Звініць скочная музыка, удаецца чаканай марай, што толькі-толькі спраўдзілася. І ўспамінаюцца людзям радасныя хвіліны, прыгадваецца нечаканая, але такая патрэбная спагада. Не абмінулі тыя чары лесавіка, вадзяніка і палевіка. Прытупнулі яны зухавата ды пусціліся адбіваць у такт.
Так усхадзіўся ад радасці лесавік, што аж загулі векавыя пушчы, завылі-зараўлі ваўкі ды мядзведзі, як сабраліся глынуць увесь свет. Напалохаліся людзі, відаць, гневаецца лясун за іхнюю радасць. А тут яшчэ возера выйшла з берагоў, заліло нізіны-агароды, нарабіла бяды. Гэта, значыць, вадзянікова кара. Ды раптоўна, нібы на залом, палеглі нязжатыя грэчка, авёс, проса. Заплакалі людзі, не стрывалі палевіковай сваволі.
Кленчамі-скаргамі агарнуліся вёскі. Нявесела, нярадасна. А лесавік, вадзянік ды палявік пагрозліва да чарадзея падступаюць:
— Ты, чарадзейка, вырашыў з намі пажартаваць, вох?!
— Паздзекавацца, буль?!
— Падмануць, ша?! Не давялося з радасці нават паскакаць.
Стомлена трымае скрыпку чарадзей, не апраўдваецца, не баіцца. Лесавік жа, вядзянік ды палявік грознымі вычыма зыркаюць, апошні раз ужо зрабіць іх добрымі, ласкавымі, чулымі дазваляюць:
— Глядзі, калі гэтым разам не атрымаецца, не жыць табе, вох!
— Утаплю, буль!
— Заказычу, ша!
Зноў крануў чарадзей смыкам струны, адкрыў журбу, пабудзіў страчаную надзею. Нібы страпянуліся-ажылі ўсе згрызоты, паўсталі зноў ды плешчуць, нявечаць сэрца. Хочацца кожнаму ўдарыцца аб зямлю ды загаласіць на ўвесь свет, каб пазбыцца непамернага болю. Льюць слёзы людзі, не могуць выплакаць свайго гора. Ды не абмінулі тыя чары лесавіка, вадзяніка, палевіка. Успомнілі ўсё, што ўчынілі, і стала ім цяжка-цяжка.
Загаласіў, застагнаў лес, як прыгнецца скрозь да зямлі і ўвесь чыста згіне. Адчулі тое вясковыя, сталі ласкава прасіць лесуна пра літасць. Без пушчаў што ж рабіць? Заплёхала, забілася возера, скаланулася да самага дна, восьвось пойдзе ў зямлю. Здагадаліся пра тое людзі, сталі шчыра прасіць вадзяніка пра спагаду. Без возера што ж рабіць? Пачаренелі, як глыбокай восенню, зажурыліся палі, як не спляжыцца на іх усё. Пабачылі тое працавітыя, сталі прасіць-маліць палевіка пра спачуванне. Без палёў жа нічога не будзе!
Зноў кленчы ў вёсках. Гора горам паганяе. Ды не зважаюць на людскія слёзы лесавік, вадзянік і палявік. На чарадзея тупаюць, сварацца аж на тры валадарствы:
— Ах ты ж, чарадзейка, што ўчыніў! Хіба ад просьбаў-галашэнняў станемся мы добрымі?! Вох!
— Ах ты ж, чарадзейка! Хіба тыя слёзы зробяць мяне чулым?! Буль!
— Трымайся, чарадзейка! Я ўжо так палі засушыў, што хай плачуць ці не плачуць, нічога не будзе. Прапала ўсё!
Доўга маўчаў чарадзей, слухаў гнеўныя папрокі ад лесавіка, вядзяніка, палевіка. А сябры-суседзі не адступаліся, патрабавалі, пагражалі.
— Добра, — урэшце пагадзіўся цёмны, — зайграю трэці раз. Бо зразумеў ужо, што па-добраму вы мяне і не адпусціце. Толькі цяжка мне будзе: аддаў першым, другім разам ледзьве не ўсю чарадзейную сілу. Дык вы чары-таямніцы ад лясоў, азёр, палёў збярыце, мне ў скрыпку ўкіньце, каб здолеў зайграць на ўвесь свет.
