Але аднойчы ўсё змянілася.
Аднойчы на досвітку з пакоя Анжалікі раздаўся жудасны лямант. I калі Томас, малюючы ва ўяўленні страшныя карціны (цмокі, забойцы, столь абвалілася), без стуку ўварваўся ў дзявочую спальню, перад яго вачамі паўстала прыемная карціна: перапуджаная, смешная, з распушчанымі валасамі, у беласнежнай кашулі з фальбонкамі, Анжаліка балансавала на крэсле i лямантавала на ўсе жылы, паказваючы на падлогу, дзе валялася разгорнутая кніга.
Цмокам i забойцам апынулася нават не мыш, а ўсяго толькі маленькая станожка, што жыла ў кнізе i не па сваёй волі трапіла з волкага бібліятэчнага кнігасховішча сюды, у царства цеплыні i святла. Выканаўшы эпізадычную ролю, яна паспешна схавалася між масніц. А вось Томас схавацца не спяшаўся. Ужо занадта прывабная была Анжаліка, у белым і напаўпразрыстым, з раскошнай грывай цёмных валасоў, без строгіх акуляраў, прыгожая і зусім не страшная. Цудоўнае стварэнне! Багіня! Фея!
Але тут Багіня i Фея, саскочыўшы з крэсла, схапіла свае валасы, згарнула іх у тугі пучок i бязлітасна працяла шпількай. Потым надзела акуляры i паглядзела на Томаса гнеўным позіркам, нібы спрабавала яго спапяліць. I зноў ператварылася ў ранейшую Анжаліку, з-за чаго Томас паспяшаўся знікнуць як мага хутчэй. Але ў памяці ён захаваў успамін пра яе пяшчотную, безабаронную прыгажосць.
Гэты эпізод паспяхова давяршыў тое, што пачало адбывацца ўжо даўно. Томас закахаўся.
Пасля вячэры, жадаючы разабрацца ў сваіх пачуццях — ці проста нянудна правесці адвячорак за лёгкім чытвом, ён узяў у хатняй бібліятэцы кнігу прафесара ІІІпіца «Анатомія кахання».
— Ці не занадта сур'ёзнае чытанне на ноч? — усміхнуўся прафесар.
— Вядомы факт: чым больш складаная кніга, тым хутчэй заснеш, — адказаў Томас. Прафесар пасмяяўся і ўпотай занёс гэтае выслоўе ў нататнік, каб працытаваць потым у перавыданні сваёй кнігі «Розум i яго адсутнасць», у раздзеле пра тупасць i ленасць розуму.
Не сказаць, каб прафесар лічыў Томаса такім ужо тупіцам. Ён усяго толькі разумеў, што кожнаму — сваё: камусьці рабіць дзёрзкія навуковыя адкрыцці, а камусьці круціць абаранак ды пад капот зазіраць. Для свайго сацыяльнага кола Томас выглядаў нават залішне разумным, і прафесар ганарыўся тым, што займеў гэткага кемлівага кіроўцу. Зірніце, нават на лекцыях і семінарах часам паседжвае, слухае меркаванні і спрэчкі, штосьці запісвае ў сшытак. Прафесар адчуваў таемны гонар, што сілай свайго красамоўства змог прыцягнуць да навукі рабочага неадукаванага чалавека, прышчапіў яму цягу да ведаў.
Па дарозе дахаты яны таксама вялі навуковыя гутаркі. Усё больш — пра каханне. Бо, як вядома, «Анатомія кахання» вытрымала чатыры перавыданні і карысталася велізарным попытам, асабліва сярод юнацтва. У гэтай кнізе было расказана ўсё пра каханне — умовы ўзнікнення, прычыны згасання, падвіды, стадыі і катэгорыі. А ў заключнай частцы, што звалася «Лекі ад кахання», прафесар сцвярджаў, што хоць каханне і хімічны працэс, але лекаў ад яго няма. Менавіта з гэтым вельмі хацелася паспрачацца Томасу.
— Прафесар, а ці праводзіліся даследаванні? Ці спрабавалі людзі вылечыцца ад кахання? Якімі спосабамі, як доўга, які працэнт няўдач? — пытаўся ён.
— Вядома ж, не праводзіліся, — усміхаўся прафесар. — Паспрабуйце знайсці добраахвотнікаў! Хто ж захоча пазбавіцца ад свайго кахання?
— Але ж можна знайсці чалавека, які пакутуе ад непадзеленых пачуццяў, і паспрабаваць яго вылечыць.
— Ну што ж, шукайце ахвяру, — жартаўліва блаславіў яго прафесар. — Магу быць вашым навуковым кіраўніком у гэтым цікавым эксперыменце. Але скажу адразу — вас чакае параза! Ужо лепш адразу назапасьцеся чароўнымі яблыкамі са Скалы Закаханых.
Прафесар Шпіц лічыў сябе знаўцам ва ўсім, што датычылася чалавечых пачуццяў і эмоцый, а таксама рысаў характару. Яго шматтомная «Тэорыя пачуццяў» стаяла ў гасцёўні ў лепшай кніжнай шафе і не без гонару паблісквала пазалочанымі карашкамі. Прафесар пісаў па кнізе ў год. Нянавісць, зайздрасць, аптымізм, сарамлівасць, пунктуальнасць, рэўнасць, скупасць, дабрыня. Пра каханне ён напісаў даўно, яшчэ ў маладосці, а з узростам больш значэння надаваў такім паняццям як мудрасць, досвед, сузіранне. Цяпер жа ён пісаў кнігу пра інтуіцыю. Лічыў сябе незвычайна празорлівым, спяшаўся перадаць свае веды будучым пакаленням, і праца яго налічвала ўжо пяцьсот старонак, хоць не падышла яшчэ і да сярэдзіны. Але інтуіцыя падказвала прафесару, што ён на правільным шляху.