Выбрать главу

— Неабачлівы ўчынак, — падумаў ён раптам. — Ну што я скажу? Прафесар, я прыехаў да вас, каб... ЦІ так: прафесар, вы, напэўна, здзіўлены маім з'яўленнем... А можа быць, лепш сказаць начыстую, хто я і навошта прыйшоў?

Ён перакінуў торбу цераз плячо і пазваніў у дзверы.

Адчыніў дзядок з сівой бародкай, у капелюшы і плашчы. Ён узмахнуў палкай з сярэбраным набалдашнікам і закрычаўузрадавана:

— Ну нарэшце!

— Прафесар... — пачаў быў Томас, але не паспеў ён прадставіцца, як яму сунулі ў рукі гару кніг і загадалі несці гэту гару ў гараж. Выглядаючы то направа, то налева з-за свайго каштоўнага грузу, Томас ішоў следам за прафесарам і думаў толькі пра тое, як бы не спатыкнуцца.

— Вы мне вельмі дапамаглі, — сказаў прафесар, калі Томас грукнуў кнігі на задняе сядзенне бліскучага новенькага чорнага аўтамабіля-«жука». — Гады бяруць сваё. Калісьці я цягаў на ўзгорак дваццацітомную энцыклапедыю!

— Так, я.. — сказаў Томас, нарэшце зняўшы кепку і прыгладзіўшы валасы.

Тут гарадскі гадзіннік на ратушы захрыпеў, зарыпаў і пачаў біць.

— Божачкі! Паехалі хутчэй, я страшэнна спазняюся! — успудзіўся прафесар. — Хутчэй!

I Томас раптам апынуўся за рулём прафесарскага «жука». На шчасце, малады чалавек умеў абыходзіцца з падобнымі механізмамі і спрытна вывеў машыну з гаража.

— Лекцыя праз пятнаццаць хвілін, — занепакоена прагаварыў прафесар. — Паспеем?

— Паспеем, — кіўнуў Томас. Добра, што таксіст паказаў яму, дзе ўніверсітэт.

— Ах, гэта сапраўднае мастацтва — кіраванне аўтамабілем, — сказаў прафесар захоплена, назіраючы, як Томас пераключае хуткасці і круціць абаранак. — Гэта падобна да чараўніцтва, ці не

— Хм, — адказаў Томас, бо нічога чароўнага ў каробцы перадач і рулі не заўважаў. — Прафе­сар, чаму ж вы самі не навучыцеся кіраваць?

— Ах, сябра мой, ды я ўмею, — горка ўсклікнуў прафесар. — Але я зусім не прыстасаваны да гэтага сакральнага майстэрства. Я, прызнацца, няўважлівы. Увесь час абдумваю новую кнігу. I калі мне прыходзіць у галаву геніяльная думка, я спяшаюся яе зафіксаваць, хапаю нататнік ды самапіску — i выпускаю руль! Зусім забываю, што трэба спачатку спыніцца. Гэта ўжо, здаецца, мой чацвёрты аўтамабіль. На шчасце, пакуль абыходзілася без ахвяраў, але правы ў мяне адабралі i, мушу заўважыць, правільна зрабілі. У нашым ціхім мястэчку ўжо сто гадоў не было няшчасных здарэнняў, і не хацелася б мне ўвайсці ў гісторыю парушальнікам гэтай добрай традыцыі!

Тут яны прыехалі. Томас, з павагай да прафесара, выскачыў з машыны першым і адкрыў дзверцы старому. Той ласкава яму кіўнуў.

— Прафесар ІІІпіц, дазвольце прадставіцца, — пачаў быў Томас сваю даўно ўжо прыгатаваную гаворку.

— Ведаю, ведаю, — падміргнуў яму прафесар. — Вы мой новы шафёр, прыйшлі па аб'яве. Так?

Томас ашаломлена паглядзеў на яго. Памарудзіў — і кіўнуў.

— Здзіўлены маёй празорлівасцю? — усміхнуўся прафесар. — Інтуіцыя, сябар мой! Вялікае пачуццё! Я якраз пішу пра яе кнігу. Мы абавязкова пагаворым пра гэта пазней, а цяпер мяне чакаюць студэнты. Заязджайце за мной папаўдні, а пакуль ідзіце дахаты, Анжаліка пакажа ваш пакой i пакорміць сняданкам.

Калі Томас вярнуўся ў асабняк, дзверы яму адчыніла мажная жанчына ў акулярах і клятчастым фартуху.

— Вы наш новы кіроўца? — прыязна спытала яна. — А я фрау ІІІпіц. Хадземце снедаць, я зраблю вам каву і грэнкі, а заадно прыгатую на абед бульбяны суп. Бо супы такія карысныя!

На кухні фрау ІІІпіц запаліла агонь пад патэльняй, плюхнула туды кавалак масла, адкрыла кулінарную кнігу і пагрузілася ў чытанне. Па яе захопленым выглядзе адразу стала ясна, што чытаць яна любіць значна больш, чым гатаваць ежу.

— Вазьміце пяць бульбін сярэдніх памераў, — прачытала яна здзіўлена. — Ну што за рэдактар рыхтаваў гэтыя рэцэпты да выпуску? Хіба недасведчаны чытач можа ведаць, якія памеры бульбы лічыліся сярэднімі ў год выдання гэтай кулінарнай кнігі?

— Мне здаецца... — пачаў быў Томас з усмешкай, але гаспадыня перабіла яго:

— Мне здаецца, я бачыла ў нашай бібліятэцы сельскагаспадарчую энцыклапедыю! — і яна кінула кнігу на стол і выйшла.

Малады чалавек збянтэжана глядзеў на пліту. Масла на патэльні прыгарала, імбрычак закіпеў i пляваўся кіпнем. Не сказаць каб Томас быў аматарам пагаспадарыць на чужых кухнях — але што яму заставалася? I ён, падкасаўшы рукавы, прыняўся ратаваць сняданак.

Калі праз некаторы час ён павярнуўся, каб паставіць на стол талерку з грэнкамі, — то здрыгануўся i ледзь не выпусціў іх на падлогу, таму што ў дзвярным праёме стаяла тоненькая цёмнавалосая дзяўчына i глядзела на яго. На ёй былі акуляры ў тонкай сталёвай аправе, нітачка жэмчугу, сукенка-футарал у чорна-белую шахматную клетку, і хіба што на лбе адсутнічаў надпіс «прафесарская дачка». Але i без гэтага надпісу ўсё было зразумела.