— А ты не лезь у тое, чаго не ведаеш! — лясун-лесавік звысоку зірнуў на нейкага там вадзянічка.
— Няхай возера не падорыць людзям ніводнай, нават самай маленькай, рыбінкі, — працягваў, як нічога не чуў, палявік.
— Ні аеру, ні ціны, — задаволена пасміхнуўся вадзянік.
— Ды каму твой аер, твая ціна наогул патрэбныя? — знайшоўся лесавік. — Не чапаюць іх ні зімой, ні летам.
— Не суй носа ў чужое проса! — вадзянік пераможна зірнуў на лесуна. — Мне лепей ведаць справы свайго валадарства.
— Ды якое ў цябе, вадзяніла, проса? — аж засмяяўся лесавік. — Ці ты з вялікага розуму проса па вадзе пасеяў?
— А што, можна? Вырасце проса ў возеры? — шчыра зацікавіўся вадзянік. — Вось зраблюся добрым, ласкавым, дык і проса ў возеры будзе нібы ў полі красаваць.
Лясун, пагардліва зірнуўшы, гэтым разам нічога не сказаў, а палявік не суняўся:
— Але і проса. Грэчка, авёс, а галоўнае, жыта, жыта. І так я добра падсушыў.
— Бо не гаспадар, — прашаптаў лесавік.
— Не гаспадар, — аднымі вуснамі прамовіў вадзянік.
— А так, перакаці-поле.
— Ага, толькі б спаў.
— Лынды біў.
— Сказы-показкі непатрэбныя баяў, — вадзянік як забыўся, што толькі-толькі сам показку слухаў, за вушы не адцягнеш.
— Добра падсушыў, а цяпер пастараюся яшчэ болей. Прападзе ўсё дашчэнту! — палявік прытупнуў нагой. — Заплачуць людцы, забядуюць.
— З’явіцца да іх чарадзей, — весела падскочыў лесавік.
— А мы яго тут і схопім! — здагадаўся пра ўсё вадзянік.
— У палон возьмем! — не адступіўся ад сваёй задумы палявік.
— І прымусім, прымусім зрабіць нас і добрымі, і спагадлівымі, — зацягнулі ў адзін голас лесавік і вадзянік.
— Слухайце, вы, «вох» ды «буль». — раптоўна перамяніўся палявік.
— Чаго? — у непаразуменні лыпнулі вачыма тыя.
— Напачатку прымусім чарадзея зрабіць мяне добрым, спагадлівым, чулым. А пасля ўжо вас — добрымі, спагадлівымі. Вось так.
— А чаму гэта цябе і добрым, і спагадлівым, і чулым, а нас толькі добрымі ды спагадлівымі? — перапытаў лесавік.
— Пакрыўдзіць мяне хочаш? — надзьмуўся вадзянік.
— А таму што вас, калода і лужына, чулымі не зробяць аніякія чарадзействы на ўсім белым свеце! — пераканана выгукнуў бай. — Тут і казаць няма чаго!
— Як? Вох.
— Чаму? Буль.
— Навошта ж так?
— А можа, дарадзіш чаго?
— Дараджу, дараджу. Толькі вунь той узлесачак няхай на маё поле цянёк кідае. І возера вады мне дае, колькі захачу.
— Згода, чаго там.
— Чаго там, згода.
— Ну, за справу! — зухавата падскочыў палявік. — Валадарствы — у руку.
Гопнулі лесавік, вадзянік, палявік ды пабеглі ладзіць парадак у сваіх валадарствах.
ЛЕСАВІК, ВАДЗЯНІК, ПАЛЯВІК
І навялі добры лад сябры-суседзі. Моцнымі аказаліся ў іх рукі, доўгімі, учэпістымі. Пакаціўся глухі пошчак па лесе, пайшло высокімі хвалямі возера, гулам-водгуллем азваліся палі, напалохалі калючую ігрушыну, чаго раней не здаралася ніколі.
— Вох-вох-вох, — гнеўна стагнаў на ўвесь лес чарадзейны голас.
І беглі напалоханыя зайцы з вавёркамі збіраць ягады, грыбы. Усё-ўсё дачыста, абы людзям і следу не пакінуць. А ваўкі шчыравалі, бы ў тую Піліпаўку, выганялі з лесу скаціну. Мядзведзі трушчылі пчаліныя вуллі. Але не плакалі, цярпелі, трымаліся вясковыя.
— А справа ў яго ідзе на добры лад, — зайздросна выглядаў-вынырваў з хваль вадзянік і стараўся яшчэ болей за суседа.
