Выбрать главу
* * *
Так наступаюць гарады З жалезным подыхам і віскам: Стаяць здзічэлыя сады На Ляхаўцы, у цэнтры Мінска.
Іх зацвітання па вясне Даўно ніхто не выглядае. Стаіць — мелодыяй Маснэ — Бярозак пара маладая. Ці закаханы пасадзіў, Ці хто вяселле так адзначыў, Ці хто двайнятак нарадзіў... Цяпер тут выгулак сабачы —
Пустыр між дымных камяніц, Дзе робіць лукавіну Свіслач... Вынюхвае па сёння шпіц Падскварак дух, што тут завіснуў... І ўспамінаюць снегіры Расказ дзядоў чырванагрудых, Як іх кармілі на двары,— Успамінаюць, нібы дуда...
А лукавіну, як пятлю Пад'ёмны кран ужо гайдае... Я вас не ўцешу, хоць люблю, Бярозак пара маладая...
* * *
Гадзіннікі не цікаюць — Гадзіннікі ўцякаюць. І каюцца вялікія, І трыумфуе Каін.
Хоць інтэграл — не інтрыган І ў сýму свет збірае, Ды рассыпаецца курган — Гісторыя зямная.
І Цыялкоўскі прадказаў: Зямлю пакінем з часам. Яна — транзітны наш вакзал На галактычных трасах.
Бягуць гадзіннікі, бягуць І тло перасыпаюць. І ўжо да новых зор нясуць Наш лёс і нашу памяць...
Стаў матэматыкам паэт, Паэтам — матэматык... Ды нехта ж той купіў білет,
І нехта ж вінаваты?..
Бягуць гадзіннікі... Зямля Нібыта ўжо ў ламбардзе Закладзена... Ды нам здаля Не крыкнула ў пагардзе:
«Няўжо вы здрадзіце? Няўжо Ўсё чалавецтва — Каін?..» Не вер, Зямля, мы зберажом Цябе перад вякамі.
Мы парываемся ў Сусвет, А ён — дамоў вяртае. Не — Лабачэўскі знаў сакрэт: Прамая ёсць крывая.
Навошта ж — горкую ад ран — Мяняць лам хату трэба? Абмен касмічны той — абман: Не мае лепшай неба.
* * *
Калісьці ж была і над Талінкай Вясна. І цвіла, і гула. І кожная ў лесе прагалінка Шумела паводкай крыла.
Маленні спраўлялі на чысціках Глушцы і цецерукі. Выводзіла пушча плячыстая На бераг маладнякі...
Дзе тая скакуха-рачулка З разлівамі лотаці ўсцяж, Глыбасты на нерасце гулкім Хрыбет шчупака, нібы краж?
Дзе тыя віры і мачылы Над восеньскі лён-самапрад? Якою сплылі аблачынай Вяснянкі i скокі дзяўчат?
Куды адляцелі крыніцы, Натхненне чыё берагуць, І вокам вясёлым брусніцы Гарэзна каму падмаргнуць?..
Усіх прывяло асушэнне Да ладу, змагло і ўняло... Набіць абяцала кішэшо Дабром, ды і тое сплыло...
Дзе песціўся ветрык-гарэза — Вятроў віхрагонны алюр. Пясчаныя лысіны лезуць З-пад тарфяных шавялюр.
Падаўся глушэц у расстрыгі, А цецярук свой талмуд І іншыя мудрыя кнігі Здаў у «Палессеводбуд».
У СПЁКУ
Чакалі-зачакаліся: Смыляць нябёсы нізкія, Ад каліўца да каліўца Сухмень страляе іскрамі.
Хто і куды скіроўвае Хмурынкі неспадзеўныя? Плывуць, як папяровыя, Інструкцыі залеўныя...
І ўсё ж, нарэшце, хлынула, Ушпарыла, зацокала! Бяжыць сухмень палынная, Ратуючыся ўцёкамі.
Над парыжэлым выганам, Скапычаным каровамі, Вясёлка шлангі выгнула І хмары напампоўвае.
Дажджынкі, як астрожнік, я Лаўлю, сабе не верачы, За крэску срэбра кожную Хапаюся аберучкі.
Смяюся — і хапаюся — Тапельцам за саломінку. З дажджом перамаўляюся Па навальнічным слоўніку.
Ліецца і струменіцца Вадзіца выратоўная, П'е выган і аселіца, Звіняць капытцы поўныя!..
Глыні з таго капыціка, Як брат Алёнчын некалі У казцы,— і хоць ныцік ты, А козлікам замэкаеш!
КАСМІЧНАЯ ВЕСТКА
Пройдзе дождж, магчыма, навальніца — Абяцае радыёпрагноз, А пакуль што — пылам шлях дыміцца, Ліст пажоўклы падае з бяроз.