I на гэткай благадатнай зямлі паміраць? I такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне — і тое выдатна. I я не шкадую".
За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з сігаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.
Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. I гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.
— Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.
Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.
— Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.
— Вы яшчэ хлопчык, капітан… I як лёгка яна вас акруціла.
— У яе загад графа Мураўёва.
— Святая нявіннасць… Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.
— У яе загад. I нельга гуляць жыццём памiлаванага.
На вуснах Пора-Леановіча з'явілася ўсмешка.
— Вы лічыце, што наш граф так лёгка вьшускае з пятлі людзей?
— Н-не разумею вас.
— Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.
— Што?
— Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну. А за дзве гадзіны да гэтага, з губернатарскай поштай пасылае фельд'егера, каб на месцы паспяшаліся.
Гораў сцяў зубы.
— Калі гэта праўда, дык ён падлюга.
— Ён чалавек, — сказаў Леановiч, — чаго ад людзей чакаць?
— Што далей? — сурова спытаў Гораў.
— Жанчына, відаць, не шкадавала грошай; яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін — не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам… I ўсё ж фельд'егер вырваўся з апошняй станцыі, узяўшы апошняга каня. Ён апярэдзіў яе не больш чым на дзве гадзіны…
Твар Горава быў белы як палатно.
— Не лічыце графа дурным, — раўнадушна сказаў Леановіч…
Ён памаўчаў хвіліну. Гораў не мог болей вытрымаць.
— Дзе той фельд'егер?
— Вы самі яго перавезлі праз Дняпро надвячоркам… Гэты улан прывёз мне загад: што б там ні было затрымаць гэтую жанчыну да трох гадзін раніцы. Хопіць, каб прыняў апошнюю літасць ад папа, памаліўся апошнюю ноч і дастатковы час пагайдаўся на шворцы.
— А ў яе вечныя пакуты сумлення, што спазнілася на паўгадзіны?
— Магчыма, — сказаў Леановіч.
— Ну што ж, — сказаў Гораў, - я парушыў ваш план, — яна ўсё ж паспее. I гэта дрэнна, тое, што вы зрабілі, гэта вельмі несумленна.
— Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк воўку-чалавек. А вы парушылі абавязак і гонар афіцэра.
— Гонар у афіцэра не ў тым, каб быць катам, — ускіпеў Гораў. — А жанчына паспее, яна не можа не паспець.
Леановіч не слухаў яго.
— Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар'ерыст, а яго жонка — распусніца.
— Гэта ганебна, то, што вы кажаце.
- Ідзіце па трупах, дарагі Гораў, ідзіце па трупах… А пакуль што…
Ён пазяхнуў.
— …пакуль што ідзіце лепей выспіцеся… Бадай што, і я пайду.
Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б'е — да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
— Бадай што, ваша праўда, — сказаў ён, — я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
— Хлапчыска, — сказаў ён,
…Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.
— Выспаліся? — спытаў Гораў.
— Анягож, — роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
— Ну вось і добра, — сказаў Гораў, - зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў… Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
Леановіч пакасіўся на яго:
— Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.
На процілеглым беразе, над адхонам, з'явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
— Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, — абыякава сказаў Леановіч. — I каго гэта яшчэ нясе?..
Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
— Учарашні улан едзе, — сказаў ён і не ўтрымаўся: — Мазалі, відаць, набіў на паўшар'ях, як пірагі.
— Гэ-эй, — пралунаў над ракою зычны голас.
Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
— Гэ-эй, — крычалі з таго боку два галасы, — паро-ом, па-ром, паром!
Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.
— I чаго наддзіраюцца? — незадаволена сказаў ён. — Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
— Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?
— Ніхто, — сказаў Леановіч.
…Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць калодкамі колы, як паром павольна вырастае ў памерах, набліжаючыся да іх.
I толькі калі улан падышоў і адказыраў, Леановіч спакойна кінуў недакурак сігаркі ў раку і адразу ж закурыў новую.
Улан стаяў перад ім моцны, як Геркулес, кучаравы ("Ванька-ключнік", — падумалася Гораву), з румянымі вуснамі і нахабнымі светлымі вачыма,
— Паспеў? — спытаў Леановіч.
— Так точна.
— Што новага?
— Генерал Фікельмонт выказвае вам удзячнасць за дасканала выкананы загад.
— Што? — яшчэ нічога не разумеючы, спытаў Гораў.
Улан стаяў «струнка», але з той няўлоўнай вольнасцю, якая ўласціва фельд'егерам і дазваляе думаць аб лёгкай пагардзе да «пехтуры», хоць бы і афіцэраў.