48
Чаму ў пэўнай меры? Ды рэч у тым, што і ў канцы, і пасля вайны крамлёўскія палітыкі адстойвалі не столькі «гістарычную справядлівасць», колькі прыналежнасць да СССР эканамічна каштоўнай Галічыны.
49
Цікава, што такое параўнанне намі знойдзена і ў падставовым падручніку па гісторыі Беларусі для студэнтаў гістарычных факультэтаў беларускіх ВНУ (Гісторыя Беларусі. 2002. с. 439). А вось убачыць сярод аўтараў адпаведнага раздзела У. Ладысева, «барацьбіта за гістарычную справядлівасць», было даволі нечакана.
50
Дарэчы, генезіс тэрміна «чацвёрты падзел» адносна вераснёўскіх падзей 1939 г. нельга прыпісваць цалкам польскаму палітычнаму ды гістарычнаму дыскурсу. Яшчэ да таго, як на даляглядзе тыя падзеі з'явіліся, кіраўніцтва СССР загаварыла пра эвентуальнасць «практики XVIII ст.: произвести вместе (з Германіяй. — А. Т.) четвертый раздел». Стасоўна падзей верасня 1939 г. ідыёма «чацвёрты падзел Польшчы» бескрытычна ўсталявалася ў польскай гістарыяграфіі. Яна мае на ўвазе тры падзелы Рэчы Паспалітай у 1772, 1793 і 1795 гг. Аднак NВ: нельга атаясамляць Рэч Паспалітую і Польшчу (як цэлае і яго частку), хоць адроджаная польская дзяржава і прысвоіла тую назву, пад якой існавалі Каралеўства Польскае і ВКЛ. Пры падзелах канца XVIII ст. дзялілася не толькі этнічна польская тэрыторыя, а і ВКЛ — землі яўна не польскія. А. Латышонак адзначае, што ў кантэксце падзей тагачасся маніпуляцыя тэрыторыяй Беларусі была апрабаваная польскімі элітамі ў якасці абарончай практыкі. Калі гэта так, то Польшча тады выступала не толькі як аб'ект падзелаў, але і як суб'ект. Прычым этнічна беларускія землі (як яны праявіліся ў будучыні) адыходзілі Расіі, як і ў верасні 1939 г. Акрамя гэтага, беларускія землі дзяліліся паміж рознымі бакамі ў перыяд 1915–1921 гг., а таксама падчас заканчэння Другой сусветнай вайны. Канечне, ва ўсіх выпадках галоўную ролю грала Расія. Але і польскія дзяржаўныя дзеячы спрабавалі вырашыць свае праблемы за кошт Беларусі, як у канцы XVIII, так і ў XX ст. Такім чынам, па колькасці падзелаў беларускія землі пераўзыходзяць польскія. Яны не толькі дзяліліся тады, калі дзяліліся польскія, але яшчэ і ў асобных выпадках. Прычым у большасці падзелаў Беларусі XX ст. бралі ўдзел і палякі, як і ў XVIII ст. А вось беларусы, як суб'ект міжнароднага права, у нечым падобным не былі заўважаныя.
51
52
На пачатку германа-савецкай вайны на запытанне немцаў, якое ўлады хацелі б беларускія сяляне, адзін дзед шчыра адказаў, што такой, якая дала б «спакой нашаму сялу». Звярнем увагу на адсутнасць (прычым тыповую для беларускае вёскі) нейкай дзяржаўніцкай арыентацыі ў селяніна пры патрыятычнасці адносна сваёй малой радзімы.
53