Выбрать главу
Калі пацееш ты ля ворыва, Дык ён пяклуецца ля варыва, За жонкаю тваёй з прытвораю Ляціць, як Дэман за Тамараю.
Калі радзее раць аратых — Дык гэта ён збірае кворум, Бюро пракату бюракратаў Зрабіўшы з кожнае канторы.
Калі ў палескую Арэсу Канал капаецца з Адэсы, Каб воды — іменем прагрэсу — Зноў да вытокаў перакінуць,— Не лайце ГЭСы i АЭСы, Бо Мефістофель тут павінны...
Калі Чайкоўскага камп'ютэрам Ты замяніць імкнешся глуха,— Знаць, з Мефістофелем пагутарыў: Ён наступіў табе на вуха.
Быў гончы, а цяпер во гоначны Завёўся бог з акладам цвёрдым: Спартыўны гонар наш баронячы, Б'е з Мефістофелем рэкорды...
Усюды ён: як стымулятар, Як дрожджы ў месіве гісторыі, Маэстра і артыст-аматар, Трыбун і першая апора.
Усюды: мецэнат, балельшчык, Маг і магістр філасофіі,— Усюды: ад сталіц да Лельчыц... Жыццю патрэбны Мефістофелі.
* * *
Час — без пачатку i канца... І што на вагах перацягне: Ці груз мінулага, дзе цар — Смяротны змрок, вякоў суцяга,
Ці ўяўнай будучыні свет, Якому без мяне збывацца?.. Ніхто,не ўзважыць... І сакрэт Нам не спяшае адкрывацца.
Адно — забылася даўно, Маўчыць знямела, глуха, пуста... Ці, можа, зноў ляціць яно
Да нас, як з люстра цень, насустрач?
Гняце другое небыццём За недаступным перавалам... Хто знае: можа, там змяцём Мы тло, каб зноў жыццё шугала?..
І, можа, мінус тут ёсць плюс, І пераставіць іх няцяжка: Уяўнай будучыні груз І цень мінулага бязважкі?..
Ці разбягаюцца яны, Ці самаедамі — па крузе — Імчаць?.. А ў цэнтры, як чаўны, Калыскі з вечнасцю ў хаўрусе.
І паміж іх, як хвалі ўсплёск, Адна знаёмая ўзлятае — Выпадак ці касмічны лёс? — Яна мая, Яна пустая.
Як знак пытання паміж зор Плач у бясконцасці згубіўся: Ці я даўным-даўно памёр, Ці я — яшчэ не нарадзіўся?..
* * *
Ты да мяне жывы прыйшоў у сне. Не проста так, самотны час прабавіць. Прыйшоў адтуль — адкрыць такое мне, Чаго не знае чалавецтва памяць. Чаго і з будучых вякоў не прынясе Ніхто... І я да тайны быў гатовы, Перад якой — нішто зямныя ўсе. І ўсе нябесныя. Ды не пачуў я слова... Не знаю, хто не даў табе сказаць. І хто мяне будзіў, я не пабачыў. Не дадзена жывому тое знаць,— I ты мяне пашкадаваў, няйначай.
І засталася тайна За той мяжой Нямым пытаннем: - Няўжо? Няўжо?..
* * *
Я хачу, каб народ мой мяне пачуў. Я не вечнасці, я не славы, Не бяссмерця сабе хачу,— Я не маю на гэта права.
Я хачу праз міраж даляглядаў шкляных З цьмянай мудрасцю сімвалістаў І праз гімн перфакарты наступнікаў ix Прабівацца крыніцай бруістай.
Я хачу, каб слова мае жыло, Каб яно праз вякі праляцела, Каб дзяржаве не ў сорам яно было, Каб не ў вокладках пыльных мярцвела.
Каб далёкі нашчадак мяне разумеў Без пасрэднікаў нудна-вучоных, Каб не выкапнем стылым мой сказ бранзавеў І не быў між дзівосаў пячорных.
Не хачу, каб гісторыя нас узяла У прыклад іншым страшнай цаною,— Я хачу, каб мова мая жыла І жывы мой народ размаўляў ca мною.
СЛАВЕНІЯ
Вёска невялікая Славені На зямлі, дзе Крупшчына мая,— А якія выраслі карэнні: За гарамі гор — Славені-я.
Без вучона-нудных канферэнцый Па-сяброўску мы гартаем час, І гавораць нам браты-славенцы: — Мы сюды прыйшлі адтуль — ад вас.
Там пачатак наш і наш пракорань, А вось тут радзіму набылі... Што вяло — бяда ці непакора?..— Памяць не згубілася ў быллі.
Развялі дарогі нас па свеце, Ды ў Славенях i ў Славеніі Вольны дух не згас у ліхалецці — Пушчай партызаяскаю звініць!
І нашчадкам Габсбургаў давалі Мы наказ агнём — на ўсе вякі, Каб выпадкам не пазабывалі: Мы — браты, не проста землякі.