Выбрать главу
Не падняць аберуч мундзіра... «Мерзлаты застойныя прáледні…» «Можа, праўду шукаць у Сібіры, Дзе шукаў ледзь не кожны праведнік?
«Пашукайце, што побач страчана,— Ці не лепей паехаць у Лепель?..» «Перадаць ці прадаць нашу спадчыну?..» — Гвалт народжаных у кураслепе...
«Лішні клас для роднае мовы...» І «з народа» вокліч нязгоды: «Нам было і таго дастаткова...»
«О народ, не дастойны свабоды» —
Гэта кліча тэатр на прэм'еру... А ў канцы паласы — як падскрэбышы: Жыццяпіс Дэбюсі, і Дэбіша Верш да славы грукае ў дзверы...
Шар зямны да вачэй абклеены: У навінах — як дошка аб'яў. Словы, словы — нібы з канвеера... А навокал — вецер гуляў...
Вецер шумеў, Бо гаварыць не ўмеў...
* * *
У суседнім стагоддзі, Як у суседняй кватэры, Нехта замуж выходзіць, Нехта ломіцца ў дзверы.
Нехта бомбу рыхтуе Пад залатую карэту...— Бачу ўсё я і чую,— Толькі ў кірунку «рэтра». Ды бунтуе цікаўнасць: А што пад шыльдай «футурум»? Да суседа на каву — Уніз ці на верхатуру?
Як мне з тою кватэрай, Як жа мне з тым суседам, Што з невядомай эры Прыйдзе за намі следам?.. Пуста, глуха, бязлюдна... Грукаю ў дзверы: «Зямеля!..»
Ні гуку... Спяць непрабудна? Ці нарадзіцца не ўспелі?
Ці там у бога парада: Як слана генерыраваць з мухі? Ці там «сусветны парадак» Пасля атамнай завірухі?..
* * *
Зоркі неба гайдалі Тужлівым, няроўным святлом, Хтосьці клікаў удалеч — Узляцець над будзённасці тлом. Я наважваў узняцца, А думы цяжкія гнялі: Хочаш чыстым застацца Над брудам пакутнай зямлі? Быць святым i шчаслівым І песню багоў разумець, Над чарнобыльскай нівай Анёльскім крылом зіхацець? Над нікчэмнаю тратай Умалотнага звону славес, Над бяссонніцай бюракрата: Каб ніхто ў яго крэсла не ўлез? У Парыж ці ў Кентукі Ляцець па вясёлы нектар? Мець — заброснены тукам — Уежны i ўлежны навар? Стаць глухім і не чуць храпаты Смех бяссілля, свінец пагроз Над сасоннікам Курапатаў, Што з касцей чалавечых прарос? Стаць сляпым і не бачыць Запалыя грудзі магіл, Дзе двухногія з хваткай сабачай У бязвіннай крыві чырванілі сцягі?.. Стаць беспамятным монстрам, Па гісторыі перціся ўброд, На бязмоўнасці востраў Пасяліць свой адвечны народ? Адарвацца ад Начы, Што згубіла свае берагі, І над кнігавак плачам Рабіць пераможна кругі?.. ...Хтосьці ўзлёт абяцае І зорнай абводзіць рукой Абярэжнасці круг: са святымі айцамі Зямнымі — упакой і высокі спакой... Толькі гэткага лёсу Не даруе мне маці-зямля... Вы прабачце, нябёсы, Я свой рай адсвяткую пасля...
* * *
Чужыя згублены шляхі, Пайшлі, нібы вада ў сухі, Пустыняй спражаны пясок; Свае — заваламі гадоў — Сцяжынцы кволай, без слядоў, Ляглі на горла — папярок.
* * *
З глыбінь сусвету да мяне Прыходзіць гэта слова, Дзе ўсё былое прамільгне, Як сутнасці аснова, Дзе ўсё, што будзе праз вякі, Перад вачыма стане, І незнаёмы дзень з рукі Узлятае як пытанне... Усё зліецца ў слове тым,— І хто мяне ўратуе Ад несмяротнай нематы, Як бачу зорку тую? Я ўсім гатоў ахвяраваць, У вечнасці пытаю: Як слова тое мне назваць? — Адзін сусвет і знае...
НОЧ НАД ТОМІКАМ МАРЫНЫ ЦВЯТАЕВАЙ
На душу цяжкай цемрай абрынуты, Лёд на ўсходзе неба адтайвае, Нібы верш, пракрычаны Марынаю,—
О зямля мая, зорка расстайная, Адлятаючы, забяры мяне, Не пакінь з той заклятаю тайнаю — З той лясною, траўнай, звярынаю, Пракрычанай з пятлі Марынаю, Не пачутай i растаптанаю...
Адступіся, мой Змей Гарынавіч, Дай прайсці, дзе зоркі злятаюцца З лёсам — д'ябальскай віктарынаю...