Выбрать главу
* * *

Не пакідайце ж мовы нашай

беларускай, каб не ўмерлі!

Ф. Багушэвіч
Не дай мне бог духоўным стаць бадзягам, Без памяці жывой, без каранёў, Ісці бязмэтна за ілжывым сцягам І верыць, што вяшчуе вараннё.
Народзе мой, не дай мне абмыліцца, Маўчаць, як ты маўчаў цераз вякі, І рабскаю рахманасцю хваліцца, І падстаўляць для ўдару дзве шчакі —
Гісторыю, распятую на «крэсах» І на заходніх з поўначчу краях, І мову, што спрадвеку лес накрэсліў, Каб ты Купалы словам акрыяў.
Няўжо забыта ўсё, перазабыта — Сыноў найлепшых светлы запавет?.. Не веру, што адиойчы з тварам сытым, З духоўнай торбаю ты выладзішся ў свет...
Ці быў калі народ-самазабойца? — Скажыце мне, вучоныя мужы... Дык што ж цябе, не мота, не прапойцу, Штурхае да апошняе мяжы?
Я ведаю: народы паміраюць... Але такі — з Хатынямі ў душы, Якому пекла можа здацца раем,— Такі, як свет, павінен вечна жыць!
Не дай жа ў сэрцы зруйнаваць краіну, Што на шляхах крывавых збудаваў, Пайсці перараджэнца каляінай, Што мову забываў ці забіваў...
Народзе мой, прабач дакор палынны,— Ці мне сароміць і ці мне вучыць?.. Ты знаеш лепш, ты не падсудны сыну. Але ці лепш, як здрадна сын маўчыць?
* * *
Красуе жыта. I крані Сцяблінкі лёгкай станік — Агонь успыхне ў карані І аблачынкай стане.
І што ні колас — ускалых Маёй забытай долі: Як хлебаробскі мой уздых, Плыве пылок над полем.
Як з каміноў вясёлы дым, Бярозавы, бухматы, Калі дух цеста малады Ўзрывае столь у хатах,
Калі палкоўніца-дзяжа З палка на печ залазіць, Каб у цяпле, як на дражджах, Хлеб вырас пышным князем...
Красуе жыта. На ўмалот Жыве мая надзея. І сонца цераз поле ўброд Ідзе — і маладзее!
МАЙСТЭРНЯ

З. I. Азгуру

Казаў бяседзе шумнай хітравата, З іскрынкай у вачах на самым дне: — Пайду я, хлопцы, нешта цяжкавата На сэрцы сёння,— то прабачце мне...
А хлопцы ўсё па-свойму разумелі, Як ні хаваў ён той абманны крок, Што прагне не да лекара па зелле, А во сюды,— і дзверы на замок!
О то — бяседа!.. І жыццё птушкай Раскручваецца зноўку ў маладосць: Купала, і Міхоэлс, і Дзядзюшка... А сам ён тут — як быццам толькі госць.
Прыйшоў паслухаць, пасядзець маўкліва У гэтай ім жа створанай сям'і І падзівіцца: як ляцяць імкліва Зямныя дні — хутчэй самой зямлі.
Куды яны спяшаюцца, навошта?.. Яшчэ цяпло сяброўскіх рук жыве На гэтай далані, і зорнай поштай Яшчэ іх думы шэпчуцца ў траве,—
А ўжо няма, даўно няма іх побач. Вось толькі тут сышліся пад страхой: Хто збег ад славы, хто з прычын асобых — Схавацца ад нявыкруткі ліхой.
Філосафам, паэтам і героям — Усім прытулак даў мастак Заір. А збоку падазронасцю былою Усіх пасе былы наш правадыр...
Вось тут яны — жывыя, а не цені, Пакуль да іх спяшаецца мастак: На стэлажах — нібы на авансцэпе, І слоў няма аб спаленых мастах.
Паслухай, майстра, i ўзлятай па крылах Да сфер, дзе вечна ззяюць іх агні,— Яшчэ не ўсё ў душы адгаманіла — І гліну бог узнёс на далані.
І наступае першы дзень тварэння У эпоху з лесам атамнай слаты,— І прарастае з гліны азарэнне, І чыйсьці голас чуцен з нематы.
* * *
Час працуе без чарнавікоў: Што было — не паправіш, як дзею на сцэне... Не вярнуцца ніколі ў дзяцінства ізноў. Пахаваліся душы за бетонныя сцены — І не ўмаіш гадоў сухастойны парадак. А таму, можа, сёння ўсю мудрасць вякоў Спрасаваную ў кнігах таўсценных, Перацягне адзінае слова спагады Чалавеку ў бядзе — адзінока-страшэннай Між мільярдаў зямлян-землякоў...