Выбрать главу
* * *
Адгучалі, як рыфмы, авансы авацый, Замятае вясну залаты лістапад. Паэтэсе карцела дзяўчынкай здавацца,— А дзяўчынцы... пад шэсцьдзесят.
Як шкадую цябе я і як разумею: Цяжка ліру здаваць у запас. Я i сам перад гэтым парогам нямею: Як да прозы асенняй ісці на напас?
Той — абложнай, зануднай, сквалыжнай, Дзе адвесніўся выраяў радасны шум, Дзе штодня непазбежней, цяжэй i ўсё ніжай Неба падае на душу.
І, здаецца, без яўнай на тое прычыны Ўсё часцей і часцей азіраемся мы: Гэта хто адыходзіць, якая дзяўчынка — Прадчуваннем завейнай i сцюжнай зімы?..
* * *
Цыганка з мікрафонам у руцэ, Як рыбка ў прахімічанай рацэ. Як рыбка залатая У нераце прагрэсу. Падолік узлятае З нейлонным інтарэсам. І рытмы выбівае не абцас, А кантрабас, узяты на папас: З іржаннем электронным, Абменены ці ўкрадзены, На кірмашы каронным Пакуль што не прададзены,— Адно ці зможа гэты блудны конь З душы цыганскай выкрасаць агонь? Шнур мікрафонны туга Спятляў і дух, і цела, І не ўзмахнеш, як пугай, Каб свіснула з прыстрэлам. Павысушыў юпітэр і размёў І золкую pacy, і дым кастроў. І ўжо ў гітару точыцца Чужы прыпеў з падгаўкам.
Як спутаныя, топчуцца І песня, і цыганка. Ах, рыбцы б той ды ў чыстую раку!.. А мікрафон трымае за руку.
ЖАНЧЫНА
Табе — пракляцце, і табе — хвала, Табе — вар'яцтва і цвярозы розум, А ты ўсё тая ж — як вякоў імгла, Як летуценнай будучыні роздым.
Жыццё i смерць — i паміж імі ты: Імгненне шчасця і сусветны холад. Яшчэ ніхто — ні грэшнік, ні святы Нe разарваў твайго сакрэту кола.
Шпурнеш у пекла ці адкрыеш рай Тваё каханне таямніцай будзе, Як той, нікім не разгаданы, край, Куды навечна адыходзяць людзі.
* * *
Вызначаецца мора Не вадой — берагамі, А жыццё існуе У бязмежжы кахання. Дні твае i мае — Як бяссмерця дыханне: Свет нанова мы створым I станем багамі!
* * *
Вечар шостага жніўня. Наш парог у трыццаты год. Дождж лятункам тужлівым Ападае на сад, агарод. Ацяжэлае лісце Да мяне — праз маўчання мяжу — Зноў нясе, як у юным «калісьці», Словы тыя, што сёння скажу. Толькі ты ці пачуеш? За сцяной адзіноты маёй Перастылыя вёрсты начуюць, Што пабеглі ўслед за табой. Я гукаю. I ты адгукніся. Побач стань, суцеш, абагрэй... Шэры плашч з перамоклым крыссем Моўчкі скінула ноч ля дзвярэй. Субяседніка і вяшчуння — Чую твой асцярожны крок, Толькі знацца з табой не хачу я. Я не веру ў твой чорны змрок. Веру я: перамелецца скруха, Зорка ўспыхне праз хмар насланнё. Слухай, любая,— чуеш? — слухай Гэтай ноччу дыханне мае.
06.08.88, Лысая гара
ЛІПЕНЬСКІ ГРОМ I ЛІВЕНЬ
Аддаю табе ліпеньскі гром, Перапоўнены летняй задухай, Што сп'янела ідзе напралом,— Не ўцякай, пачакай, паслухай.
Падары, прашу, наўзамен Мне шапоткі ліпеньскі лівень, Што цябе ад грудзей да кален Перакрэсліць туманнасцю ліній..
* * *
Я так непазбыўна спазнаў, Навошта бывае жыццё... І памяці баразна, І стылае небыццё,
Касмічны попел зямлі, І руйнаванне нябёс,— Як вечнасці знакі сплылі, Якіх не крануўся мой лёс.
Нічога не скажуць яны, І нечага мне ім сказаць: Адны над сусветам відны Усмешка твая і сляза.
Згубіўшы аднойчы цябе, Пра іншых спяваць ці змагу? Як хлеб на вясновай сяўбе, Апошні ўспамін берагу.