Выбрать главу

ЛЯ РАКІ

Я з табою сядзеў ля ракі, Між чароту плылі шчупакі... Над вадою трымцеў плавучок. — Можа плотку падчэпе кручок?
А што думала ты — ня ўгадаць. Твой пагляд лашчыў водную гладзь. I сьпявала ты ціхенька мне: — Ці кахаеш, мой любы, ці не?
Раптам голас узрушаны сьціх, Ты танула ў абдымках маіх. I ў той момант, нібы назнарок, Патануў на вадзе плавучок.

ЗЛОЕ ШЧАСЬЦЕ

Я маю злое шчасьце: Любіць і боль цярпець, Падняцца, нізка ўпасьці, Зноў узьляцець і пець.
I песьнямі сваімі Спакой душы знайсьці, Бяз крыку, з простым імем Да хараства ісьці.
Гарэць... ахвяры класьці, I ўсёй істотай пець. Такое злое шчасьце Паэт павінен мець.

СЬНЯЖЫНКА

Адцвіла вяргіня белая... Мне «бывай» сказала ты. Зьнікла радасьць недасьпелая Ў дзень асеньні, залаты.
Я сваю душу трывожную Суцішаў, як быў з табой. Ад цябе пайшоў, прыгожая, Зь незатоенай журбой.
Ідучы ў жыцьцё сьцяжынкаю, Ні на што не наракаў... Я над першаю сьняжынкаю, Што зьляцела на рукаў,
Загарэўся успамінамі: Саматканы твой вузор Тонка сплецены ільдзінамі У карунак дробных зор.
У цябе каўнерык вязаны Акурат, як сьнегу брыж... Можа штосьці недасказана, Дык цяпер дагаварыш.

НА ПРАДВЕСЬНІ

На прадвесьні па жарсьцьве дарог Я пайду за горад пець прастору, Мне ўжо сьніцца сонечны мурог, Мне прыносіць гліца пах чабору.
А яшчэ ня выбегла нідзе 3-пад зямліцы траўка маладая — Сымбаль сыці і людзкіх надзей. А яшчэ пахмура паглядае
Ў талым сьнезе прэлая зямля, Як іржа рудая на зялезе. Аж ня ўрымсьцiцца жальба мая, Асьцюком у верш яна залезе.
Будзе песьні мутарна маёй. А пасьля, калі ўсьміхнуцца руні, Праліецца сум, і супакой Ляжа ў сэрцы на жывыя струны.
Акрыліцца слова. Пойдзе ў друк. Хай чаруе, песьцiць на прадвесьні. Дзесьці тоне ў просіні жаўрук, Ён пяе напэўна мае песьні.

ПАПАРАЦІ

Прабягае дзе-ні-дзе Злосны вецер за аселіцаю. I зімы апошні дзень Апяваецца мяцеліцаю.
I сівы мароз-мастак Парасклаў на шыбах папараці. Кветкі сьнежныя, аднак, Заўтра кроплямі закапаеце.
Лёгка дыхае вясна Над сьнягамi расьцярушанымі. Я самотна ля вакна Сьмягну думкамі узрушанымі.
Незабыўныя гады, Пылам замсты незамеценыя. Хлопца вабілі тады Косы русыя, заплеценыя.
З тэй дзяўчынай часта я Пеў вясьнянкі пад алешынаю. Мне здавалася, мая Доля зь нейкім зельлем зьмешаная.
Дзіўны шэпат у лісьці, А я з мараю нязьдзейсьненаю: Як у шчасьцi узрасьці I цьвісьці вясною песеннаю?
Як ад гора уцячы? Капцюрамі ліха драпаецца. На Купальлі уначы Мы шукалі кветку папараці.
Аджа кветкі не знайшлі, Толькі морак плыў над парасьцямі. Маладосьць мы перайшлі, Бачым поступ блізкай старасьці мы.
Розных думак рой імкне. Вунь жаданая, расквечаная Серабрыцца на вакне, Ды цяплом амаль зьнявечаная.
Клаў мароз на шыбы вас У спляценьні хітрым, папараці! Вам трываць нядоўгі час — Заўтра кроплямі закапаеце.

ПЕРАД СЬВЯТАМ

А чаму, зь якой прычыны, Пад брывамі у дзяўчыны У блакітнай глыбіні Загараюцца агні?
Ці таму, што блізка сьвяты, Што прыходзяць часта сваты, Мёд нясуць, гарэлку п'юць I, частуючы, пяюць.
Пазіраюць ёй у вочы, А ў адказ ім — сьмех дзявочы. — Ня гуляйце да цямна! Мае любага яна.
З Васілём, хлапцом вясковым, Ёсьць інтэрас, адным словам. I вясельле пойдзе ў лад, Мае быць пасьля Каляд.
А таму, з тае прычыны, Пад брывамі у дзяўчыны У блакітнай глыбіні Загараюцца агні.

ВАСІЛЁК

Сьцежка ў полі вядзе нацянькі. Наабапал цьвітуць васількі.
Я з табою стаю на мяжы... Маё сэрца вузлом не вяжы.
Ты ласкаеш цяпер Васіля, I цяпер і, напэўна, пасьля.
Я гарачую радасьць тваю Адчуваю. З табой запяю.
I жытнёвую краску сарву. Упрыгожу тваю галаву.
Хай-жа ў косах сінее здалёк Стаў над лёсам тваім Васілёк.

ЛІЛЕЯ

Нашумелі хвалі Ў шале буравею. З возера сарвалі Белую лілею.
З бурай уцякае Пад кусты, пад лозы. Чыстая такая, На пялёстках сьлёзы.
На вадзе лілея Больш не забялее, А мая надзея Сёньня жарам тлее.

ЦЫМБАЛІСТ

Ён пазнае душой людзкую кволасьць I творыць казку чараўнічых сноў. Таму ў яго пад колер струнаў волас I вусны выцьвілі ад сьпекі сьпеўных слоў.
Зрывае дзед з цымбалаў гукі-звоны, Яны лятуць, як лісьце па вятры. На Беларусі зь песьняй плытагонаў Усе дарогі выхадзіў стары.
Ён перажыў усіх цароў на сьвеце, Страхоцьце войнаў на сваёй зямлі, I павыросталі на славу дзеці, Дый за чужую славу паляглі.
Але былі таксама — іх ня мала, — Што пралівалі за Радзіму кроў. Прызыўны голас дзедавых цымбалаў Зьвінеў магутна ў сэрцах змагароў.