ТЫ СЬПЯВАЛА МНЕ
Ты сьпявала мне «Перапёлачку».
На ўспамін дала кветку-зёлачку.
За гады яна сьцярушылася,
Толькі песенка не забылася.
На чужыне мне, як пачуецца,
Аж да сьлёз магу я рашчуліцца.
Кінуў родны край і каханую,
Боль заходлівы рвецца ранаю...
Каб-жа ведала маю долечку,
Ці сьпявала-б ты «Перапёлачку».
8.6.44
КАМАРЫ
Як узьняты высака муры
Пад адкрытым неба парасонам.
Над каменным пляцам камары
Засьпявалі нудна тонкім звонам.
Дзе ім піць, смактаць чыю ім кроў?
Ня гудзе гамонка мужыкова,
I ня гоняць чэраду кароў
Дый падкова цокне выпадкова.
А ў маёй краіне вечары!
I прыгожых песьняў шмат было там!
Камары ў палескім гушчары
Хмараю віліся над балотам.
Там наедна й весела яны
Роямі кружылі між тавару.
Дзень згараў, і вечар плыў ляны
У патоках сонечнага вару.
Я цікаўным хлопцам быў тады.
Слухаў часта дзедавыя казкі
Пра чужыя вёскі й гарады,
Дзе цьвітуць няведамыя краскі.
Дзед казаў, хоць і малы камар,
А за вёрстаў тысячы лятае.
Зь ім і я ляцеў на крылах мар
Ў даль, дзе доля лепшая вiтае.
А нідзе я долі не знайшоў
I далёка лёс мяне закінуў
Ад маіх загубленых сяброў
У нязгаслы прысак успамінаў.
Там, дзе Беларусь мая жыве,
Зацьвітаюць красна ў полі краскі.
Цьвіркуны іграюць у траве
На сваіх цымбалах песьню ласкі.
I смуткую я каля муроў.
Шэрыя чужыя камяніцы!
Можа часам з пару камароў
Прыблукалі з роднае зямліцы.
О, як быў-бы гэтым рады я!
Хай сядзелі-б на маёй далоні.
Бацькаўшчына снілася-б мая,
I лясы і ветлыя аблоні.
* * *
Я прахожу вузкай вуліцай.
Змрок... Руіны і выбоіны.
Да грудзёвай клеткі туліцца
Салавей занепакоены.
Гэта сэрца. Чую — болесна
Б'ецца, муліцца і моліцца,
Быццам горача і голасна
Кліча дзеўчыну да молайца.
А ці стаў на раздарожжы я
Над шляхамі ўвосень гразкімі?
Да цябе іду, прыгожая,
Ад Палесься зь песьняй, з краскамі.
Доля ў келіх мне накапала
Зь нейкай любжы сок настоены.
Па дарозе і абапала
Загубіліся выбоіны.
I няма ўжо вузкай вуліцы.
Нікне цемрыва разьмякшае.
Толькі крыху мне рашчуліцца,
Бачу ў сьвеце ўсё інакшае.
ЦЕНІ
Сёньня сумна мне чагосьці.
Запрашаю сонца ў госьці;
Сьвеціць ветліва яно,
Пазіраючы ў вакно.
Шэры змрок загнаны з ранку
Пад прымятую фіранку.
Залятае ў мой пакой
Залатых праменьняў рой.
Па сьцяне — даўгія цені
Ў палахлівым мігаценьні.
Я ў тых ценях пазнаю
Зь іншым любую маю.
8.12.43
МОЖА ПРЫЙДЗЕШ?
Занямелі ў садзе апусьцелым
Вогкасьцю набраклыя кусты.
Я чакаю... Я дрыжу ўсім целам.
— Можа прыйдзеш ты?
Не. Няма...
Няўжо чужой дзяўчыне
Я зірнуў усхвалявана ўсьлед?
Мроя тчэцца лёгкім павучыньнем
I ляцiць у сьвет.
Можа прыйдзеш?
Я цябе чакаю
З роднай а далёкай стараны.
Мо з табой, жаданай,
Зноў спаткаю
Дні былой вясны.
* * *
Як толькі скончыцца вайна
Я да цябе ізноў вярнуся.
Ці ў гэтым ёсьць мая віна,
Што я цяпер не ў Беларусі?
Цябе няма... I мне шкада —
Ня бачу радаснай усьмешкі.
Прыйшла раптоўная бяда
I жвірам жорсткім сыпле сьцежкі.
Няхай сутоньне ў вочы б'е,
Аб сьветлым марыць не пакіну.
Кахаю шчыра я цябе,
Як нашу родную краіну.
Здаецца часам, уначы
Мяне знаёмы голас кліча,
Каб смутак свой перамагчы,
Шукаю блізкага аблічча.
Я пазнаю тваю сястру
Сярод людзей чужога краю,
I ў сэрцы боль журбой гастру —
Цябе й Радзіму ўспамінаю.
30.11.44
* * *
Я вярнуцца не магу,
Душу труціць чамярыца.
Як жабрак той на рагу,
Мушу зь лёсам прымірыцца.
Хай гараць надзей агні,
Загаіцца рана з болем.
У крывавай калатні
Перажыта значна болей.
Ня сумуй, чакай мяне!
У растаньні лучыць згода.
Навальніца праміне,
Улагодзіцца пагода.
I тады з табой ізноў
На прасторы я зайграю,
Каб нязгасная любоў
Галасьней сьпявала Краю.
Шчэ ня скончана вайна
Пачуцьця, ідэй і думак...
I таму — ты там адна,
А са мной дарожны клумак.
20.10.46
ТАБЕ
Словы зьнізаны каралямі,
Чуеш гул маёй крыві.
Хай каралі нятрывалыя,
Я-ж душою ня крывіў.
Ня крывіў душой, каханая,
Чорным часам пець ня мог.
I туга закалыханая
Залягла ў маіх вачох.
А цяпер інакш адчулася,
Стаў ачуньваць пакрысе.
Маладосьць мая прачнулася,
Песьню звонкую нясе.
Сёньня позірк горда бліскае,
Пачуцьцё маё кране
Слова, сэрцу надта блізкае.
Ад чужых ня трэба мне
Ні сугуччаў і ні колеру, —
Я пішу на свой манер.
Не прашу чужых ніколі рук,
Іхны ведаю намер.
Я іду сваёй дарогаю
Па старонцы дарагой.
Раскажу табе так многа я
Зь ціхім сьмехам і тугой.
Думкі, быццам іскры прысаку
Узьлятаюць да нябёс.
Паміж зор лунаюць высака,
Іхны жар табе прынёс.