Васіль Зуёнак
ЛЕТА ТРЫВОЖНЫХ ДАЖДЖОЎ
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Зуёнак, Лета трывожных дажджоў: Вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 158 с.
ISBN 5-340-00465-1
Рэдактар: Р. М. Яўсееў
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
* * *
Два ўзгоркі вёсачка мая
Галоўнейшым і лічыць:
Пагост магільны і маяк —
Прыцэл картаграфічны.
Стаяць упоручкі яны:
Адзін — прагрэсу база,
Другі — як сведка даўніны,
Загадка без адказу.
Як запытальнікі стаяць:
Парогаў невядомых
І адкрыцця... Не раз'яднаць,
Не зблізіць іх нікому...
Дзве кропкі побач. З вышыні
Іх сціплай — па паўсвету
Відно. Адно не праміні
Сцяжынку ў жыце светлым.
Яна выводзіць, нібы лёс,
Ці, як жыццё,— на грэбень,
Адкуль зямлі пакутны плёс
Цячэ-ліецца ў неба...
І бачыш сэнс усіх дарог,
Усіх удач нязбытных:
Яго данёс, яго збярог
Вось гэты колас жытні...
Стаіш у поля на віду,
A ўзбоч — крыжы, як люстры
Ці не пускаюць, ці ідуць
З абдымкамі насустрач?..
* * *
Не знаю, якою адводзіць рукой
Землетрасенні гневу:
Ці ўспомніш падставіцца правай шчакой,
Калі нехта ўрэжа па левай?..
На меч разбойны — праведны меч
Расплата рашуча ўзнімае.
Taго ж, хто з бою ўцякае прэч,
Судзіць пагарда нямая.
З якіх патаемных віруюць глыбінь
Крывавых памкненняў загады,
Адкуль імгненні, калі «не убій»
Гучыць, як «чорная здрада»?..
І распірае адпомсткі гром,—
Здаецца, што неба трэсне...
А творыцца ўсё ж дабро дабром,
І песню прыводзіць песня.
* * *
Ці прашэпча космасам жыта,
Ці пагост небыццём дыхне,—
Колькі ix — невядомых, забытых
Як у нейкім бясконцым сне...
I толькі даты трымаем на ўліку,
Выстаўляючы праз вякі —
Гісторыяй зношаныя чаравікі,
Чалавецтва чарнавікі.
ЧАС
Спяшаўся я і не спыняў нідзе
Хады сваёй ля ростаняў сустрэчных,
А час — ужо з наступных дзён глядзеў
Час абганяў — зацята, бессардэчна.
Я думаў, што вось-вось перамагу —
Адзін — у гэтай звар'яцелай гонцы
І на нябесным напішу сцягу:
«Спыніся, пераможанае сонца!
Спыніся ў паядынку, грозны час!..»
Ды ён не чуў ні просьбаў, ні загадаў.
І слухаць не хацеў... Палын-гарчак
Замест усмешкі мне на вусны падаў...
Ішоў ці бег я — вынік быў адзін:
Ні спрынту час не знаў, ні марафонаў,
Як хлапчука, мяне за нос вадзіў,
Парушыўшы людскія ўсе законы.
І я міжволі хітраваць пачаў:
То з пастухом перакуру дыцарку,
То з трактарыстам сяду за рычаг,
То да касцоў звярну з дарогі шпаркай..
Мне люба тут і вольна між людзей,
Ды і да працы я, сказаць, не зломак...
Гляджу — і ён да нас у гурт ідзе —
Мой час. І я смяюся пакрыёма.
То з буслам пралячу на віражы,
То з валуном памрою заімшэлым...
Гляджу — а час надозіркі бяжыць,
Як быццам і яму што закарцела.
Прытрэцца ля мяне — i з-за пляча,
Як іншапланецянін, пазірае...
Вось гэтак, браце мой,— спаймаўся, час!..
А зараз — i ў абгонкі пагуляем.
АСЕННІ МАТЫЎ
Бяжыць зямля з-пад лемяшоў,
Як стружка з дошак дамавінных,—
Памерці зернейка павінна,
Каб новы парастак прыйшоў,
Каб новы колас красаваў,
Каб сонцам заўтрашнім наліўся,—
Сядзіць на ўзмежку — смерці высеў
Мяшок, як мудрая сава...
АБ'ЯВА
Перакупшчыкі-старызнікі,
Аддаю свае гады —
Задарма, з адзінай рызыкай:
Зноў бы вырвацца туды,
Дзе ні рыфмаў, ні паседжанняў,
Дзе ні рыфаў, ні віроў,
Ні вымоў, ні папярэджанняў,
Ні прамоў на «будзь здароў!»,
Дзе суседкаю-сквалыгаю
Не спайманы ў агурках,
Па аблоках, як па выгане,
Ходзіць хлопчык на руках...
~ 1 ~