Схавалася ўся рыбка ў глыбокіх нератах. Паперакульвалі русалкі чаўны, распусцілі як не на ўсё возера свае доўгія зялёныя косы. І нават прыгожыя спадніцы з чырвонымі паяскамі, што дзяўчаты ў возеры мылі, з рук пахапалі. Засмуціліся-зажурыліся, але ўсё ж не заплакалі, сцярпелі людцы.
— А яны ж малайцы, — выглядаў з высокіх жытоў палявік. — Умеюць у сваіх валадарствах распарадзіцца як трэба. — І хуценька, каб не заўважылі, хаваўся назад. Так, павінна, павінна ўсё як найлепей атрымацца. Але гэтага ён ім не скажа, не. І так ганарыстыя «вох» ды «буль». А ён жа, палевічок-палявушка, зробіць яшчэ лацвей. Не быў бы самым-самым.
Стала чэзнуць высокае каласістае жыта. Змарнелі-змізарнелі грэчка, авёс, проса ды і ўсё поле. І гэтага няшчасця не вытрымалі людзі. Апусціліся ў іх рукі, адчайна забіліся сэрцы. Заплакалі, бедныя, уголас. Прызналі сваё гора.
— Ага! — радасна гопнулі лесавік, вадзянік, палявік. — Цяпер чакацьмем.
Галосяць вясковыя, жаляцца, не хаваюць сваёй скаргі ад свету. Чуе іх вялікі, але не спачувае, не адгукаецца. І тады, як ніхто ўжо не чакае, як усе паверылі, што знямеў белы зусім, вяртае да пакінутых у няшчасці сваё ратавальнае дыханне.
Ахінае зямлю цёмная-цёмная ноч. Бяжыць мройнымі прывідамі, пакідае нязгасныя сляды. Не знікае зусім перад ясным днём. Кінула на дол сваё покрыва з промняў зор, з таемнай цішы, з летуценных сноў. Скінулася покрыва, задрыжэла, растала. І паўстаў з яго, паляцеў драпежнай птушкай на золку, паімчаў белым аленем, стаўся чалавекам. нехта. Нехта.
— Цёмны чарадзей, вох!
— Цёмны чарадзей, буль!
— А хто ж яшчэ?! Ша! — пацягнуўся палявік, які хоць і сачыў за шляхамі-дарогамі, але паспеў добра прыжмурыць вока і цяпер не хацеў, каб сябры-суседзі тое заўважылі.
Ды лесавіка і вадзяніка займала іншае:
— Я пастку ў лесе зраблю. Вох?
— А я буду лавіць. Буль?
— Ды ты ў лес мой ніколі не хадзіў!
— Тады я пастку ў возеры зраблю.
— А я буду лавіць!
— Дык ты ж плаваць не ўмееш.
— Суседчыкі-братачкі! — павёў рэй палявік. — Не такі гэты чарадзей і просты. Не так сабе пойдзе ў лес. А ў возера зусім не пойдзе, — тыцнуў сарванай валошкай проста вадзяніку ў нос. — І не думай.
— А я не думаю, буль!
— І я не думаю, вох!
— А я вось думаю, — абвёў позіркам суседзяў галоўны завадатар. — Лавіць чарадзея давядзецца разам.
— Разам, вох.
— Разам, буль.
— Разам! На межах нашых валадарстваў. Там ён будзе слабым. А мы колам станем і зробімся моцнымі-моцнымі.
— Моцнымі. Страшна, вох.
— Моцнымі. Боязна, буль.
— А вы не бойцеся! Ухопім яго, тут яму.
— І гамон! Вох!
— Гамон-гамон, буль!
— Які гамон? Палон, палон, — прытупнуў палявік. — Вы што, зусім з глузду з’ехалі?
— Палон, вох, прабач, палевічок.
— Палон, буль, не забуду, палевічок.
— Але давядзецца зрабіць тое-сёе, — палявік, лесавік, вадзянік па-змоўніцку пераглянуліся.
І адкрыліся лясныя нетры цёмнаму чарадзею. Паклікаў, загукаў яго лес, нібы свайго сябра. Не адазваўся лясам чарадзей. Усміхнулася-падміргнула сінім вокам самае прыгожае возера. Заплёхала прызыўна, звонка, нібы свайму брату. Не з’явіўся вадзе чарадзей. Шаўковай хусцінкаю раскінуліся палі ды палеткі. Васількі са званочкамі зашапацелі тоненька, прачула, адкрылі вечнае спеўнае лета. Толькі не спакусіўся на яго чарадзей.