Выбрать главу
Перасмягла майскія прысады Кожнаю галінкай просяць піць, І ў смузе густой за даляглядам Поле абяскрылена ляціць...
Хоць бярыся ды спраўляй малебен, Каб хмурынкі выпрасіць шматок,— Толькі хто ў пустым пачуе небе, Хто падасць вады — хаця б глыток?
Клопаты свае, свае арбіты, Кожны сам сабе і кум і сват, Кожны — свет, замкнёны і закрыты,— Што страшней — хаос ці гэты лад?
Кожны на сваіх рахунках з часам, Кожны сам сабе і міл і люб,— Халасцяк Сатурн зганяе масу, Круціць торсам кольцаў халахуп,
Пазірае Марс крывавым вокам, А Венеры сняцца жаніхі, Ходзіць ноччу Месяц санцабокі, Ды і той — халодны і глухі...
Хто ж табе, Зямля мая, паможа, Адгукнецца хто?.. І раптам — дождж!.. Травы здрыгануліся трывожна, Як пабеглі дзеці басанож.
Вецер лісце спешна перакульваў, Каб ні кроплі птушкам не было... Біліся дажджыны, нібы кулі. Як ад весткі злой, трымцела шкло...
Хмары не плылі, не ўдарыў звычна Гром, што быў за Перуна старэй... І Чарнобыль весткаю касмічнай Стаў каля расчыненых дзвярэй...
УРОК ПАЎТАРЭННЯ
Зноў лічэбнік... Жывым і мёртвым — Паўтарэння зададзены ўрок... Паўтараем: «кожны чацвёрты...» І — «чацвёрты энергаблок...».
Паўтараем... Настаўнік Чарнобыль Нагадаў, нібы назнарок: Той — чацвёрты — ваеннай пробы І — чацвёрты — энергаблок...
У палях, на лугах, на прысадах — Нібы водгук на кожны крок — Рэха чорнай атамнай здрады... І — чацвёрты энергаблок.
На ўзбалотку гараць журавіны, Баравік залез на грудок, А ў вачах — туман з Украіны... І — чацвёрты энергаблок...
І глядзіць — у чырвоных пражылках Склератычным тварам лісток, Што скідае клён на сцяжынку... І — чацвёрты энергаблок.
Чуюць Хойнікі, чуе Брагін Жураўліны крык ля аблок: Ні расінкі — адолець смагу... І — чацвёрты энергаблок.
Як прадвесце сусветнай пустэчы, Як Зямлі патушаны зрок,— Гэты з цёмнымі хатамі вечар... І — чацвёрты энергаблок...
Крочыць здань на хадулях ракетных... Просіць свет надзеі глыток... Б'юць у звон Чарнобыля ветры І — чацвёрты энэргаблок.
Ён гукае: устаньце, людзі, Каб адолець ядзерны змрок, Бо інакш — не жыццё ў нас будзе, А чацвёрты энергаблок...
ПЯЛЁНКІ НАД БАЛКОНАМ
Сёння райкам прывезлі кагосьці з радзільнага дома — Я не чуў яго плачу І ў твар не пабачыў яшчэ. Для мяне ён — сусвет неадкрыты, зусім невядомы. А ўжо стала нас болей — і мне весялей м лягчэй. Добры дзень, чалавек! Я вітаю цябе, чалавецтва,— З новым сынам вітаю ці з новай дачкой. Снежны вырай пялёнак на ветры плакатна ірвецца,— Ажно боязна — быццам малое над балконам бяжыць галячком. А пялёнкі — як выстаўка суперсучасная ў стылі «Малевіч». Толькі белых квадратаў — не чорных — узносіцца знак. Над абстракцыяй атама, над рэальнасцю чорнай залевы, Над Чарнобылем — Ён: Як жыццё, геніяльны Мастак.
ЛЕТА ТРЫВОЖНЫХ ДАЖДЖОЎ
Ліпнёвую ноч бліскавіц паясы Святлом абпраменьваюць рэдкім. Ігліцай нейтроннай іскрацца лясы, Чарнобылем пахнуць кветкі.
Сyxoe чаканне трывожных дажджоў Стаіць на покуці ў лета. Распяты на ценях касмічных крыжоў, Бяздомна лячу над планетай.
«Што я нарабіў,— праклінаю сябе,— Якія бяздонныя сілы Я выпусціў, покуль бяздумна гарбеў Над тайнаю, як над магілай...
Вазьміце, вазьміце ўсю тайну маю За той васілёчак у жыце... Я сам сябе — сам сябе! — не пазнаю: Я д'ябал ці бог — адкажыце...»
Ды глуха глытаючы вечнасці шум, Нямко з электронным блокам, Як смерць, адзінокі, глядзіць у душу Гадзіннік трынаццатым вокам...