Выбрать главу

— І праўда, суседачак! Што ж мы? Ад палевіка, вунь, колькі хочаш, столькі і захоплівай, — адразу знайшоўся лесавік.

— Але ж! — пагадзіўся ўражаны лесавіковай кемлівасцю вадзянік.

Сябры-суседзі згодна памаўчалі.

— Дык, можа, і захопім? — не пакінуў важнай гутаркі лесавік. — Я наперад пайду, а ты мяне вадою падтрымаеш! Лес жа добра ідзе, калі ёсць вада.

— А чаму гэта ты першым? — не пагадзіўся вадзянік. — Няхай вада ідзе наперад, а лес — за ёю. І вада добра ідзе, калі з лесам разам.

Сябры-суседзі нязгодна памаўчалі. Паглядзелі адзін на аднаго. Зноў памаўчалі. Зноў паглядзелі.

— Слухай, сябра, — прамовіў гэтым разам вадзянік. — Такая хвацкая ў цябе дубоўня! Гахнуў, як булавой, аж іскры з вачэй! Падары мне яе!

— Бяры, сябра, — пагадзіўся, лесавік, усцешаны тым, што ягоную дубоўню ды булавой назвалі. — Толькі глядзі, каб пра такі падарунак мне шкадаваць не прыйшлося...

— Не, не, не! — аж затросся вадзянік. — Хочаш, я табе за гэта адмыцца дапамагу?

І, не чакаючы згоды сябра-суседа, зноў выліў на яго плюху вады.

— Досыць ужо! Досыць! — залямантаваў на ўвесь свет лесавічок. — І так усяго вымачыў. Тры дні цяпер сохнуць буду!

— Прабач, прабач, братачка, — адразу ж перапрасіў вадзянік. — Я ж хацеў як лепей. Ты мне вось што скажы...

— Што табе сказаць? — падазрона зірнуў лесавік.

— Ды не імшыся ты! Чаго да мяне прыходзіў? — лагодна мовіў вадзянік.

— А... чаго? — прыціх лесавічок. — То паслухай.

І распавёў даўняму сябру, што хоча ён, лясун-лесавік, стаць і чулым, і доб­рым. Да людзей, канешне ж. Каб пасябраваць з імі... І з вадзяніком-суседам на такую справу навечна замірыцца... Надакучыла, маўляў, сварыцца ды біцца. А лепшым стаць даўно ўжо хацелася!

— Якая ж гэта дзіўная дума-знаходка, — прашаптаў усхваляваны вадзянік. — Сапраўды, ты за мяне разумнейшы! Як жа я сам да такога не дакумекаў?!

А даўно ўжо была такая завядзёнка: тое, пра што марыў лесавік, жадаў займець і вадзянік. Тое ж, што было ў вадзяніка, не давала спакою і лесавіку. І пільна сябрукі адзін за адным цікавалі-сачылі...

— Ды што дзіўная-цудоўная. — цяжка ўздыхнуў лесавік. — Што цудоўная, я і без цябе ведаю. Але ж як гэта ды здзейсніць?!

Паглядзелі сябры-суседзі адзін на аднаго. Падумалі. Яшчэ раз паглядзелі. Яшчэ раз падумалі. І раптам вадзянік ледзьве не выскачыў з возера.

— Чаго ты, вадзяніла, скачаш? — недаверліва хмыкнуў лясун. — Ці ўспомніў, што яшчэ аднаго залацістага карасіка можаш здабыць?..

Лесавік добра ведаў, як моцна падабалася ўсё бліскучае ды іскрыстае ягонаму сябру.

— Ой, братачка! Хочаш, здзекуйся, хочаш — не, — аж задыхнуўся ад хвалявання азёрны валадар, — толькі ведаю пэўна, як нашую думу-мару ды спраўдзіць!

— Маю, маю думу! — паспрабаваў не саступіць лесавік.

— Не, нашую, нашую! Іначай не скажу!

— Ды кажы ж ты!

— А не скажу!

— Добра, добра, нашую! Толькі кажы ж хутчэй!

Надзьмуўся ад пыхі вадзянік ды мовіў:

— Трэба запытаць у палевіка!

— Ах ты ж, вадзяніла! А я думаў, ён што разумнае скажа! Прытопленае бервяно! — усхадзіўся лесавік ды ў хуткім часе супакоіўся, разважыў.

— А што ж! Палявік гэты ледзьве не па ўсім свеце лётае. Многа бачыць, шмат чуе. Ведама, малады, хуценькі.

Вадзянік ды лесавік згодна заківалі галовамі, заўсміхаліся. Палевіка яны абодва не любілі.

