Выбрать главу
Гуска-беларуска, Ліцвінка-чарацінка — У вачах дзічынка, У нагах чарцінка...
Вы куды схаваліся, Вы куды сплылі ўсе?.. ...Моўчкі ў шэрай далечы Цень ракі імгліўся...
І пятак збіты, За рубель нажыты,
З веліччу пыхлівай Ехаў, нібы з мліва,— Па дарозе пыльнай На сухой кабыле...
* * *
Дзеці сонца, вады і зямлі... Што мы ў спадчыну ваша ўзялі:
Цеплыню, каб усіх абагрэць? Глыбіню, каб душой не мялець?
Хлебадайнасць, каб шчодрымі быць І галодных усіх накарміць?..
Дзеці сонца, вады і зямлі... Вашы мы, а да вас ці дайшлі?..
* * *

Генадзю Бураўкіну

Адкуль прыводзіць сонечны заход Шчымлівых дум нястройныя чароды?.. Як быццам свет над прорвай стаў на дрот: Ці пройдзе, ці сарвецца назаўсёды?
Ніхто не знае — ні чарот сівы, Ні плёс з адбіткам аблачын чырвоных,— Адкуль у неба гэткія правы, Каб наш пагляд палоніць заімглёны?
Куды ляціш, маўклівы чалавек, За чым імкнешся? Сонца зноў узыдзе. — Я не за ім — я сам шляхі адсек І толькі на сябе за гэта ў крыўдзе.
Яшчэ крыўдую, можа, на зямлю:
Што так яна мяне прываражыла, Што так яе пакутна я люблю, Што так намёртва мне звязала крылы...
Як гэтай рэчцы не спазнаць намер, З якім яна плыве да акіяна,— Так з берагоў яе імкне цяпер Мой думны позірк, мной не разгаданы,
Да рысы той, дзе неба і зямля У полымі сыходзяцца вячэрнім... І смутак мой — бо гэта знаю я — Што ад зямлі не будзе адрачэння...
Гляджу на развітальную зару, Што лёс мой даляглядам перасекла, І не малюся — з небам гавару. А гэты міг — дастойны чалавека.
* * *
Над Беларуссю дажджы, Вецер заходне-паўночны. Жнівень сваё аджыў, А студзень — жыць неахвочы.
Асенняму сонцу не вер: То выблісне, то патухне,— Нібы ў эпохі намер: Быць плакальшчыцай ці павітухай?..
На раздарожжы стаіць Час, як бадзяга прамоклы. Над лёсам і сёл, i сталіц Аселі нябесныя кроквы.
Здаецца, вось-вось ападзе, Абваліцца дах сусветны,  Прыцісне і нас, людзей,  Як гэту зямлю і лета...
Над Беларуссю дажджы —  Хваліцца радыёхваля,  Як весткай, што Гандзі Раджыў  3 Артэгам разрадку віталі,
Як з Веліхавым інтэрв'ю  Пра ядзерных зім завіруху,  Як песняй, што ў модным рэвю  Пакуль яшчэ можна паслухаць...
Гарантый няма цяпер,  Гняце няпэўнасці высеў.  Асенняму сонцу не вер  І ў ногі вясне пакланіся...
* * *
Жыццю патрэбны Мефістофелі... Бародка-клін «а la kazjol», Капыт, прыглушаны пантофляю, І ў позірку — цяжкі падзол.
Такі партрэт. Амаль класічны. Ды гэта рэдкі антураж. А так, прызнацца, сімпатычны І звычны Мефістофель наш.
Касцюм з іголачкі і гальштук? Пасада ёсць і кабінет?..— Вы здагадаліся амаль што. Аднак і тут не ўвесь сакрэт.
А басанож? А ў джынсах фірменных? А той, з «авоськай» у руцэ 3 пустою пляшкаю кефірнаю, Знаток артыкулаў і цэн?
А той — атлет з крутымі персямі? А гэты — здохленькі, рабы? — Ці ён у штаце, ці на пенсіі — Хіба не варты д'яблам быць?
Жыццю патрэбны Мефістофелі. Іначай смерць, іначай тло. Тут знак не ў барадзе, не ў профілі: Сэнс — адмаўленне, корань — зло.
Калі нутро нячыстай сілай Гарыць, атрутнае, ці тлее, Які сардэчны ён i мілы — Нібыта друг на юбілеі.
Калі агнём звініць рэклама, Шыкуе ярмаркай эпохі, А за агнём — пустая крама,— Тут ён таксама, Мефістофель.