— Гэта вы так думаеце, — «бо вы просты смяротны», ледзь не дадала яна. — А ёсць людзі, якія апярэджваюць свой час і робяць немагчымае!
— Можа, вы нават знаёмыя з адным такім геніем? — усміхнуўся Томас.
I па тым, як яна раптам запнулася і разгубілася, зразумеў, што неспадзявана патрапіў у цэль. I што, хутчэй за ўсё, Анжаліка закаханая ў нейкага фізіка-тэарэтыка, які жыве, мяркуючы па сініх канвертах, дзесьці ў іншым горадзе i — ну ці не смех? — вынаходзіць Perpetuum Mobile.
Томасу ніколі не хацелася быць шпіёнам. Але менавіта шпіёнам ён пачуваў сябе, калі таемна выкраў пакінутую Анжалікай кніжку, маладушна замкнуўся з ёй у ванным пакоі і хутка перапісаў адрас з сіняга канверціка. Усярэдзіне кніжкі выявілася таксама абгорнутая ў залацістую паперку ад чаю фатаграфія нейкай персоны мужчынскага полу, з подпісам: «Каханне да цябе — вечны рухавік майго жыцця». Слова «жыццё» было напісана праз адну «ц», а ў слове «вечны» прысутнічаў мяккі знак. I спахмурнелы Томас ізноў паяснеў.
Кажуць, што найбольш цікаўныя істоты — кошкі i жанчыны. Усё гэта глупства. Мужчыны цікаўныя не менш. Праседзеўшы пару дзён як на іголках, Томас пачаў дзейнічаць. Для пачатку ён праверыў імя і прозвішча з сіняга канверціка ў каталогу ўніверсітэцкай бібліятэкі. Як і чакалася, ніводнай навуковай працы, манаграфіі ці нават артыкульчыка ў часопісе ў гэтага таямнічага карэспандэнта не выявілася. У каталогу навукоўцаў, якія прыязджалі на канферэнцыі за апошнія дзесяць гадоў, яго не было таксама, як і ў спісах супрацоўнікаў універсітэта, ад рэктара і да падсобнага рабочага ўніверсітэцкай сталовай. I толькі ў адным дакуменце Томас адкапаў-такі прозвішча саперніка: гэта была зборная табліца саіскальнікаў, якія прэтэндавалі на вакантныя пасады малодшых выкладчыкаў і лабарантаў, але правалілі іспыты. Герой-вынаходнік апынуўся настаўнікам фізікі з суседняга мястэчка N. Тры дні Томас хадзіў, пераварваючы новыя веды, а на чацвёрты (якраз была нядзеля, таму паслугі шафёра прафесару не патрабаваліся) не вытрымаў, адпрасіўся і паехаў у горад N на азнаямленчую экскурсію.
За акенцам электрычкі мільгалі зялёныя сенажаці з чорна-белымі каровамі, залатыя палі і чырвоныя дахі вясковых хат. Але любавацца буколікай Томасу замінала непрыемнае пачуццё, якое наведала яго яшчэ на вакзале i разам з ім села ў вагон. Пачуццём гэтым быў сумнеў. Ці правільна ён робіць, што ўмешваецца ў асабістае жыццё фрэкен Шпіц? Навошта ён шпіёніць? Што будзе далей? Томас не ведаў. Напэўна, яму проста хацелася ўбачыць свайго саперніка. Калі гэта чалавек годны, Томас з'едзе з горада і не стане замінаць эпісталярнаму шчасцю Анжалікі. Але як пазнаеш, ці годны чалавек, разглядаючы яго фатаграфію ці падлічваючы памылкі ў яго лісце? I ці годны чалавек ты сам, калі робіш усё гэта? Цяпер Томас уяўляў сабой яскравы прыклад «чалавека бязглуздага», апісанага прафесарам Шпіцам у трынаццатым томе яго анталогіі, у частцы «Несусветная дурасць». Ён прагнуў дзеянняў, але не разумеў, якіх.
Ужо ў горадзе N, не прыдумаўшы ніякага плана, ён патэлефанаваў настаўніку на дамашні нумар. Прыемны жаночы голас адказаў, што настаўніка няма дома, а шукаць яго трэба на нядзельным пасяджэнні юных аматараў фізікі, якое праходзіць у актавай зале школы. Праз дзесяць хвілін Томас ужо стаяў на ганку школы і любаваўся вялікім замком на дзвярах. Азадачаны, ён паплёўся па незнаёмых вулачках і завярнуў у першае ж кафэ, што трапіла на шляху (не выключана, што адзінае на ўвесь гарадок), каб выпіць какавы і сабрацца з думкамі. Думкі не збіраліся. Сёрбаючы гарачы напой, Томас ужо быў вырашыў кінуць сваю задуму i вяртацца на вакзал, як раптам у кафэ ўвайшоў чалавек, аднекуль Томасу знаёмы. Пасля двух глыткоў какавы Томас сцяміў — гэта ж той самы «Вечны рухавік»! Ён выглядаў зусім як на фатаграфіі: доўгі нос, залысіны, акуляры i пад акулярамі — вочы, на першы погляд, вельмі разумныя. Зрэшты, дзе ж вы бачылі настаўніка фізікі ды з неразумнымі вачамі?
Ён замовіў сабе куфель піва і, агледзеўшы перапоўненую залу, накіраваўся да століка Томаса.
— Не занята ў вас?
— Калі ласка! — Томас зрабіў запрашальны жэст.
Першы куфель знік у маўчанні. Другі таксама. А вось пасля трэцяга куфля візаві Томаса зрабіўся гаваркім.
— Вы ж не мясцовы? — спытаў ён.
— У вас надзвычайная інтуіцыя, — кіўнуў Томас. — Як вы здагадаліся?
— Мясцовыя ніколі ў жыцці не заказваюць тут какаву, — хмыкнуў настаўнік. — Няма сэнсу сыходзіць у нядзелю з хаты, прэч ад жонкі i дзяцей, каб сербануць какавы. У нас тут і ў галаву нікому гэта не прыйдзе.
— Ад жонкі і дзяцей? — паўтарыў Томас задуменна.
— Не, безумоўна, сям'я — гэта найвялікшае шчасце, падоранае чалавеку, — прамармытаў настаўнік і садзьмуў піўную пенку. — Але калі гэта дзень i ноч, дзень i ноч, з году ў год... ЦІ верыце, у мяне адна аддушына, ваджу па суботах свой клас ва ўніверсітэцкі гарадок, тут непадалёк, i пакуль яны дзве гадзіны глядзяць кіно, я магу пабадзяцца па вуліцах, выпіць кавы і ўявіць на імгненне, што я — гэта зусім не я, i што я жыву зусім іншым жыццём... Разумееце, пра што я?