— Можа, і дарадзіць чаго. А калі што якое, дык мы ж яго заўсёды падманем!

Разважылі так вадзянік з лесавіком. Пайшлі да палевіка ў госці.

ПАЛЯВІК

А палявік ні пра што не думаў, ні пра што не марыў, сядзеў сабе ў ценю калючай ігрушыны, што адзінока глядзела на няблізкі лес, на далёкае возе­ра. Такой цяжкай здавалася палевіку паўдзённая спякота... У яго ж няма ані шумлівай прахалоды лясоў, ані ласкавай сцюдзёнай вады. А лета ж выдалася гарачае. Апоўдні робіцца так млосна, што бачна, як дрыжыць паветра над узгоркамі. Цяжка яму, беднаму, цяжка. А пад вечар так стомішся сядзець ды ляжаць пад цяністай ігрушынай, што ажно бакі забаляць. І што гэта за валадарства такое, смех ды і толькі.

А тут яшчэ тая самая ігрушына шыпіць раздражнёна, злосна:

— Дождж пакліч, каб палеткі твае паліў. Выгарыць усё!

Не стрымаецца тут палявік:

— Каб ты кеміла так, як добра колішся сваім веццем! Не можа палявік клікаць дажджоў. Лепш цень старанна трымай, а то мне сонца ўжо вочы засціць.

— Ах ты ж, ляноціна! Ценю табе мала, сонца табе вочы засціць! Плыве сонца — бяжыць цень! Ніяк яго не ўтрымаеш. Як горача, дык сам перапаўзай! — і смачна кідала ў палевіка няспелай дулінай.

— Ох-вох! — уздыхаў палявік. — Каб ты ссохла!

Але памалу пераходзіў у цень. Сонца сапраўды засціла вочы.

— Я з табой і так дашчэнту высахла, — адказала груша. — І здарылася ж мне не ў лесе вырасці. Вось жа непашчасціла. А мо ля хат, ля калодзежаў у садзе. Вось любата была б!

— Ды каму ты патрэбная, дзічка! — салодка пазяхаючы, азываўся палявік.

— А ты каму патрэбны? — аж скаланалася ігрушына ад камля да верхавіны. — Нічога не робіш, не ўмееш, адно спіш, каб ты не прачнуўся!

— Я цябе не слухаю! Не слухаю! Не чую!

— А вось я табе! — шпурляла ў палевіка цэлую жменю кіслых маленькіх дзічак.

Палявік, ратуючыся, наўцёкі. Падхапіўшыся, бег дарогай і бездаражжу, ажно пыл з-пад ног курэў. Але нядоўга. Спякота не спадала, наадварот, даймала ўсё мацней. Валадар палёў супыняўся, сядаў дзе-небудзь пры дарозе і разважаў пакрыху-паціху:

— Ну і што, як няма дажджоў? Канешне ж, яно лепей, калі паліць. І жыта добра расце, і трава. Ат, што паробіш. Пайду, заміруся. Няма ж анідзе болей ценю. Так горача, хоць плач!

Мяркуе так палявік, аж бачыць, як з узмежжаў сваіх валадарстваў яму замахалі рукамі вадзянік ды лесавік. Маўляў, падыдзі да нас.

— І што ім трэба? — незадаволена чмыхнуў палявік.

Так павялося ўжо, што ні лесавіка, ні вадзяніка ён не надта каб прывячаў. Часцей сварыўся з абодвума ледзьве не да бойкі. То лясун які кавалак поля адбярэ ды лес там вырасціць. Хоць і прыгожа зробіць, слаўна, ды і палёў у валадарстве столькі, што і не злічыць, але ўсё роўна шкада. А то вадзянік гэты вясной поймы залье, трава вырасце там густая, высокая. Прыйдуць людзі на сенакос, песні пяюць, аж заслухаешся. Пра зямлю, пра крыніцу. А яму, палевіку, крыўдна. Гэта ж не яго, а вадзяніка славяць. Крыўдна. І ўсё тут!

— Ну, чаго хацелі, суседзікі? — палявік зычліва ўсміхнуўся. — З чым прыйшлі?

— А прыйшлі мы з добрай думай, — сказаў першым вадзянік.

— Ага, з добрай, — захітаў галавой лесавік.

— Ніводнай лапіны поля вам не аддам, — рашуча махнуў рукой палявік. — І думаць тут няма чаго!

— Ды ты паслухай.

— І слухаць не буду! — зверху ўніз паглядзеў на лесавіка і вадзяніка. І павесялеў: што і казаць, тыя нібы прысадзісты пянёк ды мокрая лужына. — Ну, што за дума такая? Га?