Вядома, у штодзённых справах Томас быў выдатны. Ён карміў Анжаліку смачнымі сняданкамі, прыносіў ёй кнігі з бібліятэкі, уласнаручна прыбіў набойку на яе абцасік, а неяк нават падарыў шаўковы шалік — праўда, недарэчнага ружовага колеру. Анжаліка закінула шалік у кут свайго шыфаньера, забітага чорна-белымі ўборамі, але часам успамінала пра яго з паблажлівай усмешкай. Ружовы шалік, вы падумайце, хіба гэта адпаведны падарунак для дзяўчыны, якая збіраецца прысвяціць усю сябе навуцы? Яе фізік-вынаходнік ніколі б не дадумаўся падарыць такую пошласць. Ён, праўда, не дарыў ёй наогул нічога, але Анжаліка яго лёгка апраўдвала. Калі галава забіта чарцяжамі і схемамі, маторчыкамі і шрубамі, адкультам узяцца думкам пра шалік ці хоць бы маленькі букецік фіялак? Ён навуковец, яму няма калі.
Зрэшты, аднойчы ён даслаў ёй у лісце засушаную кветку. «Гэтыя кветкі абвіваюць плот вакол маёй хаты. Калі я ўдыхаю іх водар, я думаю пра вас», — пісаў фізік. Анжаліка схавала гэту кветку ў медальён і насіла каля сэрца.
Каханне ва ўяўленні Анжалікі было стройным, лагічна вывераным механізмам адзінанакіраванага дзеяння. I цяпер дзяўчына адчувала нейкі дысананс, быццам яна была пясочным гадзіннікам, пясок у якім сыпаўся адначасова ў абодва бакі. Як чалавек, прыбліжаны да навукі, фрэкен Шпіц меркавала, што ва ўсякай з'явы павінны абавязкова быць важкія прычыны, у тым ліку і ў кахання, і кахаць чалавека можна — і трэба — толькі за нейкія яго адмысловыя ўчынкі і добрыя якасці. У Томаса ж яна гэтых добрых якасцяў не назірала. Вялікая справа — машыну вадзіць. Мільёны такіх людзей існуюць на свеце, і калі яны знікаюць, нічога не змяняецца, нічога не пакідаюць яны пасля сябе. Дык чаму ж павінна Анжаліка аднаму з іх, як кажуць у іх горадзе, «простаму смяротнаму», аддаваць сваё палкае сэрца? I не павінна, i не будзе! Але сэрца яе жыло па нейкіх сваіх законах, і дзесяць разоў за дзень дзяўчына знаходзіла падставу, каб прайсці паўз пакой Томаса i прыслухацца, як ён там, ці не кашляе зноў, ці не трэба чаго, як ціха ў пакоі, старонкі не шастаюць, — напэўна, заснуў...
Анжаліка доўга абдумвала і нарэшце напісала вялікі ліст у горад N. У пасланні сваім яна была надзвычайна красамоўная, нават закон сусветнага прыцягнення прыпляла, апісваючы каханне як узаемнае памкненне, для якога галоўны вораг — тая самая адлегласць паміж аб'ектамі. Гэту адлегласць Анжаліка і прапанавала скараціць. Захапіўшыся, яна і не заўважыла, як практычна зрабіла прапанову свайму адрасату. Вядома, гэта была не банальная прапанова рукі i сэрца, не, фрэкен НІпіц не плавала так мелка. Яна прагнула выціраць пыл з алтара навукі, быць асістэнткай і саўдзельніцай вялікіх спраў і сусветных адкрыццяў, прынесці сябе ў ахвяру чалавецтву, — ну і, у якасці пабочнага эфекту, атрымаць сваю долю маленькіх жаночых радасцяў, накшталт заручальнага пярсцёнка, новага прозвішча і ўсяго адпаведнага рэквізіту.
Ліст атрымаўся цяжкі, перапоўнены каханнем, так што на пошце, узважыўшы яго, на канверт замест адной наляпілі цэлых тры маркі. Анжаліка ж, вярнуўшыся дахаты, пачала збіраць валізку.
Адказу ўсё не было, і ў суботу Анжаліка дарма прачакала ўвесь дзень на вакзале — ніхто не прыехаў. А ў панядзелак ліст з горада N, нарэшце, прыйшоў, такі аб'ёмны і цяжкаважны, што, уручыўшы яго, паштальён выцер пот з ілба і сеў на лаўку перадыхнуць. «Да чаго ж некаторыя людзі любяць пісаць», — нездаволена думаў ён.
Калі не паглыбляцца ў падрабязнасці і асаблівасці стылю, то, у агульных рысах, ліст распавядаў пра нялёгкае жыццё сапраўднага мужчыны і яго строгія маральныя прынцыпы. Пра тое, што прыроджаная высакароднасць ніколі не дазволіць сапраўднаму мужчыну прывесці сваю выбранніцу ва ўбогае струхлелае жыллё. Асабліва калі ён жыве ў пыльнай майстэрні, дзе шмат павуціння і страшных павукоў. Асабліва калі ён п'е распушчальную каву без цукру і есць чэрствы хлеб без масла. Асабліва калі ён дні і ночы напралёт майструе вечны рухавік, прыкручвае, паяе, змазвае машынным маслам. А машыннае масла так цяжка выводзіцца з далікатных жаночых убораў. Не, сапраўдны мужчына не можа асудзіць сваю выбранніцу на гэткае незайздроснае існаванне. Таму выбранніца павінна цярпліва чакаць лепшых часоў, калі сапраўдны мужчына зможа прыехаць па яе на сваёй машыне з вечным рухавіком і падарыць ёй увесь свет.
Ліст ашаламіў Анжаліку. Рэакцыя яе была вельмі бурная, але зусім не такая, якой чакаў аўтар, а зусім процілеглая. Успыхнуўшы ад гонару за сябе («Дарма ён думае, што я такая ўжо беларучка!»), успомніўшы народную мудрасць («з любым рай і ў шалашы»), прасякнуўшыся адвагай і злёгку абрабаваўшы хатнюю кладоўку, Анжаліка стала пакаваць валізку яшчэ больш актыўна. I ўжо ў аўторак раніцай сядзела ў цягніку, які нёс яе, як яна меркавала, насустрач шчасцю. Выглядала фрэкен Шпіц самой дасканаласцю: капялюшык-блінец з вуалеткай, пальчаткі, строгая чорная сукенка з белым шаўковым гальштучкам, раўнюткія стрэлкі на панчохах, туфлікі на шпільцы. Ад яе зыходзіла гармонія парадку і чысціні, правільнасці, выразных формаў і ліній. Напэўна, менавіта так выглядала муза, што прылятала да вялікіх фізікаў і матэматыкаў ды нашэптвала ім рашэнні мудра гелістых тэарэм.