Выбрать главу
* * *

Акадэміку А. М. Ганчарэнку

Помню круг, палёт рукі, Помню позірк пільны, Во спрадвек у нас гаршкі Не багі ляпілі.
Бацькаў сябар ганчаром Быў на ўсю акругу. Бегаў за «расці здароў» Я пры ім абслугай.
То, бывала, паднясеш Дровы для апалу, То, як бохан,— рэж ды еш — Гліны цёплы кавал.
То, як самы важны гляк, Едзеш на фурманцы...— Збыць пасуду не за так Дай нам божа шанцы.
Мы ж з табой амаль радня: Ты зляпіў Адама, Ну i нам ляпіць штодня Выпала таксама —
Ёсць макотры, гладышы, Кварты і гарнушкі, Гарлачы і спарышы, І свістулькі-птушкі...
Пагулянкай, ад Шчаўроў, Тонуць колы ў верасе: Наша слава канчароў Едзе каля Версанкі.
Налятай, гаспадары, Просім, гаспадыні!.. ...Толькі тут — свае майстры Выраслі на гліне.
Шматпатомныя, як час,— Родам Ганчарэнкі... Разбягаюцца і ў нас Ад здзіўлення зрэнкі:
Як званы, вісяць збаны На тыніне кожнай... «Не дадуць і паўцаны»,— Думаем трывожна...
Толькі дзядзька мой Ганчар Раптам засмяяўся: — Не загіне наш тавар! Дзьмі ў свісцёлку, Вася!..
Свіснуў сам, i я за ім — Весела іграем, Каля Версанкі стаім І купцоў чакаем.
Першай бабка падышла, Потым — дзед старэнькі, А за імі — паўсяла: Дзеді-Ганчарэнкі!
Вытылікваў я, дудзеў, Выцінаў жалейкай... А хлапчук адзін глядзеў У задуме нейкай.
Дзесьці ў небе калясіў: Як ямчэй прыстаць там... Ці не верыў ён зусім У маё мастацтва?
Ці пакрыўдзілі сябры? Ці не меў капеек ён?.. І сказаў ганчар стары: — На, бяры во пеўніка...
Свіснуў раз ён, i другі, І закукарэкаў! — Вось, выходзіць, як багі Лепяць чалавека...
Паталаніла, відаць, А хутчэй — свістулькі Паспрыялі ўсё прадаць Нам да чарапулькі!..
Ганчарэнкі, ганчары... Час не перайначыш... Шмат вады з тае пары Збегла ў нашай Начы.
І прыходзяць толькі ў сон Версанка з Мачулішчам... Я ў свістульку дзьму. А ён Той хлапец — як чуецца?
Не сцвярджаю ад дзвярэй, Але маю версію: Акадэмік ёсць — Андрэй Ганчарэнка. З Версанкі...
Вы ўжо скемілі? Вось-вось... Толькі ўсё ж адразу Не праводзьце гэту вось: «Круг ганчарны — лазер».
Не такая да святла Простая дарога. Ды акружнасць падала Ўсім арбітам строгасць.
Электронныя пучкі Сутнасць асвяцілі, Што спрадвек у нас гаршкі Не багі ляпілі!
* * *
Храмы падаюць не раптоўна, Не ад выбухаў дынаміту. Мы найперш учыняем катоўні Ім — каб сэрцам былі забыты.
Праклінаем, плюём, зневажаем, Грунт падводзім з вучонаю пыхай, І вытручваем кропелькі жалю Мы ў сабе — незваротна, паціху.
І паўзуць забыцця метастазы Па скляпеннях святынь учарашніх... Выбух будзе, але не адразу: Храмы ў душах руйнуюцца нашых.
* * *
Ці метад памылак i спробаў? Ці мэта, каб край мой маўчаў? — Над мовай, нібыта Чарнобыль, Распята крыло крумкача... Мне кажуць: «Прагрэса поступ. Не ўздумай чыніць перашкод...» І ўсё гэтак ясна і проста: «Ад мовы адрокся народ».
Адрокся? Калі і навошта? Не чуў я такога. І век Не ўчуць бы: якім гэта коштам Душу прадае чалавек? І як гэта з роднага ганку Гнаць роднае слова ў каршэнь? Як матчыну калыханку Бяспамятна вырваць з вушэй?!
Каб стаў народ без'языкі, Каб мову наводмаш адсеч,— Хто гэткі над ёю вялікі Узняў гісторыі меч? Я ведаю толькі прадаўцаў,— Іх зграя аб згубе крычыць. Ды ў гэтай бязроднай даўцы Зямля патаемна маўчыць...