Выбрать главу
Іграў музыка ладна ў непагоды, Сьпяваў пра вёсны, вусны, маладосьць. I абуджаў лагоднае заўсёды, А да чужынцаў накіпала злосьць.
Ня меў свабоды ён ад іх ніколі. Шукаў, пытаў — нічога не знайшоў. Глядзеў на ўсё зь нявычарпаным болем I піў ваду зь гліняных гладышоў.
Суцішыў смагу з рэк Дняпра і Сожа, Дзьвіны і Нёмну, безьлічы крыніц. А ці душу пакрыўджаную зможа Ён перазвонам струнаў напаіць?
Навокал людзі быццам скамянелі. Ці-ж будуць слухаць сьціплую ігру? А тут яшчэ і старасьць стогне ў целе, Ламае косьці ў золкую пару.
Няўжо ляжыць жалоба на пачуцьцях, I ты адзін адкінуты людзьмі, Навошта думкі горкія снуюцца? Зайграй ты перамогу, загрымі!
Яшчэ па струнах спрытна ходзяць рукі, Ты іх з цымбальнай радасьцю зрадні! I за табою пойдуць твае ўнукі, I загарацца восенскія дні.
Няхай зямля абсыпаная лістам, I голы сад у холадзе заснуў. Ідзі ў жыцьцё вясёлым цымбалістам, Іграй пра ветласьць, вусны і вясну.

ПЭРСЫДЗКАЯ ЛЕГЕНДА

Даўным-даўна і далёка, За высокімі гарамі Дый за морам, за Касьпійскім Жыў пэрсыдзкі цар Хазрой. Прагавіты, ганарысты, Ён шукаў сусьветнай славы. Дні ягонага ўладарства Змрочнай сталіся парой.
Паднявольныя народы Ён зганяў на фэстывалі, Прымушаў іх пад прыгонам Песьні весела сьпяваць, I тырана-пераможцу, Заглушаючы сумленьне, Сьветлым, мудрым і вялікім Перад сьветам выслаўляць.
Ад галодных, ад галоты Адгароджаны сьцяною, Ён праводзіў дні ў забавах, Ад кальянаў віўся дым. Калыхаліся штандары, Краскі кідалі Хазрою, Залатыя кубкі зь мёдам Выстаўлялі перад ім.
А ці сэнс жыцьця ў раскошы? У разгуле ненасытным, Як здараецца заўсёды, Шчасьце рвецца на шматкі. I тады гняце раздума: Ёсьць на сьвеце безьліч скарбаў, Іх няўзнак мінаюць людзі, Толькі бачаць мастакі.
Мастаком усюды гонар, Скрозь адчыненыя дзьверы: I ў хаціны і ў палацы, Нават там, дзе цар жыве. I ў багатыя гарэмы, I ў сукрытыя купальні, Дзе на мармуры басэйну Хараство у харасьцьве.
Пра красу складаюць вершы, I малююць на палотнах, I разцом на цьвёрды камень Накладаюць лёгкі штрых. А ў цара жанок нямала — Зіхацяць, як дыямэнты... Хай-жа ў будучыні нашчадзь Палюбуецца на іх.
На ўспамін хай будзе ўнукам Постаць гордае красуні: Цар Хазрой зазваў Фэрхата — Маладога разьбяра. I яго павёў гасьцінна Ў патаемныя пакоі, Паказаў сваіх там жонак — Пыху царскага двара.
Ні ў ваднэй няма заганы, Зьзяюць роўна ўсе, як зоркі. Выбірай, якую хочаш. Сузіраючы — твары! Маладзіцы ў белых строях, У маністах жамчуговых, Як на радаснае сьвята, Хараства нясьлі дары.
Лебядзінай чарадою Праплылі у карагодзе, I адна зь іх асталася, Прыпыніла лёгкі крок. Быццам крыламі, рукамі Плаўна ўзьвеяла ў паветры. З плеч хіснуўся доўгі вэлюм, Можа нават назнарок.
Раптам спрытна падхапіла, Ахінулася пасьпешна, I празрыстым матылёчкам Замільгала ля жанчын. I Фэрхат ужо убачыў: За яе няма найлепшай. Далікатны цьвет магнолі — Лёгкавейная Шырын.
Пад празрыстым тонкім шоўкам Цела белае лілеі Дый узьнятая прыветна Неакрытая рука, Хараством клясычных формаў I гульнёй прынадных рухаў Захапляла, хвалявала Маладога мастака.
Ён абраў яе. Ён верыў, Што няма дачкі Ірану Прыгажэйшай, а напэўна I на сьвеце ўсім няма. Толькі зь ёй вядзе дарога Да вялікага мастацтва. Створыць помнік для нашчадкаў, Слава зьявіцца сама.
I пачаў Фэрхат з запалам... Пад разцом пакорным вырас Вобраз казачнай красуні Ў цьвеце сонечнай вясны. У затоеным жаданьні Сэрца млела, ападала, Заіскрыліся пачуцьці I паўсталі мроі-сны.
Адтвараць красу на яве, Адчуваць у творы радасьць, — Шчасьця гэткага ня зналі Падышахі і цары. Перад ім Шырын стаяла, Як антычная багіня. Твар зь інтымнай цяплынёю Усьміхаўся без чадры.
I распушчаныя косы Да каленаў ападалі, Косы пышныя, густыя, З бляскам, чорныя, як смоль. Паланеў Фэрхат спакусай Прытуліцца блізка-блізка. У яго украдкам сэрца Засмактаў нязнаны боль.
Нейкі гостры, а салодкі, I гарачы, а прыемны. Гэты боль таму вядомы, Хто ў жыцьці кахаць умеў. Нават ночы ў неспакоі, Сьвет зьмяняецца дзівосна. Толькі любай бачыш вочы, Толькі любай чуеш сьпеў...
Але шчасьця час нядоўгі. Скончыў твор. Няма сустрэчаў... Дні пайшлі памалу, нудна, Як арба, як рып калёс. Ня стрываў Фэрхат нарэшце. Каб хутчэй пазбыцца мукаў, Да цара прыйшоў з прызнаньнем Даручыць яму свой лёс.
I з паніклай галавою Да Хазроя ён прамовіў: «О, магутны цар Ірану! Слова выказаць дазволь. Б'е паклон табе ў пашане Твой Фэрхат, і царскай ласкі Просіць сёньня, каб суцішыць У грудзёх пякучы боль.
Ён стаіць перад тваімі Ясназорнымі вачыма I жыцьцё сваё і талент Каля ног тваіх кладзе. З тэй пары, як я наведаў Твой гарэм з твайго дазволу, Для душы мае спакою Не магу знайсьці нідзе.
Паднявольны сіле змусты, Я закон дзядоў парушыў. Я — мастак, і ў творчай працы Сузіраў красу жанчын. I мяне багі за гэта Пакаралі злою жарсьцяй. У начы бяссоннай бачу Ў сьветлым вобразе Шырын.
Мне даруй! Яе кахаю. Нашу слаўную царыцу Я люблю, люблю ўсім сэрцам, Як жыцьцё, як родны край. Патрабуй усё, што хочаш! Я гатовы да ахвяры. А Шырын, прашу з пакорай, Падаруй мне, цар, аддай!..»