— Раскажы пра свой лёс, гартаваны. Колькі ж табе спатрэбілася часу, каб стаць такім . такім халодным.
Не так ужо і многа. Як ні дзіўна. Ты не маўчыш, бо ты не зняверыўся. Я зайздрошчу табе. Зайздрошчу за твой талент — спадзявацца і верыць. Сам я так не магу. Гартаваны, не выношу жаль. Не люблю чуласці. Гэта ўсё — тваё. Калісьці я палічыў тое за слабасць і адмовіўся раз і назаўжды. Але вось жа цудоўная праява: я ніколі не лічыў слабым цябе, звонкагалосы. Што ж тут зробіш.
Ты некалі быў чалавекам, я быў. Зведаў і майстэрства, і душы зброі. Так, не спрачайся, і ў зброі ёсць душа. Цёмная, трывожная, спавядальная. Моцна памятлівая. Яна ніколі не забывае тых, хто трымае гартаваную. Збірае па драбніцы іхні гнеў. Збірае, тоіць, каб аднойчы ўлеўна абрынуцца. «На каго?» — спытаеш ты, галасісты. А на саміх гнеўных, неміласэрных, недаравальных. Можа быць, што і смелых, адважных. Але жорсткіх. За гэта і прыходзіць адплата.
— І табе прыйшла? — ціха пытаешся, галасісты. Смешна гучыць твой шэпт.
— І мне. А чым я лепты.
— Чаму ж не стаў ты жахлівым ценем, як той ваяр? Не знік за гады і стагоддзі?
— Ведаеш пра яго. Усё?
— Здагадаўся. Не паверыў у тое, што ён баяўся. Ты ніколі не важдаўся з палахліўцамі, бом, бом, бом! А мне ж гэта падабаецца ў табе.
— Славіш песняй смелых? Нават такіх? Ды чаго я дзіўлюся. Памятае людское сэрца пра волата, які ўчыніў нешта злое. Памятае, не можа забыць. Часам называе яго і Княжам. Дык ці мала што зрабіў? Але ж волат. Але Княжа.
— Не пагарджай смеласцю. Нават такою. Не зневажай літасць. Нават да такіх. Ты нічога не сказаў пра сваю адплату.
— А мая адплата — не знікаць у гадах і стагоддзях. Можа, і вельмі б хацеў, але не магу. Не супыняюцца звады і кроў. Зноў і зноў цягнуцца да гартаваных. Да такіх, як я. І зноўку я шукаю самае страшнае ў бяздонні чалавечай душы.
— І што знаходзіш, бом?
— Нічога не знаходжу. Там тое ж, што я бачыў многа разоў. Ад чаго даўно стаміўся. І мне зусім не здаецца страшным, што жахае іншых. А ты, што ты, звонкі, знаходзіш у чалавечым бяздонні?
— Новую надзею. Больш моцную, чым азывалася раней. Новую палымяную веру! Стакроць мацнее раней ледзьве чутная песня. І міла мне разганяць цемру гучным звонам. Не смейся, чуеш!
— А я і не смяюся. Проста надакучыла ўжо казаць, чакаць. Нават не верыць табе, самы літасцівы.
— Бом! А ты не жалься, не плач, не нудзіся. Проста падумай, пачакай.
— А я і думаю.
Пра тое, што заўсёды зайздросціў трыпутніку. Таму, хто вядзе да маіх курганоў, да тваіх азёр. Трывушчы, гаючы. Прайшоў трыма шляхамі-пуцявінамі, поўнымі варажнечы і гневу, але не страціў сваёй дабрыні, і надзеі, і веры. Лёгка і проста знаходзіць тых, каму патрэбны. Дапамагае. Лекуе. Не памыляецца, абіраючы нявартых.
Я ведаю гэта так добра, як і цёмную душу бразатлівага жалеззя, прагнага да бітвы. Лячыў параненых, што вярталіся героямі да свайго народа. Акрыляў надзеяй знявечаныя душы. Спапяляўся ад чужога болю і адраджаўся зноў. Цяжка. Але ж трывушчы. І моцны. І праніклівы. Пазнае, пазнае нявінных.
І ты пазнаеш лепшых, звонкагалосы. Не хочаш адно пра гэта казаць. Ды няўжо думаеш, што гартаваны, пануры, не здагадаўся? Я ж не заўсёды такім быў. І ніколі не быў маўклівым. Не спяваў, як ты, звонаў-песняў, але ж не, зусім не маўчаў. У гэтым ты, мой вечны сябра, мой верны сапернік, змыляешся.
Чакацьмем лепшага. Самага-самага. Аддадзім яму песню, падаруем сілу, каб аніколі болей не ўшчынілася боек на белым свеце. Будзе і літасцівым, і моцным. Будзе абраным. Каб адно дарогу да патопленых у азёрах званоў, да верасовых курганоў знайшоў. Ды не, не баюся за гэта. Бо не памыліцца трыпутнік. Сам шляхі спазнаўшы, прывядзе яго, прывядзе.
— Проста падумаем, пачакаем. Не будзем жаліцца на цёмную памяць. Не будзем плакаць пра страчаных. Не будзем нудзіцца пра саміх сябе. Не будзем.
— Бом, бом, бом! Веру табе! Бом, бом, бом!..
Следавікі, следавікі...
Мы — моцныя. Нас — многа. Мы сонна глядзім на зямлю. Не трывожым яе кароткімі летамі, калі ўсе імгненныя так радуюцца жыццю. Маўчым дажджлівымі лістападамі, калі такімі блізкімі робяцца нашы нябесныя сёстры. Вялікія шэрыя хмары. Цяжкія, здаецца, вось-вось упадуць долу. Анічога не кажам завейнымі сцюжамі, калі кружыць ды гуляе ў белым халодным балі ўвесь свет. І чаму тады найболей сумуюць тыя, імгненныя, кволыя? Гэта ж весела, падпяваць гуллівай мяцеліцы. Ані зрушымся цёплымі вёснамі, калі адчуваем радасць вакол сябе. Вялікую радасць. Спадзяванні. Спадзяванні. Хіба ж можна тады патрывожыць, адабраць хоць каліва шчаслівых чаканняў у тых, якія мільгаюць каля нас яркімі зямнымі зоркамі. Імклівымі. Імгненнымі. Часам нам робіцца за іх крыўдна. Мы ж — трывалыя. Мы ж — вечныя. І мы сталі жывымі, бо нас пабудзілі маленькія зямныя зоркі.