Выбрать главу
ВЫСНОВА З КРЫТЫЧНАГА ДЫСПУТУ
Калі трыбунна фарысеі Стаўляюць вехі маладым, Як жаць, дыктуюць тым, хто сее, І акуляры палыселым Працерці пыжацца,— тады Я чую голас: — Не бяды! Паэзію не абмундзірыць, Яе не выцягнудь «у фрунт»,— У тым якраз і ліха фунт, Што не трыбуны-канваіры, А летуценнікі-задзіры, І патаемцы, i куміры,— Паэты — неба камандзіры, Пакуль зямны пад імі грунт.
AЗІМУТ
А ўсё-ткі добра: знаеш, дзе свае, І сам ратунак голас падае, Калі праз цёмную аблогу i слату Нясецца ўслед: — Ату яго, ату!..
* * *
Мы песні ў курганах пазакапалі, Мы апусцілі іх на дно азёр.
І толькі раз у год — перад Купаллем Яны выходзяць — узляцець да зор, Пытаюцца: «Аднойчы вы ўзнялі нас,— Нашто ж цяпер хаваеце красу?..» ...Заслухаўшыся песень салаўіных, Сліжы-смаўжы спадаюць у расу...
* * *
Паэт памыляцца не можа ніяк — Не мае права на гэта: Калі ён у думках прамовіць «я», «Мы» — адгукнецца паўсвету.
Прарок і пакутнік, хто іх сустрэў: «Я» і мільённае «мы». За словам, кароткім самым, як стрэл, Трагедый людскіх тамы.
* * *
У эпіцэнтры восені, У беразняку Ліст з настылай просіні Злятае на руку.
Зялёныя пражылкі, Жаўтлявае крыло,— Адбіўся, пакружыўся, Ды ветрам не змяло...
Як свойская сініца, На цёплую далонь Даверліва садзіцца, А з вачанят — агонь,—
Халоднага пажару Трымценне і спалох, Бярозавых стажараў Прадснежаньскі парог...
* * *
Як стог атавы, летні дзень завершан, Антонаўкай хрумсціць асенні лёд, І крык гусей — як замаразак першы: Гарласты і бадзёры,— У палёт!
НАДПІС НА КАЛЕНДАРЫ 1988 ГОДА
Хай будзе высакосны Не косны i не поены, Для праўды — бацька хросны, Не ўскосны, не адносны — Галосны, ды не злосны. Хай будзе ён укосны, Хай будзе хлебаносны, І росны, і не млосны,— Высокі высакосны!