— Вазьміце хоць булачак на дарогу! — гукнула гаспадыня, але Анжаліка ўжо адчыняла дзверы. Калі хацела, яна ўмела вельмі хутка хадзіць на абцасах.
Плот быў спавіты тымі самымі кветкамі, супляменніка якіх Анжаліка насіла ў медальёне каля сэрца. Супроць волі яна спынілася і далікатна пагладзіла пялёсткі.
— Жудасныя кветкі, — сказала фрау Блюм. — Шкада, сусед не дае іх знішчыць.
— Як? Навошта? — выклікнула Анжаліка раўніва.
— Ой, у мужа на гэтыя кветкі жудасная алергія! Як яны пачынаюць цвісці, яму жыцця няма зусім. Верыце, яны яму ў кашмарах сняцца! Прыпаўзаюць і душаць...
— Якая жахлівая гісторыя, — прагаварыла Анжаліка, трымаючыся рукой за медальён. Ёй раптам таксама стала цяжка дыхаць.
— Што з вамі? Алергія на пылок?
— Так, — сказала Анжаліка, — менавіта так.
Калі яна вярнулася, дом быў пусты, так што можна было, нарэшце, даць волю пачуццям. Яна рыдала, пакуль паднімалася па ўсходах. Плакала, распранаючыся i вешаючы чорную сукенку на плечкі ў шафу. Усхліпвала, прычэсваючыся каля туалетнага століка. Паспрабавала выціснуць слязудругую, запісваючы пра сваю паездку ў дзённік, — але на гэты момант слёзы нарэшце скончыліся. Нават пабедаваць уволю не атрымлівалася, а шкада!
Анжаліка зірнула ў люстэрка, зрабіла летуценны твар, потым пакутніцкі, потым паказала сабе язык — і ўсміхнулася. Яе адпусціла. Памыўшыся халоднай вадой і пераапрануўшыся ў простую белую сукенку без выбрыкаў, яна адчула сябе вельмі лёгкай, пустой i як быццам нават трохі шчаслівай. Яна баялася ашукаць — а апынулася ашуканай, І, як ні дзіўна, гэта яе ўзрадавала, як быццам здымала адказнасць i дазваляла тое, што сама яна баялася сабе дазволіць.
Рашуча i сурова яна спаліла ў каміне лісты, фатаграфію і высушаную кветачку, павязала на шыю легкадумны ружовы шалік і, памарудзіўшы трохі, пастукала ў дзверы пакоя Томаса.
Калі яна пастукала другі і трэці раз і не дачакалася адказу, то проста ўвайшла. Пакой сустрэў яе ідэальным парадкам, які бывае ў нежылых памяшканнях. Ніводнай зморшчынкі на пасцелі, ніводнага прадмета на тумбачцы, а пісьмовы стол нават паспеў пакрыцца тонкім і раўнамерным пластом пылу. 3 нядобрым прадчуваннем Анжаліка адчыніла шафу. Шафа развяла б рукамі, калі б іх мела. Бо была яна зусім пустая.
Стукнулі ўваходныя дзверы, і Анжаліка збегла па прыступках. У пярэднім пакоі стаяла фрау Шпіц з кошыкам зеляніны і гародніны.
— Ох, цяжкавата пешшу на рынак хадзіць, — паскардзілася яна.
— А што ж Томас цябе не падкінуў? — спытала Анжаліка, упершыню, здаецца, назваўшы яго сапраўдным імем, а не «хома шаферус».
— Ён павёз твайго бацьку ва ўніверсітэт, — здзівілася фрау Шпіц. — Сёння ж юбілейны вечар, ушанаванне, а заадно бацька прадставіць новую кнігу.
Анжаліка пляснула сябе па лбе. I праўда, як яна магла забыцца пра падзею, аб якой прафесар размаўляў апошнія дні, не змаўкаючы.
— Я ва ўніверсітэт! — крыкнула яна.
— Бацька будзе вельмі рады цябе ўбачыць, — адказала маці з усмешкай. Ёй і ў галаву не прыйшло паведаміць дачцэ, што Томас узяў разлік і ўжо купіў квіток на цягнік. «Хома шаферус» ніколі асабліва не хваляваў Анжаліку, якой «простыя смяротныя» падаюцца такімі банальнымі. «А шкада, Томас цудоўны хлопец, ён быў бы добрай парай для нашай дзяўчынкі», — няўважліва падумала фрау Шпіц. Потым яе галаву занялі менш рамантычныя думкі.Яна купіла на рынку брокалі і знайшла ў кулінарнай кнізе рэцэпт, які пачынаўся з загадкавага «варыць у невялікай колькасці вады». Верная сабе, фрау Шпіц адправілася ў кабінет мужа па калькулятар, каб вылічыць аптымальную колькасць вады на аптымальную для трох чалавек колькасць капусты.
Анжаліка, запыхаўшыся і растрапаўшы прычоску ад шпаркай хады, увайшла ў вестыбюль універсітэта. Яе ўразіла цішыня, нязвыклая для гэтых сцен. Ах, цяпер жа вакацыі, выпускныя іспыты прайшлі, уступныя яшчэ не распачаліся, большасць студэнтаў раз'ехалася па дамах, а тыя, хто застаўся, напэўна сядзяць цяпер у самай вялікай аўдыторыі і слухаюць, стаіўшы дыханне, як чарговы знакаміты госць чытае панегірык прафесару Шпіцу.
Яна зазірнула ў дзверы. Так і ёсць, памяшканне бітком набітае, бацька сядзіць у прэзідыуме і добразычліва ківае, слухаючы чыюсьці гаворку. I дзіўна: голас чалавека, які выступаў, быў Анжаліцы знаёмы, але яна не магла ўспомніць, каму ж з бацькавых вучняў ён належыць. Хіба іх усіх запомніш.
— Але ў вашым папулярным артикуле вы казалі, што каханнем можна кіраваць! Што закахацца ці разлюбіць лёгка, трэба толькі ўсё ўсвядоміць і прыняць валявое рашэнне! — прагучала чыясьці рэпліка з залы, і Анжаліка натапырыла вушкі.