Ні пра што не запыталі болей лесавік, вадзянік, палявік, кінуліся збіраць чары. Мядзянай лістотай шугануў тыя чары ў скрыпку валадар пушчаў-гаёў. Срэбнай луской бліснуў-кінуў валадар азёр. Залатым зернем насыпаў як не поўную валадар палеткаў-абшараў. Учынілі так ды чакаюць, пакуль чарадзей зайграе.
Уздыхнула па-чалавечы чарадзейная скрыпка. Стала апяваць ясныя зоры, якія ў цемрадзі свецяцца ратавальнай надзеяй. Аддала пашану чарадзейнаму сэрцу, якое верыць і змагаецца ў самую цёмную хвіліну. Павяла ў зманлівую далеч нязведаных дарог. Можа, гэта там схавалася страчанае шчасце?.. Але не толькі пра гэта памяталі струны. Зазвінела мядзяная лістота ў іхнім голасе, і азваліся вячыстыя лясы, якія зведалі ўсё. І расказала скрыпка ўсяму свету пра самых мудрых. Нібы цымбалы, забіліся срэбныя лусачкі, і адгукнуліся незлічоныя азёры, якія ўсіх пояць вадою, якія берагуць жыццё. І расказала скрыпка ўсяму свету пра самых добрых. Загаманілі жніўнай песняй залатыя зернейкі, паднялі голас палёў, якія аддаюць людзям свой плён. І расказала скрыпка ўсяму свету пра самых працавітых, цярплівых, спагадлівых людзей на зямлі.
Іграла скрыпка, як узнялася па-над белым светам. Радавалася, журылася, плакала, смяялася. Клікала да лясоў і палёў, на ўзбярэжжы азёр, каб спазнаць іх міласэрнасць і гнеў, каб выпрабаваць сябе на чалавечнасць. Аддаў цёмны скрыпцы ўсе свае чары. Да апошняй кроплі — дабрыню, да апошняй іскрынкі — спадзяванне-веру. І не шкадаваў пра тое. Ад таго гучала скрыпка і шырэй, і мацней, як заступаючы ўсе чыста гукі-зыкі. Клікала да літасці, да спагады, ронячы цёплыя пачуцці ў самыя халодныя сэрцы. Амаль зрабіла ласкавейшым белы свет.
І... знікла. Невядома куды, невядома як. Не, яна не разбілася за тое, што падняла невыносны цяжар. Яе ж мацавала самае чарадзейнае сэрца. А чарадзей. таксама знік. Разам са сваёй незвычайнай скрыпкай. Можа стацца, што здолеў уцячы з палону. Лесавіковага. Вядзяніковага. Палевіковага. Толькі чамусьці болей нідзе не з’яўляўся. Нікуды не прыходзіў. Хоць не аднойчы быў такім патрэбным.
Як прапалі чарадзей ды скрыпка, супынілася дзівоснае гранне. Са шкадобай уздыхнуў пра тое белы свет. Зноў цяжка засумавалі людцы. Ачомаліся і лесавік, вадзянік, палявік. Згледзелі, што няма анідзе чарадзея, хоць моцна трымалі яго і лес, і возера, і поле. Загаласілі ў роспачы, абняўшыся, як сапраўдныя браты. Такімі роднымі зрабіла іх нечаканае гора.
— Падмануў, вох!
— Падмануў, буль!
— Падмануў-падмануў, ша!
Заліліся слязьмі, запрасілі літасці ў белага свету:
— Як жа нам цяпер ды стацца добрымі?! Хто ж нам цяпер дапаможа. Падмануў нас чарадзей, падмануў.
А ў пошуме лясоў, у плёскаце азёрных хваль, у шэпце палёў можна і цяпер пачуць гранне самай чарадзейнай скрыпкі. Не знікла яна без следу. Пакінула зямлі сваю песню. Хочуць лесавік, вадзянік, палявік тую скрыпку знайсці. Як толькі ўчуюць — бягуць што сілы па сваіх валадарствах. Ды толькі, пакутуючы так, усё адно нічога не адшукалі. І тады зноў гучыць лясным рэхам, звонам азёрных хваль, палявым водгуллем:
— Падмануў. Падмануў. Падмануў.
А стомяцца сябрукі бегаць ды крычаць, тады сядаюць чынна, вядуць добрасуседскую размову:
— Некалі ж прыйдзе лепшы чарадзей ды знойдзе тую скрыпку.
— Чакае яна сваёй гадзіны.
— І вось тады мы ўжо не папусцім.
— Дацікуем, зловім.
— Скрыпку адбяром.
— І падмануць не дазволім!