Ліст ашаламіў Анжаліку. Рэакцыя яе была вельмі бурная, але зусім не такая, якой чакаў аўтар, а зусім процілеглая. Успыхнуўшы ад гонару за сябе («Дарма ён думае, што я такая ўжо беларучка!»), успомніўшы народную мудрасць («з любым рай і ў шалашы»), прасякнуўшыся адвагай і злёгку абрабаваўшы хатнюю кладоўку, Анжаліка стала пакаваць валізку яшчэ больш актыўна. I ўжо ў аўторак раніцай сядзела ў цягніку, які нёс яе, як яна меркавала, насустрач шчасцю. Выглядала фрэкен Шпіц самой дасканаласцю: капялюшык-блінец з вуалеткай, пальчаткі, строгая чорная сукенка з белым шаўковым гальштучкам, раўнюткія стрэлкі на панчохах, туфлікі на шпільцы. Ад яе зыходзіла гармонія парадку і чысціні, правільнасці, выразных формаў і ліній. Напэўна, менавіта так выглядала муза, што прылятала да вялікіх фізікаў і матэматыкаў ды нашэптвала ім рашэнні мудра гелістых тэарэм.
Сярод іншага, муза везла з сабой шчотку, каб змятаць павуцінне, бутэлечку з газай (выдатна выводзіць любыя плямы), чатыры чорна-белыя сукенкі — і ўсё сваё каханне. Кахання было так многа, што, калі б яно было бачным, яго прыйшлося б здаваць у багаж.
Пакінуўшы валізку ў камеры хавання, Анжаліка адправілася шукаць струхлелае жыллё свайго генія. 3 сабой яна несла пакуначак, у якім былі яшчэ цёплы дамашні хлеб, масла, цукар і паўкілаграма выдатнай свежазмолатай кавы. Яна ўяўляла, як узрадуе, аточыць клопатам, накорміць свайго абранніка. I была некалькі здзіўлена, калі па адрасе з канверта замест лядачай майстэрні знайшоўся дагледжаны асабнячок, абсаджаны рознакаляровымі вяргінямі. Выцягнуўшы шыю, Анжаліка разглядала падрабязнасці праз плот, а з ганка насустрач ёй ужо спяшалася мілавідная жанчына з немаўлём на руках.
— Вам дапамагчы? — па-свойску спыталася яна.
Пацешыўшыся, што не ўзяла з сабой валізку, Анжаліка ўвайшла ў брамку.
— Мне патрэбны прафесар Блюм, — паведаміла яна, паспешліва засоўваючы сіні канверцік у кішэньжакеткі.
— Прафесар? — здзіўлена перапытала гаспадыня. — А, вы, напэўна, жадаеце ўступіць у таварыства юных аматараў фізікі? Мужа зараз няма, ён у школе.
— Мужа?! — ледзь не перапытала Анжаліка, але своечасова апамяталася i перапытала: — У школе?
— Так, у школе. Калі нарадзіўся наш трэці, мужу прыйшлося ўзяць у дадатак да фізікі яшчэ i астралогію. Не, чакайце, астраномію, вечна я іх блытаю. Але ён павінен прыйсці на абед! Праходзьце, я пакуль завару вам гарбаты!
Зусім разгубіўшыся, Анжаліка дазволіла правесці сябе ў гасцёўню, пасадзіць на ўтульную зялёную канапку, і вось яна ўжо п'е гарбату, разглядае вязаную грэлку на імбрычку і слухае аповед гаспадыні.
— Я заўсёды захаплялася яго талентам, — з прыдыханнем казала тая. — Адных кніжак перачытаў колькі, страшна сказаць. А колькі ўсяго вынайшаў! Праўда, гэтыя прасцякі ў бюро патэнтаў не ацанілі яго геній... А потым мы ўзялі крэдыт і купілі гэты дом, ды яшчэ дзеці часта хварэюць, а лекары так дорага бяруць...
Анжаліка рассеяна круціла галавой. Погляд яе перабягаў з парцэлянавых кошачак на ламбрэкены, з качаргі на фікус, і раптам на століку каля акна, побач з чарніліцай і прэс-пап'е, яна ўбачыла кіпу сваіх уласных лістоў, з буйным ліловым штэмпелем універсітэцкага гарадка, і ад нечаканасці ледзь не разліла чай.
Фрау Блюм прасачыла за яе поглядам. Падышла да акна, клапатліва працерла пыл на стале, абмахнула і лісты.
— Таўшчэзны пачак, так? — з усмешкай сказала яна. — Я за ўсё сваё жыццё ніводнага ліста не напісала, граматыка мне цяжка давалася, ды й іншыя навукі. А муж такі захоплены, вось гэта ён перапісваецца з калегам-навукоўцам. Кожны дзень лісты прыходзяць, нават па выхадных!
— Вы іх чыталі? — спытала Анжаліка, пахаладзеўшы, як парцэлянавы каток.
— Нашто ж мне чытаць чужыя лісты? — здзівілася тая. — Ды i не зразумею я там нічога, з гэтымі навуковымі слоўцамі ўсю галаву зломіш.
«Адкрыць ёй вочы?» — падумала Анжаліка. Але ў яе не хапіла духу. Ды і навошта ўносіць смуту ў гэта загрувашчанае мэбляй гняздзечка з камінам, вышытай грэлкай, горкай плюшак на квяцістым блюдзе. Алтар навукі не пыліцца, ён чысты, і прыбраны, і ўвесь у кветках. Што ж, пашукаем іншы алтар. Анжаліка ледзь чутна ўздыхнула, акуратна паставіла кубак на стол і вярнулася ў рэальнасць, злавіўшы абрывак ганарлівага маналогу:
— ...такі разумны ў мяне. Па-навуковаму завецца фізік-тэарэтык. Вечарамі ляжыць у кабінеце на канапе i разважае. Я прыношу яму каву, пяку яго любімыя булачкі з карыцай, кожны дзень свежыя. Ад учарашніх булачак, ён кажа, і думкі свежыя ў галаву не прыйдуць. Часам ён піша свайму калегу, i я нашу яго лісты на пошту. Дапамагаю, чым магу!