Выбрать главу
Выдатная калекцыя!.. Сто год у ладкі пляскаў Цару, што стаў калекаю На клёк i збыў Аляску. Праз лупу i ў бінокль ён Глядзеў на землі хіжа З абрысамі далёкімі І тымі, што пабліжай.
Адно што век дваццаты Калекцыю парушыў, Сказаў: «Зямля — не Штаты, Каб трэсці як ігрушу...» Во — нібы сцяг чырвоны Лунае на паўсвету: І троны і кароны Змяла краіна гэта.
І тут — адны падкопы, Буржуйскія хаўтуры: Звузела іх Еўропа Шчыгрынаваю скурай.
Тут Афрыканскім Рогам Б'е кантынент пад рэбры І гоніць прэч з пapora «Патронаў» непатрэбных.
Тут дзвюх Амерык талія, Што Сэм абняць грабецца, Тут — боцікам Італія: Стаіць і прадаецца.
Тут астравоў Сейшэльскіх На гнуткай шыі нізка,— Ды не сарваў у шэйку, Не паддалася нітка...
З трохкутнікам Бермудскім — Матыўчык, сэрцу любы: Па-людаедску людства Сам смачна праглынуў бы...
А свет ідзе па графіку, Абрысы пераворвае,— Мяняе геаграфію У рэчышчы гісторыі!
СТРАСЦІ ПА БАХУСУ
Зіма сувой снягоў адбельвае, З мазгоў мароз павыбіў клёк. Субота тужыцца з нядзеляю Узбіцца на сугрэўны лёк. Ды толькі дзе і як? Ні каліва —
Ні чвэрткі нават, ні ў губу. Як кажуць, транспарт стаў без паліва Дзьмі ў кефірную трубу... Ужо не спрынтэры, а стаеры, Каб мэты ў пошуку дапяць, Як жураўлі у песні Ставера, Туды-сюды — ляцяць, ляцяць... У забягалаўках — вакацыі: Тарты ды сокі сталі ў рад. Таставікі кваліфікацыю Губляюць, як спяцы разрад. Чарга музейна-эрмітажная Ля прысакрэчаных дзвярэй, Дзе блізкай радасці мантажнікам Не Босх, а Бахус правіць рэй. Ды і тае надзеі кволенькай Агеньчык тае на вачах: Сцяной перад прылаўкам голенькім Чарга ўздыхае з-за пляча. Адны — хаўруснікі з паліцаю — Стаяць абоймай каньякі. І то ці доўга тут пыліцца ім, Хоць нам яны — не сваякі... Што ж, патрывайце недаступамі На шматрублёвым рубяжы. А мы сабе далей патупаем, А пры зарплаце — прыбяжым!.. Бывайце!.. А бутэлькі з назвамі «Напалеон» і ўвесь букет,— Як шэфы з тварамі адказнымі, Глядзяць з прэзідыума ўслед...
* * *
Стрыножаныя і абяскрыленыя, Заціснутыя паміж старонак, 3 чысцінёю стэрыльнаю — У кнізе Чырвонай,
У гэтай самай сучаснай казцы, Жывуць яшчэ і звяры, і птушкі, Злоўленыя аб'ектывам зіркастым На кіно- i фотастужцы.
Самыя рэдкія, экзатычныя,— Хаваюцца ад прагрэсу. І кніга чырвонай тычкаю Тырчыць па дарозе злавеснай.
Гарыць слязой плакатліваю, Дзе, вярнуўшыся ўвесну дадому, Над прахімічанай ніваю Злятае жаўрук дадолу,—
Не з песняю, як бывала, Да хаткі ў цёплай разоры, А знічкаю шэра-злінялай, Што з неба прагналі зоры.
Гарыць тая кніга вогнішчам, І я, апякаючы лапы, Нясу — з першабытнага логвішча Яе дыягенавай лямпай,—
Шукаю цябе, абаронца, Каб ты ў тэхнічным нахрапе На самай апошняй старонцы Ў Чырвоную кнігу не трапіў.
СУБКВАТАРАНТ
Не знаўся б я з табой, сабачым франтам, Калі б аднойчы дарагі сынок Без юрыдычных праў і без гарантый Цябе з базара ў дом не прывалок...
Ніхто цябе не прывучаў да службы, А рос — не дуэлянт, і не зладзей, І кемлівы, і па законах дружбы Ніколі не падводзіў у бядзе.
Калі па-добраму спрыяў бы лес, то ў фільмах З класічнай тэмаю даўно здымаўся б ты, І ў кадры ля якой-небудзь графіні На ланцужку хадзіў бы залатым...
Што ж, гаспадар не той... Ды па-дзіцячы Надоечы я рагатаў за трох,— Відаць, з усёй фантазіяй сабачай І ты б такое выдумаць не змог:
Праз тры гады я ўгледзеў, бесталковы, Што галоўбух — фінансавы гарант — Правёў цябе па кніжцы разліковай З прапіскай у графе «суб. кватарант».